Фігуркі на Каляды

Агата паставіла на авальны стол глыбокую талерку з залацістым абадком. У талерцы дрыжала вада і спрабавала зразумець, чаму ноччу яна апынулася ў невялічкім пакойчыку, напоўненым чароўным марывам і мяккім расталым святлом.

Варажба на воску. Фота Белсат

Варажба на воску. Фота Белсат

Яскравыя агеньчыкі бліснулі, ганарлівыя ёлачныя цацкі нават і не думалі глядзець у бок талеркі, а «дожджык», здавалася, зашамацеў яшчэ болей. Вітражныя адлюстраванні праз некалькі хвілін супакоіліся, і вада ўздыхнула.

Тым часам Агата запаліла блакітную свечку. Дзяўчынка села насупраць свечкі і талеркі, чакаючы, пакуль расплавіцца млявы воск. У сінім акне плавала адзінокае святло ад свечкі. Блакітныя слёзы павольна сцякалі.

Стрэлкі на гадзінніку амаль зліліся. Яны вырашылі перадыхнуць менавіта на дванаццаці. Агата рэзка нахіліла свечку, і вада схапіла цёплы, мяккаваты васкавы згустак.

Кх..кх… Што гэта? Злавіць гук! Кххх…. Дзе гэта? Агата аглядзела пакой і пайшла да сценкі, дзе хаваліся маленькія іконы і царкоўныя свечы. За шклом яна ўбачыла…


* * *

Яна варушылася, падскоквала. Дванаццаць месяцаў маўчалі. Толькі слухалі шэпт свечак і назіралі за Агатай. А між тым, унутры ўсё бурліла і вырывалася. Жыццё вырвалася з крохкага…


* * *

Цацку ў выглядзе доміка, якая так доўга чакала ўнутранага вызвалення, хацелася лашчыць поглядам. Раптам яна раскалолася. Узляцелі серабрыстыя іскры. Трэск нагадаў Агаце гук празрыста-блакітнай ільдзінкі. З цацкі даносіліся галасы і крык маленькага дзіцяці. Хто жыве ў доміку? Бурштынавае святло, што выпырхнула з ёлачнай цацкі, растварылася. Паўпразрыстыя сілуэты наліліся колерамі, і перад Агатай з’явілася сям’я: мужчына, жанчына і маленькія дзеткі. Яны радаваліся.

— Давай, Танішня, падымай шклянку!

— Ура! Ура! — запляскаў маленькімі ручкамі хлопчык. Ён схапіў цукерку, — паляцеў на стол бліскучы фанцік, быццам карнавальнае канфеці, — і падскочыў некалькі разоў.

Жанчына пацягнула частку фаршыраванай рыбы — парушыла парадак на вузкай талерцы, зачапіла кавалачак халадца, які задрыжэў і баяўся ўпасці, бо ўяўляў сябе каралём стала.

Мужчына скрывіўся ад «Маскоўскай» і прагна ўкусіў бутэрброд з адзінокімі шпротамі. Засталіся святкаваць толькі хвасты.

«Маскоўская» чакала, калі прагучыць якое-небудзь віншаванне, каб цалкам авалодаць мужчынам. Празрыстая вадкасць заўсёды дзейнічала па плане…

Генка, якому на той момант было чатыры гады, наскакаўся пад песні і пацягнуўся, каб не бачыла маці, яшчэ па адну карамельку. Тата задаволена жаваў вінегрэт і назіраў за малым. Позіркі хлопчыка і Валерыя сустрэліся ў той момант, калі зялёны лядзяш яшчэ не паспеў пазнаёміцца з языком. Мужчына падміргнуў малому, і той спакойна, нават з задавальненнем (бо маці ўсё ж такі не заўважыла — і гэта галоўнае) паклаў у рот празрысты лядзяш, які нагадаў хлопчыку прыгожую пацерку з узорамі.

Аднагадовая дзяўчынка супакоілася толькі пасля таго, як яе на рукі ўзяла маці. Яна слухала тэлевізар «Нёман» і назірала за тым, як рагаталі, пераліваліся ад смеху цукеркі «Сняжок», «Казка», «Вавёрка», «Цацкі», усмоктвалі святло мядовых лямпачак мандарыны, дрыжэў паўпразрысты халадзец, чакаў свайго часу пірог з карыцай і падазрона на «Маскоўскую» кідаў позіркам шкляны збан з кампотам, у якім вадзілі карагод яблычныя долькі.

Вядучыя тэлевізійнай праграмы яшчэ раз павіншавалі з 1969 годам.


* * *

— Нічога сабе! — парушыла цішыню Агата. — Дык, гэта ж мой дзядуля з бабуляй! Як я адразу не здагадалася!? Здаецца, я гляджу жывы фільм!

Дзяўчынка баялася дакрануцца да іх... Можа, яны спалохаюцца і пераўтворацца ў фігуркі?..


* * *

Насамрэч, гэта быў не фільм. І не батлейка. І не тэатральныя сцэнкі. І не перформанс. І нават не галаграма. І гэта не сон! Агата тэлефанавала мне дзесьці ў палове дванаццатай ночы і пачала віншаванне са слоў «Добры вечар! Шчодры вечар! Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! А людзей тут цераз край, хоць ты лыжкаю мяшай!..» Я сказала Агаце, што нікога ў мяне няма. Хлусня ўсё гэта.

Так, яна, безумоўна, любіць штосьці прыдумляць, любіць сюррэалізм, асабліва Жана Както, Дэвіда Лінча (о! з якімі эмоцыямі распавядала калісьці пра «Синий бархат») і Яна Шванкмаера… Дарэчы, я таксама ў захапленні ад Както і Шванкмаера… Але ўпэўнена ў тым, што тая ноч не была для яе сном і сюррэалістычнай гісторыяй. Я сказала «ўпэўнена»? Хм…


* * *

Агата ўспомніла, што яе чакае згустак з воску, які змерз і пакрыўдзіўся на дзяўчынку. Фігурка крыху паплавала і вырашыла прытуліцца да залацістага абадка. Што гэта можа быць?.. Фігурка падманвала Агату (а цень ад яе, здавалася, варушыўся і падазрона назіраў за дзяўчынкай). Бусел? Чайнік?.. Вада трымала васковае цела на паверхні, але яно нават і не думала ныраць. Т-а-а-ак… Няхай будзе бусел. Усё ж такі першы вобраз. Цікава, што ён азначае?.. Засвяціўся кампутар — ажывіліся квадратныя кнопкі. Хуценька станавіліся ў шэраг літары ў «Яндэксе». Агата спалохалася ад запытаў («Яндэкс», мабыць, таксама), калі ў радку з’явілася слова «гадание»: «Гадание онлайн», «Гадание да нет», «Гадание на отношение человека к тебе, что он думает обо мне». Адна спасылка, другая спасылка… Дзясяткі сайтаў — адно і тое ж. На ўсіх напісана, што бусел абазначае шчаслівае сямейнае жыццё! Вось яно як!

Але Агату чакала расколатая ёлачная цацка — дзяўчынка хутка перабегла да доміка, каб нічога не прапусціць.


* * *

Стол крыху скінуў вагу. Халадзец весела перавальваўся ў страўніках (ён уяўляў, як спускаецца з горкі і адразу трапляе на карусель (што ж, ягоная мара збылася!)), фаршыраваная рыба аддала ўсё, акрамя галавы, і ні аб чым не шкадавала, «Маскоўская» ганарліва паглядала на кампот. А на ўскрайку стала сабралася кампанія фанцікаў.

— Валер, можа, смажаную рыбу прынесці? — усхвалявана прагучалі словы Танішні.

— Не, не трэба. Я крыху бульбы з’ем ды хопіць.

Відэлец выбраў ахвяру — на талерцы ляжала абураная на жыццё бульба, цела якой раздваілася.

— Як добра, што мы тэлевізар купілі! — сказала Антаніна, і яе мяккі позірк дакрануўся да зеленавата-арэхавых вачэй мужа.

На сям’ю паглядалі жыццярадасныя фігуркі, якіх хацелася памацаць, але пальцы краналіся толькі плёнкі ды пузатай абалонкі — экрана. Валерый падрыхтаваўся да свята: набыў у краме каляровую плёнку і наклеіў яе, каб старэйшаму Генку было яшчэ цікавей назіраць за марыянеткамі. А хто імі кіруе? Няўжо ў гэтай каробцы жывуць людзі?.. Думкі малога, як кватаранты, пераходзілі ад аднаго суседа да другога. Але дарослыя баяліся пра гэта гаварыць, таму амаль штодзень, калі Антаніна была на працы, прыходзілі да Валерыя і разглядвалі каляровы экран, таемна шукаючы адказы.

Пакой сціснуў у абдымках вузкі ложак, калыску, невялічкі стол, елку з хлапушкамі, папяровымі ліхтарыкамі ды цукеркамі, кававую шафу, якая зачынялася на ключ. Са сцяны кожную раніцу распеўвалася шчакастае радыё, прыліп да бела-ружовых у маленькія палявыя кветкі шпалераў каляндар, які штомесяц паказваў малым язык. Блін з ляпнымі ўзорамі трымаў бэжава-белыя лямпы ў выглядзе каруселі. Некалькі разоў на дзень, калі дзверы давалі дазвол, халадзільнік «Мінск-2» зазіраў у пакой.

Валерый і Тоня патроху сцягвалі са стала агуркі, капусту, бульбу, а малы Гена — цукеркі. Каляровыя марыянеткі зацягнулі ў сваю казку ўсю сям’ю. Ніякіх размоваў не было. Толькі калі ў тэлевізійнай перадачы казалі «Віншуем!» — Валерый цягнуў гранёную шклянку да лямпаў і паўтараў за вядучымі. Антаніна падпявала і спрабавала разгледзець сукенкі ды хусткі выступоўцаў. Чатырохгадовы Генка скакаў каля елкі ды дражніў малую сястру.

Сям’я сядзела заварожаная. Яе захапілі тыя механічныя фігуркі, якія па сцэнарыю стваралі святочную атмасферу. У доміку, дзе свяцілі цеплынёй лямпачкі, абудзілася снежная цішыня. Здавалася, яна авалодала домікам. Прамаўлялі толькі каляровыя фігуркі. «Він…»

І тэлевізар патух.

— Што з ім? — напужалася Антаніна.

— Не ведаю. Зараз пагляджу.

Валерый пачаў круціць драты ды націскаць на кнопкі. Генка расчаравана паглядзеў на тэлевізар і сказаў, што свята скончылася. Ён надзьмуўся і сеў на мяккі пуфік. Алена не бачыла «маленькую трагедыю» — салодка заснула на руках у маці.

— Не хвалюйцеся. Зараз усё зраблю, — паабяцаў тата.

Але тэлевізар здаўся. Мо яму самому надакучылі ярка-фальшывыя марыянеткі?.. Валерый некалькі разоў абышоў яго, штосьці пакруціў, пастукаў, але нічога не адбылося.

— Ой, усё! Сядай, Валер. Трэба несці яго ў рамонт.

— Мам, а што мы будзем рабіць? Спаць? — скрозь слёзы спытаў Генка.

— Не. Можаш вершык расказаць ці песню праспяваць.

— Так! Давай, Генка! Усе мы заспяваем! — падхапіў ідэю жонкі Валерый і выцягнуў з самотнага кута залацістую трубу, на якой добра меў граць.

Гена паставіў пуфік насупраць ёлкі, ганарліва стаў на яго і заспяваў. Валерый падхапіў рытм, і труба прачнулася. Малінавыя вусны маленькай Алены нагадалі задаволены месяц. Цёплае шчасце апанавала Антаніну.


* * *

Як толькі на гадзінніку доўгая стрэлка спынілася на дванаццаці хвілінах першай начы, сценкі расколатай цацкі зліліся. Жоўтая лямпа заплюшчыла хітрае вока.

…Міргалі гірлянды, таемна пераліваўся дожджык. Пакой застыў у аксамітным святле ад ёлачных цацак.

А бусел з воску страпянуўся і…