Дарваліся да музыкі
Рух #MeToo адкрыў новы фронт: барацьбу з эстраднымі песнямі, якія, быццам, утрымліваюць сексісцкі падтэкст. Першай ахвярай феміністак стала вядомая калядная песня «Baby it’s cold outside».
Наўрад ці калядную атмасферу можна ўявіць без адпаведнага музычнага фону. У гэтыя дні па радыё і тэлебачанні гучаць песні, якія даўно выклікаюць асацыяцыю са святам. У амерыканскі канон калядных мелодый з 1940-х гадоў уваходзіць песня «Baby it’s cold outside», напісаная ў 1944-м кампазітарам Фрэнкам Лосерам. Песня вельмі хутка стала папулярнай, і нават у 1949 годзе атрымала спецыяльную прэмію ад музычнай акадэміі ЗША. Песню за гісторыю яе існавання спявалі такія славутыя выканаўцы, як Луі Армстранг, Фіцджэральд, Лэдзі Гага і г.д.
Песня «Baby it’s cold outside» прагучала ў фільме «Дачка Нептуна» (1949)
Аднак у гэтым годзе аматараў твору Лосера чакаў непрыемны сюрпрыз. Некаторыя радыёстанцыі выкраслілі «Baby it’s cold outside» з плэй-лісту, каб не выглядаць прыхільнікамі сексізму. Справа ў тым, што актывісткі #MeToo ўбачылі ў канцэпце і тэксце песні відавочныя адзнакі сексуальнага гвалту.
Увогуле песня — гэта дуэт, гутарка паміж двума людзьмі: гаспадаром дома (у партытуры ён называецца «Воўк») і госцяй (кампазітар назваў яе «Мыш»). Кожны радок песні ўтрымлівае заяву госці, за якой ідзе адказ гаспадара. Госця кажа, што павінна вярнуцца дадому з-за таго, што сям’я і суседзі могуць кепска пра яе падумаць, «Воўк», у сваю чаргу, просіць кабету застацца, бо «на вуліцы вельмі холадна».
Амаль 80 гадоў усе лічылі, што тая гутарка паміж мужчынам і кабетай — нейкі флірт, паколькі насамрэч Мыш хоча застацца ў Воўка. Таму ў анонсах гэтую песню называлі «гумарыстычнай». Аднак прыйшла эра #MeToo, і на твор пачалі глядзець інакш. Феміністкі пабачылі ў апісанай сцэне замах на згвалтаванне — ні больш, ні менш.
Пра гэта, маўляў, дакладна сведчыць рэпліка мужчыны, які ўгаворвае кабету выпіць віскі. «Гэта не флірт. Гэта агрэсія!» — піша адна з актывістак, заклікаючы жанчын атакаваць радыёстанцыі лістамі з патрабаваннем забараніць «Baby it’s cold outside». І сваю справу тыя петыцыі сапраўды зрабілі. Прынамсі, у Канадзе самая вялікая радыёстанцыя вырашыла не сварыцца з #MeToo.
На першы погляд, гісторыя падаецца камічнай. Аднак на самай справе яна выклікае мегаскандал. Буйныя музычныя карпарацыі, якія з’яўляюцца ўладальнікамі аўтарскіх правоў на вядомыя мелодыі, не на жарт спалохаліся. Што калі выпадак з «Baby it’s cold outside» — гэта толькі пачатак? А што калі #MeToo заўтра пачне патрабаваць забароны «The Rolling Stones», у творчасці якіх хапае песняў накшталт «Bitch» (анг.: сучка). Наступным будзе Элвіс Прэслі, які ў песні «Let’s Play House» абяцае забіць сяброўку, калі пабачыць яе з іншым хлопцам.
Згаданыя песні можна забараніць за прапаганду неталерантнага стаўлення да жанчын. Аднак у музычных творах ёсць і іншыя не менш крамольныя тэмы. Напрыклад, прапаганда расізму, якую лёгка можна пабачыць у песні «Brown Sugar», якую спявалі тыя ж «ролінгі».
А вось французскі часопіс пайшоў яшчэ далей. Яго супрацоўнікі склалі спіс твораў, якія па розных прычынах патэнцыйна могуць трапіць у індэкс забароненых. Напрыклад, сатырычны раман «Гарганцюа і Пантагруэль» пра двух веліканаў-абжор — здзек з тлустых людзей. Песня «Milord» — адна з візітовак Эдзіт Піяф — яўная апалогія прастытуцыі. Опера «Тарэадор» — прапаганда алкагалізму. У песні «Lucy In Tie Sky With Diamonds» з рэпертуару «The Beatles» можна пабачыць папулярызацыю наркотыку LSD. Луі дэ Фюнес і яго камедыю «Прыгоды равіна Якоба» можна смела судзіць за антысемітызм.
Як следства, на некаторых станцыях кінуліся ўважліва перачытваць тэкст песні Лосера, каб давесці, што гутарка там ідзе выключна аб рамантычным спатканні. «Гаворка пра жанчыну, якая шукае апраўданне, каб застацца. Таму яна вырашае выпіць трошкі алкаголю, каб атрымаць неабходны аргумент», — піша адзін з ды-джэяў. Яшчэ адзін папулярны прыём абараніць песню Лосера — спасылка на яе калядную афарбоўку. Маўляў, #MeToo сваімі дзеяннямі падрывае дух Калядаў, паколькі ў гэты час трэба думаць пра любоў, а не пра нянавісць нават на адрас кепскіх сексістаў.
Застаецца дачакацца, ці атрымае гісторыя працяг. Між тым, на некаторых заакіянскіх станцыях ужо рыхтуюцца да горшага і шукаюць схему, якая б дазволіла і феміністак задаволіць, і неталерантную песню пракруціць. Адзін з варыянтаў — перад выпускам песні ў эфір ды-джэі будуць выбачацца перад аўдыторыяй за тое, што твор месіць нейкія неталерантныя фішкі.