Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся ўнікальным кніжным помнікам XVII стагоддзя

Фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся кнігай Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» на нямецкай мове.



kazimier_siemianovi_stamp.jpg

Марка, прысвечаная Казіміру Семяновічу

Старадрук перададзены ў дар сумесным закрытым акцыянерным таварыствам «БелАВМ».
 

Да мінулага года ў сховішчах Беларусі не было ніводнага асобніка выданняў Казіміра Семяновіча XVII стагоддзя. У 2012 годзе фонд НББ папоўніўся двума першымі выданнямі трактата «Вялікае мастацтва артылерыі» на лацінскай і французскай мовах 1650 і 1651 гадоў. Вяртанне ў Беларусь гэтых кніг было ажыццёўлена пры спрыянні ААТ «БПБ-Ашчадбанк».
 

Сёлета дзякуючы спонсарскай падтрымцы СЗАТ «БелАВМ» да калекцыі дадалося трэцяе выданне кнігі на нямецкай мове. Манаграфія знакамітага беларускага даследчыка надрукавана ў Франкфурце-на-Майне ў 1676 годзе ў перакладзе Томаса Бэрэна з уступным словам капітана артылерыі Даніеля Эрліха.


 

Як сказала БелаПАН загадчык сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ Таццяна Захарава, апошняе выданне — надзвычай рэдкае, і важна, што з яго з`яўленнем фарміруецца цэласная калекцыя спадчыны Семяновіча. «Ёсць яшчэ выданне гэтай кнігі на англійскай мове, — дадала Захарава, — спадзяюся, што яно таксама хутка з`явіцца ў нас. Выстава запланавана да 21 чэрвеня, пасля чаго кнігі трапяць у наш фонд і будуць больш дакладна вывучаны даследчыкамі. Сёння ў Беларусі толькі пяць такіх асобнікаў».
 

«Фактычна мы ўзяліся за стварэнне калекцыі выданняў Казіміра Семяновіча, — пацвердзіў намеснік дырэктара НББ Алесь Суша. — Як вядома, яго кнігі выходзілі і перавыдаваліся ў розных краінах Еўропы, перакладаліся на розныя мовы. Цяпер мы маем тры першыя выданні, якія закрываюць XVII стагоддзе. У далейшым выдаваліся яго кнігі на англійскай, галандскай, польскай мовах».
 

Паводле слоў Алеся Сушы, ёсць ідэя перакласці гэтую кнігу на беларускую і рускую мовы, каб пашырыць кола чытачоў, не выключана і факсімільнае ўзнаўленне.
 

Ураджэнец беларускіх зямель Семяновіч лічыцца адным з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі. На працягу стагоддзяў яго трактат «Вялікае мастацтва артылерыі» з’яўляўся не толькі адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац, але і адным з найбольш запатрабаваных падручнікаў па артылерыі.

БелаПАН