Гайда, сябры, на кватэрнік!

Вось ужо праўду людзі кажуць: усё новае — добра забытае старое. Не паспела наша грамадства асэнсаваць з’яўленне новых «чорных спісаў» айчынных і замежных выканаўцаў і дзеячаў кіно і тэатра, як у нашым штодзённым культурным жыцці адрадзіліся з’явы з гісторыяй яшчэ ад часоў «перабудовы». Маю на ўвазе вяртанне ў айчынны культурны кантэкст канцэртнай формы «кватэрніка», які стаў рэакцыяй на гэтыя самыя «чорныя спісы».



eaa1da31f7991743d18dadcf5fd1336f.jpg


Менавіта ў пачатку 1990-х гадоў разам з лідарам гурта «Блізняты» Андрэем Івановым давялося паўдзельнічаць у маскоўскім кватэрніку, які праходзіў у пакоях вядомага расійскага музыканта А. Ліпніцкага з удзелам Сяргея Бугаёва (памятаеце «Афрыку» з кінастужкі «Асса»?) і эпатажнай Жаны Агузаравай.
Прайшлі гады, прыйшла новая эпоха, але на мінскі кватэрнік ХХІ стагоддзя я ішоў з хваляваннем і з вялікай цікаўнасцю. Тым больш, што яго галоўнай дзеючай асобай павінен быў стаць вядомы беларускі бард, якія цяпер жыве на эміграцыі ў ЗША, Сяржук Сокалаў-Воюш.
Трэба адзначыць, што правядзенне кватэрніка — не такая простая справа. Яна патрабуе выканання некаторых умоў і правілаў. Па-першае, кватэра павінна быць дастаткова ўмяшчальнай, каб усе, хто трапіў у яе, пачувалі сябе зручна і нязмушана. Па-другое, лепш, каб яна знаходзілася на апошнім паверсе дома, а падлога была засланая дабротнымі дыванамі. Для як мага больш шчыльнай гукаізаляцыі. Ну і, канешне, кватэрнік павінен завяршыцца не пазней 23 гадзін!
Гэтыя ўмовы арганізатарамі кватэрніка С. Сокалава-Воюша былі выкананы, і яго дзеянне распачалося традыцыйна — выкананнем знакамітага лірычнага гімна маладых адраджэнцаў ХХ стагоддзя — песняй «Аксамітны летні вечар». Усе прысутныя на канцэрце, а гэта каля 30 слухачоў (не лічачы з тузін маладзёнаў, якія гулялі з гаспадарскім катом і частаваліся марожаным і сокамі, што назапасіў для іх дзядзька Сяржук), заспявалі дарагую іх сэрцу мелодыю і незабыўныя словы:
Аксамітны летні вечар
ахінуў зямлю.
Я азёрную сінечу вуснамі лаўлю.
Моўчкі слухаю ў росах
песню салаўя.
Над маім лунае лёсам
Беларусь мая.

Далей Сяржук Сокалаў-Воюш распавёў, што правядзенне канцэрта-кватэрніка для яго не навіна. Такую форму і раней, і цяпер ён выпрабаваў у вельмі блізкім, амаль родным Наваполацку, у іншых гарадах краіны. Цяпер спявае для сталічных прыхільнікаў. А яшчэ гэты кватэрнік стаў нагодай для прадстаўлення новых песень і будучых альбомаў барда. Сяржук паведаміў, што ў яго на падыходзе новая кружэлка пад назвай «Граблі». Лейтматыў галоўнай песні альбома прыблізна такі: «Наступаць на граблі да поўнай перамогі!» Па словах аўтара, новая яго праца будзе спробай глянуць на праблемы беларусаў трошкі з боку, неяк адасоблена, але зацікаўлена і з гумарам.
Яшчэ адзін напрамак творчасці барда — пераклады на беларускую мову тэкстаў вядомых песень і рамансаў. Некаторыя з іх вельмі артыстычна і пранікнёна выканала спявачка Таццяна Матафонава. Гэта і знакаміты «Паланэз Агінскага» і «Свяціся, зорачка мая», якая з’яўляецца ні чым іншым, як рамансам «Свети, свети, моя звезда». У беларускім перакладзе Сокалава-Воюша гэтыя творы набылі новыя, незвычайна свежыя адценні і блізкую беларусам эмацыянальную глыбіню. Дарэчы, Таццяна Матафонава разам з сынам Адасём пад шчырыя апладысменты слухачоў выканала шэраг песень з ужо вядомага «Дзіцячага альбома».

Таццяна і Адась Матафонавы


Спрактыкаваны арганізатар канцэртаў-кватэрнікаў Сяржук Сокалаў-Воюш запрасіў да сябе ў госці шмат выканаўцаў, якія адрозніваюцца па музычных і паэтычных прыхільнасцях, працуюць на іншых стылістычных дзялянках. Адным з такіх гасцей стаў музыкант гурта «Стары Ольса», стваральнік гурта «Ceilidh Ceol» Алесь Чумакоў, удзельнікі якога выконваюць ірландскую, шатландскую і брэтонскую старажытную музыку па-беларуску. Асабліва захапіла ў выкананні А. Чумакова балада на ірландскую мелодыю «Рудніцкая пушча», героем якой стаў адзін з удзельнікаў паўстання 1863 года Л. Нарбут. Горача віталі слухачы лірычна-гераічныя ірландскія песні, якія, дзякуючы перакладам Алеся, сталі набыткам і беларускай музычнай культуры — балады «Аніколі болей», «Мяне ты клічаш, мая Радзіма», «За Радзіму, за герояў», «Стары слаўны час» на верш Роберта Бёрнса.
Ноту разнастайнасці ў хаду кватэрніка С. Сокалава-Воюша ўнёс малады бард Р. Яраш, які ў гэты вечар граў у дуэце з музыкантам гурта «Князь Мышкін» Віктарам Сямашкам. У незвычайнай манеры выканання — трошкі запаволена-астэнічнай — Раман прадставіў слухачам свае інтэрпрэтацыі паэзіі Караткевіча («Быў. Ёсць. Буду»), пераклады з Б. Грабеншчыкова. Прыцягнула ўвагу слухачоў і ўрбаністычная паэма на вершы В. Сямашкі «Мінскі метрапалітэн», якую выканалі Раман і Віктар.
У перамешку са спевамі Сяржук Сокалаў-Воюш распавёў пра сваё супрацоўніцтва з айчыннымі музыкантамі, з землякамі з Латвіі, знаёміў са сваімі перакладнымі творамі. Завяршалі кватэрнік такія знакамітыя песні мінулага часу, як «Журавы», «Зямлянка», «Ёсць толькі мах» («Есть только миг» Л. Дзербянёва і А. Зацэпіна). Таццяна Матафонава замацавала канцэртныя ўражанні выкананнем раманса з фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» ў беларускім перакладзе С. Сокалава-Воюша. Якраз у той момант, калі стрэлкі нашага гадзінніка набліжаліся да афіцыйна дазволеных 23.00.
Дзеці, нагуляўшыся, ужо ціхенька прыладкаваліся каля імправізаванай сцэны, адкуль спяваў дзядзька Сяржук. Гаспадарскі кот стаміўшыся ад мітусні, з высокай шафы ў паўвока назіраў за гасцямі. Сфатаграфаваўшыся на памяць, наведвальнікі кватэрніка ціха разыходзіліся. У добрым настроі ад сустрэчы са старымі сябрамі, ад дакранання да сапраўднага мастацтва. Мастацтва, якому не страшны аніякія «чорныя спісы».