Галоўная падзея Года веры — 400-годдзе набыцця Будслаўскага абраза Маці Божай
Галоўнай падзеяй наступнага года ў рыма-каталіцкай царкве на Беларусі — Года веры ў паўсюдным Каталіцкім касцёле — стане 400-годдзе набыцця абраза Маці Божай Будслаўскай.
Пра гэта заявіў 21 снежня ў Мінску на традыцыйнай сустрэчы з журналістамі перад святам Божага Нараджэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Паводле ягоных слоў, Год веры (11.10.2012–24.11.2013) абвясціў папа рымскі Бенедыкт XVI на XIII звычайным сінодзе біскупаў у Рыме (07–28.10.2012) з прычыны эпохі крызісу
веры, якую перажывае свет, прычым пантыфік заклікаў прысвяціць Год веры асаблівай малітве і высілкам з мэтай выйсці з гэтага крызісу.
Сярод акцый Году веры, каторы праводзіцца на Беларусі пад дэвізам “Марыя — маці нашай веры", арцыбіскуп назваў аднаўленне крыжоў і прыдарожных каплічак, каторыя
з’яўляюцца знакамі веры, святкаванні Дзён каталіцкай моладзі ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёну Мінскай вобласці падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія) з
удзелам беларускай дэлегацыі, перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях, больш уважлівую апеку над тымі, хто мае ў ёй патрэбу, а таксама пільную евангелізацыю і катэхізацыю.
У сваім пастырскім пасланні на Божае Нараджэнне мітрапаліт, між іншым, звярнуў увагу на тое, што “Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры. Таму ў яе святле
адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае свята. Нягледзячы на ўсё тое, што нам найбольш падабаецца ў свяце Божага Нараджэння, яно, тым не менш,
з’яўляецца рэальнасцю і павінна быць часткай нашага жыцця. Бо хрысціянства, як вучыць папа Бенедыкт XVI, — гэта не этычны выбар ці нейкая вялікая ідэя, але спатканне з Хрыстом, які
надае жыццю новую перспектыву. (…)
У цэнтры свята Божага Нараджэння знаходзіцца Немаўлятка Езус — уцелаўлёны Сын Божы, — і ўсё павінна канцэнтравацца вакол Яго. Сутнасць Божага Нараджэння ў тым, што Бог прыйшоў у
гэты свет у вобразе чалавека і перамяніў духоўную цемру ў святло Евангелля. Праз гэтае свята падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме (Віфлееме), павінна стаць рэальнасцю ў
нашых сэрцах і заставацца там, каб праз веру ў таямніцу ўцелаўлення Бога сфармаваць новы погляд на жыццё. (…)
Праз сваё ўцелаўленне Бог прамовіў да чалавека найбольш прыгожымі словамі: “Я люблю цябе, люблю гэты свет, люблю ўсё чалавецтва!" Гэтая любоў патрабуе адказу з боку чалавека. Пры
гэтым Бог нікога не змушае гэтага чыніць. Бог дае чалавеку магчымасць сказаць “так" ці “не".
Дзякуючы ўваходу Бога ў жыццё чалавека гэты свет змяніўся і працягвае змяняцца, бо ў ім ёсць прысутны ў чалавечым вобразе Бог, які не дазваляе, каб нашыя цяжкасці былі большымі, чым Яго, і дае сілы
іх перамагчы. Гэтым самым Ён пацвярджае, што ноч гэтага свету скончылася і настаў доўгачаканы дзень.
На жаль, нашыя сэрцы не заўсёды хочуць прызнаць гэты факт. У выніку чаго раніца Божага Нараджэння не світае ў нашым жыцці. Імкненне ж да грахоўных задавальненняў з’яўляецца толькі
пацвярджэннем неразумення неабходнасці прысутнасці Божага Нараджэння ў нашым жыцці. (…)
Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Самай вялікай трагедыяй будзе тое, калі ў мітусні сучаснага свету мы не ўбачым нованароджанага Збаўцу і не
дазволім Яму ўвайсці да нас, каб нас перамяніць. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца і імкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглі ў Немаўляці, якое знаходзіцца ў яслях, убачыць бязмежнага
Бога, які ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет, каб сваёй прысутнасцю яго змяніць. Тады мы вернемся да нашых дамоў з узмоцненай верай і з радасцю праслаўляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі.
Цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, якая ў народзе лічыцца апякункай Беларусі, — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў краіны. Гэты абраз, каранаваны папскімі каронамі
ў 1998 годзе, знаходзіцца ў касцёле ўзнясення найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну Мінскай вобласці.