Ганконгскіх лагапедаў прысудзілі да 19 месяцаў зняволення за кнігі

Выяўленыя ў кнігах карыкатуры з авечкамі і ваўкамі прызнаныя «антыўрадавымі».

«Крамольныя» кнігі. Фота: «Associated Press»

«Крамольныя» кнігі. Фота: «Associated Press»

У суботу суд Ганконга прысудзіў пецярых лагапедаў амаль да двух гадоў турэмнага зняволення за іх ролю ў публікацыі дзіцячых кніг, прызнаных крамольнымі, паведамляе агенцтва «Associated Press».
Санкцыі з'яўляюцца апошняй прыкметай жорсткай лініі Кітая ў дачыненні да свабоды слова і любых прыкмет палітычнай апазіцыі ў горадзе пасля антыўрадавых пратэстаў 2019 года.
Пекін адрэагаваў на шматмесячныя дэманстрацыі, увёўшы радыкальны «Закон аб нацыянальнай бяспецы», пасля чаго пачаліся рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў, многія з якіх або ў турмах, або вымушаныя былі шукаць прытулку за мяжой.


Пяцёра абвінавачаных ужо знаходзяцца ў турме больш за год. Яны не прызналі сябе вінаватымі, але былі асуджаныя за падбухторванне да паўстання за тое, што надрукавалі серыю дзіцячых кніг аб авечках і ваўках, якія, на думку суда, былі накіраваны на распальванне нянавісці да ўладаў.
Нядаўна таксама быў арыштаваны Ронсан Чан, старшыня «Асацыяцыі журналістаў Ганконга», за тое, што ён нібыта адмовіўся даць пасведчанне асобы, калі рабіў рэпартаж пра нерухомасць у Ганконгу.
Суддзя акруговага суда Ганконга Квок Вай Кін заявіў, што абвінавачаныя павінны быць пакараныя «не праз публікацыі або словы, а праз рызыку нанесці шкоду розумам дзяцей», — маўляў, апублікаваныя лагапедамі дзіцячыя кнігі «пасеялі насенне нестабільнасці», паведамляе агенцтва «Reuters».
«Тое, што абвінавачаныя зрабілі з дзецьмі ва ўзросце ад 4 гадоў і больш, на самай справе было практыкаваннем па прамыванні мазгоў з мэтай прымусіць дзяцей прыняць іх погляды і каштоўнасці», — сказаў Квок.
Цэнзура — адзін з дзейсных інструментаў рэпрэсій, якім не грэбуюць і беларускія ўлады. Нагадаем, акрамя блакавання незалежных СМІ, у Беларусі таксама забараняюць кнігі.


Так, «экстрэмісцкімі» прызнаныя кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, а таксама вядомы раман Альгерда Бахарэвіча. А нядаўна стала вядома, што на «экстрэмізм» правяраюць кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.