Новы ўровень цэнзуры: Культурнае жыццё Беларусі бярэцца пад татальны кантроль

Стала зразумела, што фактычна ўзаконьваецца мастацкай цэнзура. Нават бясплатныя акцыі трэба ўзгадняць. Ці ўваходзіць, скажам, школьны баль у лік культурна-відовішчных мерапрыемстваў?

У Беларусі змяніўся Кодэкс аб культуры — новая версія з папраўкамі, якія падпісаў днямі Лукашэнка, набудзе сілу з 2023 года. Поўны тэкст дакумента пакуль не апублікаваны, але раней Мінкультуры паведамляла, што змены ўнесеныя ў 109 з 257 артыкулаў.

Сярод зменаў, пра якія ўжо дакладна вядома: на ўсе культурна-відовішчныя мерапрыемствы, акрамя асабістых святаў (вяселлі, юбілеі) арганізатарам давядзецца атрымліваць дазвол у Мінкульце, які складзе адмысловы рэестр; экскурсіі ў музеях змогуць праводзіць толькі іх супрацоўнікі; дзяржаўныя ўстановы атрымаюць прыярытэт на набыццё любых культурных каштоўнасцяў, якія ўласнік вырашыць прадаць.

Таксама анансаваныя новыя нормы для бібліятэчнай, музейнай, рамеснай дзейнасці, народнай творчасці, кінематаграфіі.

Канешне, і ранейшы Кодэкс аб культуры РБ таксама не спрыяў яе развіццю. Але цяпер, відаць, зарэгуляванасць культурнай галіны і цэнзура ўсё больш узаконьваюцца.

Пра тое, да чаго гэта прывядзе, «Филин» пагутарыў з Сяргеем Будкіным, кіраўніком Беларускай Рады к*льтуры (нядаўна ўлады прызналі арганізацыю, яе сайт і сацсеткі «экстрэмісцкім фарміраваннем» — Ф.).

— Папярэдні, ён жа першы Кодэкс аб культуры быў прыняты ў 2016-м. Тады ідэолагі сцвярджалі, што дакумент «не мае аналагаў на постсавецкай прасторы», а таксама «працягвае традыцыі статута Вялікага княства Літоўскага, напісаны на беларускай мове». Насамрэч наколькі ён уплываў на развіццё беларускай культуры?

— У станоўчым сэнсе абсалютна ніяк не ўплываў. Я асабіста, паколькі працаваў у сферы арганізацыі культурна-відовішчных прадпрыемствах, не толькі не адчуў нейкую палёгку, але і стала зразумела, што фактычна ўзаконьваецца мастацкай цэнзура.

Там якраз вялася гаворка пра стварэнне «мастацкіх камісій», якія легалізавалі нявыдачу гастрольных пасведчанняў фактычна з палітычных прычын. Тады нават быў суд, калі нам адмовілі ў адным з канцэртаў.

Але натуральна, што на той час галоўным было жаданне, каб дзяржава прынамсі не перашкаджала артыстам і арганізатарам рабіць сваю справу і ладзіць культурнае жыццё так, як яны паміж сабой вырашаць.

У арганізацыі культурных імпрэз, зазначае Сяргей Будкін, павінны быць усяго тры гульцы: пляцоўка, артыст і арганізатар. Дзяржавы на гэтым узроўні быць не павінна, але яна хоча прысутнічаць і кантраляваць працэс на ўсіх узроўнях, з-за чаго і ўзнікае шэраг праблем.

— Мы пакуль не ведаем падрабязнасцяў аб новым Кодэксе — але нават тое, што бачым, аптымізму не дадае. Па сутнасці, гэта далейшае ўзмацненне рэпрэсій?

— Я рыхтаваў сябе, што змены не будуць на карысць беларускай культуры, культурнаму жыццю ў Беларусі. Але паспрабаваў прачытаць іншымі вачыма інфармацыю, якая прайшла афіцыйна, — і можна парадавацца хаця б таму, што без узгаднення магчыма праводзіць вяселлі, імяніны і юбілеі. Гэта прыемная навіна, праўда, карціць дадаць — пакуль што, і тое не факт.

Бо што ўваходзіць у паняцце культурна-відовішчных мерапрыемстваў? Толькі тыя імпрэзы, якія праходзяць па квітках? Не, таму што нават бясплатныя акцыі трэба ўзгадняць. Ці ўваходзіць, скажам, школьны баль у лік культурна-відовішчных мерапрыемстваў?

А вяселле, калі яно мае на мэце атрыманне прыбытку — на выкуп нявесты, напрыклад? Тады атрымліваецца, што і вяселлі трэба ўзгадняць, — з сумнай іроніяй гаворыць суразмоўца. — На самай справе культурнае жыццё Беларусі бярэцца пад татальны кантроль. І так сітуацыя была даволі жорсткая для арганізатараў раней, але, наколькі я тое ўбачыў, з’явіцца яшчэ адзін узровень.

Нават да ўступлення ў сілу зменаў, тлумачыць Сяргей Будкін, беларускім дзеячам культуры трэба прайсці тры колы цэнзуры: уласную (для арганізатараў гэта выбар артыста ці падзеі, для творцы — тэма выказвання), потым цэнзуру дырэкцыі пляцоўкі (паколькі для галерэі, канцэртнай залі, іншых установаў ёсць рызыка быць закрытымі ці пазбавіцца нейкіх прэмій, калі імпрэза будзе «ненадзейнай» з пункту гледжання ідэалогіі), і, нарэшце, ідэалагічнае ўзгадненне з мясцовымі ўладамі і «мастацкай камісіі».

— Цяпер атрымліваецца, што пад лупай будуць вывучаць саму асобу арганізатара, ягоны бэкграўнд, сканаваць, відавочна, ягоныя сеткі і думкі адносна бягучай сітуацыі. І толькі абраныя асобы, якія пройдуць праверку і будуць уключаныя ў рэестр, атрымаюць права прайсці названыя тры колы цэнзурнага пекла.

— Натуральна, гэта не аблягчае, а толькі заціскае і робіць фактычна немагчымым культурнае жыццё ў Беларусі, арганізацыю імпрэзаў, бізнес у гэтай сферы (скажам, удакладненне наконт экскурсаводаў фактычна робіць немагчымым існаванне такой спецыяльнасці, як «свабодны экскурсавод»).

Даводзіцца канстатаваць, што межаў для кантролю няма. І сапраўды далей могуць пайсці ўзгадненні імянінаў і вяселляў, тастоў на іх — трэба будзе падаць ва ўпраўленне культуры сцэнар вяселля, якія прамовы і вершы прагучаць.

Гэта не смешна, таму што тое, што мы чытаем у гэтым законе, падаецца абсалютна абсурдным з пункту гледжання заканадаўства, напрыклад, Польшчы ці Літвы.

І так людзі нам не верылі, калі чулі, што канцэрт у клубе трэба ўзгадняць з чыноўнікам з мясцовых уладаў — настолькі тое неверагодна гучыць для еўрапейскіх гарадоў, дзе ў адзін дзень адбываецца неверагодная колькасць імпрэз, і ўводзіць сюды яшчэ нейкую дадатковую камісію, разгляд і паперамаранне падаецца дзікім для ўсіх бакоў, і артыстаў, і пляцовак, і саміх чыноўнікаў.

— У 2020-м годзе людзі культуры выказаліся аднымі з першых, і таксама аднымі з першых трапілі пад рэпрэсіі, якія не спыняюцца дагэтуль. І што далей — прыйдзем да выхалашчанай культуры ў тэлевізары, «Славянскага базару», выстаў пра генацыд і ўхваленага ўладамі крэатыву ад «Беларусьфільма»?

— Мы ўжо даўно жывем, па сутнасці, пад інфармацыйным расійскім прэсам, і сітуацыя ўскладняецца з кожным днём. Зараз, калі я гартаю афішу падзеяў у Беларусі, яна нічым не адрозніваецца ад афішы, скажам, у Сімферопалі, на акупаваных тэрыторыях ці Расіі.

Зараз мы фактычна знаходзімся ў расійскай культурнай прасторы. Тое, што нешта ўсё адно адбываецца падпольна ці робіцца ў стол — выдатна, але пакуль прыйшлі такія часы, што іх трэба проста перажыць.

Гэтаму і прысвечаная цяперашняя дзейнасць Рады культуры — не падставіць і захаваць той рэсурс, які ёсць у Беларусі, непублічна падтрымаць і заахвоціць гэтых людзей да творчасці , дапамагчы па меры сіл і магчымасцяў застацца ў прафесіі, ці хаця б «замарозіцца», ператрываць; і разам з тым — моцна і гучна крычаць пра важнасць беларускай культуры на ўвесь свет, падтрымліваць адкрыта і публічна тыя праекты, што рухаюць яе па-за межамі Беларусі.

Дні беларускай культуры, міжнародныя кампаніі, кропкавая падтрымка праектаў — акурат гэтую стратэгію мы наладжваем зараз, і ўжо ёсць шмат напрацовак на гэты конт. Што дазваляе сцвярджаць: яны не вынішчаныя — ні беларуская культура, ні беларуская мова, якія спрабуюць ліквідаваць ужо колькі стагоддзяў, але яны жывучыя.

Думаю, што цяжкі час праміне, а нам галоўнае мець паразуменне наконт агульных дзеянняў і паважаць адзін аднаго.

 Паводле «Салідарнасці»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: