Гарачыя танцы і дзівосныя інструменты: якія сюрпрызы рыхтуюць удзельнікі «Каляднага Фэста 2019»

25 снежня ў мінскім клубе Re:Public адбудзецца галоўная штогадовая падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі — святочны «Калядны Фэст». Традыцыйна на сцэне выступяць выбітныя калектывы і выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі.

kaza_1.jpg


Знаёмімся з удзельнікамі «Каляднага Фэста 2019» і даведваемся, якія сюрпрызы яны падрыхтавалі наведвальнікам дванаццатай па ліку, гучнай зімовай імпрэзы беларускай музычнай фолк-культуры!
СТАРЫ ОЛЬСА

Гурт «Стары Ольса» адзначае 20-годдзе. Кіраўнік гурта Зміцер Сасноўcкi перад снежаньскім канцэртам адчувае неўсвядомленасць такой даты, бо нават праз 20 гадоў удзельнікі засталіся такімі ж маладымі і захоўваюць моцнае жаданне адраджаць. З цягам часу яны ставяцца да роднай гісторыі з яшчэ большым патрыятызмам.

 Гурт — пастаянны ўдзельнік "Каляднага Фэста". Не губляць цікавасць да выступаў дапамагае унікальнасць свята, што аб’ядноўвае беларусаў з рознымі светапоглядамі, каштоўнасцямі, рэлігіямі. Свята, праз якое людзі генетычна адчуваюць стварэнне новага свету, прыроды.

Зміцер і музыкі гурта не здольныя вызначыць дакладна сваю публіку, таму і ладзяць два канцэрты — сядзячы і клубны, — кожны з якіх мае сваіх аматараў. На сольным канцэрце госці пачулі музыку, якая патрабуе ўдумлівасці, на клубным прагучыць шмат застольных песен. Гурт абяцае стварыць весялосць!

Дарэчы, «Калядны Фэст 2019» унікальны тым, што пять гадзін гуку будуць прысвечаны менавіта гурту «Стары Ольса». «Стары Ольса і сябры» — так жартаўліва Зміцер назваў снежаньскае шоу.
ДУЭТ А. ЧУМАКОЎ І Т. ЯЧНАЯ

Алесь Чумакоў — адзін з удзельнікаў гурта «Стары Ольса». У складзе калектыва ён будзе дарыць усім святочны настрой і дзяліцца цікавымі гісторыямі, якіх за 20 гадоў, безумоўна, набралося шмат. Прыхільнікаў чакае жывы і класны канцэрт! Але гэта не ўсё: Алесь Чумакоў рыхтуе невялікі выступ пад гуслі менавіта з каляднымі песнямі. І не адзін, а ў дуэце са спявачкай Таццянай Ячнай!

Госці «Каляднага Фэста» пачуюць некалькі папулярных еўрапейскіх калядных песен, перакладзеных на беларускую мову паэтамі. «Калі гук не падвядзе, усё будзе цудоўна!» — кажа рашуча настроены Алесь.
Кася Радзівілава і гурт «Рарог»


raroh_2.jpg


Кася Радзівілава да 2005 года ўваходзіла ў склад гурта «Стары Ольса».

У 2003 годзе яна стварыла ўласны калектыў «Рарог», назва якога паходзіць ад цудоўнай птушкі. «Рарог» з’яўляецца лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Калектыў нават удзельнічаў у запісу фільма для ЮНЭСКА, і, калі фармальныя моманты будуць хутка вырашаны, гурт можна будзе неўзабаве пабачыць на тэлеэкране.

Існуюць два склады, якія пастаянна змяняюцца, — малодшы і дарослы. Удзельнікі гурта граюць традыцыйны фальклор. На «Калядным Фэсце» госці пачуюць старэйшы склад. Звычайна гэта хлопцы 12-14 гадоў, але, магчыма, да іх далучыцца дзяўчынка. Стварыць пэўную атмасферу ім дапаможа дуда, жалейка, скрыпка, бубны. Не шмат дзяцей у нашай краіне граюць на такіх спецыфічных інстументах, таму будзе вельмі цікава! «Важна, калі чалавек вырастае і ведае свае традыцыі,» — з гонарам распавядае аб выхаванні дзяцей кіраўнік гурта «Рарог» Кася.
Дуэт шатландскіх дудаў "PiobROCK"

Як гэта — выступаць у складзе адзінага калектыва Беларусі, які грае на традыцыйных шатландскіх дудах? Няпроста: інструменты тэхнічна складаныя, а каб выконваць кампазіцыі ў традыцыйнай манеры на добрым узроўні, трэба доўга вучыцца. Часта на выступах "PiobROCK" прысутнічаюць замежнікі — прадстаўнікі шатландскай культуры. Менавіта яны потым нярэдка запрашаюць выступіць. Гэта патрабуе пэўных намаганняў.

На «Калядным Фэсце» гурт не будзе здраджваць традыцыям і «запіліць» стары добры рок: гасцям абяцаюць каверы і магчымасць пачуць знаёмыя мелодыі. Будзе весела і горача!
Trollwald
Яшчэ некалькі гадоў таму Андрэй Апановіч таксама ўваходзіў у склад калектыва «Стары Ольса», але зараз ён рыхтуе выступ з уласным гуртом Trollwald. На фэсце гурт здзівіць новымі песнямі, якія яшчэ ніхто не чуў. Таксама ўдзельнікі абяцаюць пастарацца арганізаваць сюрпрыз з запрошаным музыкай. Невялікі спойлер: будзе гучаць песня, якую Андрэй Апановіч і Руслан Ільін (былы ўдзельнік гуртоў «Znich», «Soulsides») напісалі сумесна!

На думку Андрэя, «Калядны Фэст» дае шмат магчымасцяў яго ўдзельнікам: маладыя выканаўцы ўпершыню зайграюць на вялікай сцэне, а больш сталыя гурты змогуць правесці свята разам са сваімі прыхільнікамі і парадаваць іх новымі цікавосткамі.
Этна-праект Патрыцыі Свіцінай


patrycyja.jpg


Этна-праект Патрыцыі Свіцінай не так даўно стаў пераможцам у конкурсе маладых калектываў. Складанае спаборніцтва было не толькі з маладымі выканаўцамі, але і з ужо вядомымі гуртамі, такімі як, напрыклад, «Адарвірог». Патрыцыя з дзяцінства марыла выступіць на «Калядным Фэсце». І ёй пашчасціла: такая магчымасць, нарэшце, з’явілася. Да «Каляднага Фэста 2019» Патрыцыя са сваім этна-пректам рыхтуе спецыяльную калядную праграму. «Мы хочам паказаць яе так, каб яна была канкурэнтназдольная выступаць з тымі гуртамі, якія таксама будуць удзельнічаць у святочным канцэрце». Падаецца, яны прыемна здзівяць публіку!

«Калядны Фэст — гэта магчымасць сабрацца перед святамі: Новы год, Каляды. Такіх масавых марапрыемстваў няшмат, а прасоўваць народную культуру важна», — лічыць Патрыцыя.
Фламея

flameja.jpg


«Фламея» — калектыў гістарычнага танца. На «Калядным Фэсце» ўдзельнікі гэтага калектыва адказваюць за настрой і рыхтуюць танцавальныя рухі, якія яны вывучаць разам з гасцямі шоу. «Калядны Фэст», на погляд гурта, — важнае мерапрыемства, бо моладзь павінна шанаваць сваю культуру. І менавіта на фэсце ў іх ёсць магчымасць даведацца, як забаўляліся нашыя продкі, пранікнуцца станоўчай атмасферай і нават паўдзельнічаць у свяце, якое ў 2019 годзе прысвечана гурту «Стары Ольса».

«Ганаруся тым, што ў нашай краіне ёсць такія таленавітыя людзі, якія змаглі ўвасобіць свае задумкі. Яны даюць магчымасць сучаснаму чалавеку ўбачыць і пачуць інструменты мінулых стагоддзяў. І ў іх гэта выдатна атрымліваецца! Не першы год маем справу з гэтым гуртом, і магу сказаць, што гэта не толькі таленавітыя артысты, але і выдатныя людзі! Я жадаю ім далейшага росквіту!», — павіншавала «Старога Ольсу» з 20-годдзем Марына Агурцова, кіраўнік калектыва «Фламея».

Але гэта не адзіны калектыў гістарычнага танца, які выступіць на «Калядным Фэсце 2019».
1410

1410.jpg


На «Калядным Фэсце» госці мерапрыемства пабачаць цудоўны калектыў гістарычнага танца «1410». Яго ўдзельнікі пазнаёмяць усіх прысутных на шоу з «трэшам і чадам» сярэднявечнага і беларускага народнага танца — найважнейшай і, на жаль, амаль страчанай часткай культуры Беларусі. У рамках сваіх выступаў калектыў дапаможа жадаючым адкрыць для сябе новае, а таксама прачуць і палюбіць танцы нашых продкаў.
Дударскі клуб


dudarski_klub.jpg


«Я дудар і арганізатар вечарынаў Дударскага клуба!» — з гонарам кажа Антон Бельскі.

«Дударскі клуб» — творчае нефармальнае аб’яднанне беларускіх майстроў, якія робяць дуды, музыкаў, якія на іх граюць, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца гэтым інструментам. «Дударскі клуб» заснавалі ў 2007 годзе. У межах аб’яднання адбываюцца вечарыны, дзе кожны можа паўдзельнічаць у традыцыйных танцах і гульнях. У 2019-2020 гадах ладзіцца 10-ты, юбілейны сезон вечарынаў.

На «Калядным Фэсце» ўдзельнікі клуба зайграюць як традыцыйныя, так і сярэднявечныя мелодыі. У рамках выступа для ўсіх прысутных будуць арганізаваны танцавальныя майстар-класы, каб госці свята маглі не толькі паслухаць добрую музыку, але і патанцаваць.

«Гурт "Стары Ольса" добра вядомы на айчыннай сцэне, годна рэпрэзентуе музычную спадчыну ў Беларусі і ў свеце. Ужо не першае пакаленне расце на музыцы гэтага калектыва. Дзякуючы гурту многія дазнаюцца і пра беларускую дуду. Вельмі важны той факт, што Зміцер Сасноўскі з'яўляецца адным з заснавальнікаў «Дударскага клуба» і актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі вечарынаў і выступаў у першыя гады існавання гэтага аб’яднання. Ён ініцыяваў выданне альманаха "Dudar", які пабачыў свет у канцы 2011 года. Зміцер робіць вялікі ўнёсак у адраджэнне і папулярызацыю дуды», — адзначае Бельскі.

Таксама ён дзеліцца цікавым фактам: «Адзін дудар (сталы ўдзельнік нашых вечарынаў) упершыню патрапіў на «Калядны Фэст» у 2013 годзе, дзе на свае вушы пачуў выступ "Старога Ольсы". Яго так захапіла музыка, у прыватнасці гучанне дуды, што ён замовіў сабе гэты інструмент ды пачаў вучыцца граць, падбіраючы кампазіцыі з рэпертуара "Старога Ольсы". Цяпер ён сам выступае на вечарынах і нават вырабляе дуды!»

kaljadny_fest_internet__1_.jpg