Гісторыя Беларусі паводле Алеся Мары (фота)

Па творах выбітнага беларускага мастака і дзеяча нацыянальнага Адраджэння Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) нашыя нашчадкі будуць вывучаць найноўшую гісторыю Беларусі.

arm_20_logo.jpg

Да такой высновы прыходзіш пасля знаёмства з экспазіцыяй творцы «Армагедон», прымеркаванай да 80-годдзя Алеся Мары — заснавальніка, старшыні і сябры суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.
Днямі з сябрамі завіталі на выставу, каб павіншаваць майстра і паслухаць ягоны расповяд пра экспазіцыю. Фермер Уладзімір Матусевіч падараваў Алесю Мары вялізны букет бел-чырвона-белых кветак, што усталяваў каля адной з знакавых працаў мастака — карціны «Вільня. 22 лістапада 2019 году», прысвечанай пахаванню ў сталіцы Літвы сапраўднага бацькі беларускай нацыі Кастуся Каліноўскага. Гэтае палатно — своеасаблівы дакумент эпохі, бо на ім — выявы ўдзельнікаў вялікай падзеі. Сярод іх — сам мастак, даследчык спадчыны Каліноўскага гісторык Сяргей Абламейка і лідар суполкі беларускіх габрэяў у горадзе Ашдод (Ізраіль) Барыс Давід Балтэ з бел-блакітна-белым сцягам сваёй краіны.

arm_21_logo.jpg


Звернем увагу на шэраг працаў мастака, што ілюструюць яго асабістую біяграфію і мінулае Бацькаўшчыны XX — XXI стагоддзяў.
У гэтай самотнай хаце вёскі Папоўшчына (пазней Нова Слабада) на Чэрыкаўшчыне 3 сакавіка 1940 года ў Хадоры і Антося Марачкіных нарадзіўся сынок Лёксік (у дзяцінстве Ляксейка, у самастойным жыцці Аляксей), якім праз гады будзе ганарыцца Беларусь.

Самотная хата

Самотная хата

І хоць на гэтым месцы зараз пустэча, упэўнены, што ў вольнай. незалежнай і квітучай Бацькаўшчыне месца народзінаў Алеся Мары ўдзячныя беларусы абавязкова ўшануюць мемарыялам. У ім будзе адзначаны вялікі ўнёсак творцы-патрыёта ў айчынную гістарычна-культурную спадчыну.
А вось партрэт жонкі мастака Ірыны, створаны адразу пасля яе сыходу ў лепшы свет.

Ірына. 2013

Ірына. 2013

Аляксей Антонавіч намаляваў сваю паплечніцу ў травастоі з палявой краскай у руцэ. Жанчына — сярод любых ёю стракоз, якіх шкадавала і заўжды прасіла мужа, каб пры касьбе не параніў гэтых прыгожых, лагодных і вельмі прыязных да чалавека істотаў…А за дрэвамі, што на краю лугу, хуткаплынная звілістая рачулка Мнюта, на стромкім завароце якой — утульныя Барсукі з нешматлікімі старымі і добра дагледжанымі сядзібамі. Адсюль пайшла ў жыццё спадарыня Ірына, у яе бацькоўскай хаце мастак сустракае сваіх нашчадкаў і сяброў. Калі-небудзь наведайце і вы, шаноўныя чытачы, гэтую надзвычай прывабную вёсачку на Глыбоччыне, дзе сям’я мастака аднавіла закінутыя студню і лазню, дзе патыхае старасветчынай і спакоем, дзе вольна дыхаецца, ахвотна працуецца і добра думаецца…
Гэты маляваны дыван пэндзля класіка нацыянальнага выяўленчага мастацтва Язэпа Драздовіча датуецца 1939-м годам і быў знойдзены напрыканцы 1980-х пад час вандроўкі па слядох знакамітага майстры ў закінутым хутары каля вёскі Чарневічы на Глыбоччыне.

Маляваны дыван. Язэп Драздовіч. 1939. Рэстаўрацыя Алеся Мары

Маляваны дыван. Язэп Драздовіч. 1939. Рэстаўрацыя Алеся Мары

 Як узгадвае спадар Алесь, разам з сынам Ігарам і нявесткай Ірынай яны, здавалася б, уважліва і не раз агледзелі цёмную камору на хутары. «І ўсё марна. Раптам Ірынка з пылу, павуціння і цемры старой каморы выцягвае маляваны дыван з добра захаванай манаграмай Язэпа Драздовіча… Гэта быў цуд! Праўда, давялося аднаўляць гэтую працу майстра, як і іншыя ягоныя маляваныя дываны, што мы знайшлі пазней. Такім чынам, была сабраная вялікія калекцыя насценнікаў Язэпа Драздовіча, што сёння ўпрыгожваюць зборы шэрагу беларускіх музеяў», — зазначыў Алесь Мара.
Захапленне хараством маляваных дываноў паўплывала на ягоную творчасць. І Аляксей Антонавіч працягнуў традыцыю свайго духоўнага настаўніка ў гэтай галіне народна-ужытковага мастацтва. А адданасць дзядзькі Язэпа Бацькаўшчыне і беларускай справе моцна паўплывала на фармаванне прафесійных і грамадзянскіх якасцяў Алеся Мары. Дарэчы, на магіле свайго папярэдніка ў вёсцы Ліпляны на Глыбоччыне на свае сродкі спадар Алесь усталяваў стэлу з барэльефнай выявай слыннага майстра. У цэнтры ж Мінску на беразе Свіслачы з ініцыятывы Аляксея Антонавіча з’явіўся помнік Язэпу Драздовічу (скульптар Ігар Голубеў).


Карціна «Смаленне чорнага вепрука» напісана Алесем Марай напярэдадні 100-годдзя з дня народзінаў Уладзіміра Леніна пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (сённяшняя Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Сюжэт і колеры гэтага твору адлюстроўваюць нуду і безнадзёгу брэжнеўскага застою. І калі ў Міністэрстве адукацыі БССР рэктара інстытуту, народнага мастака Беларусі Івана Ахрэмчыка спыталі пра сэнс гэтай працы ягонага любага вучня, прафесар на поўным сур’ёзе адказаў: «А што тут дзіўнага, што Ленін сала ня еў?».  

Смаленне чорнага вепрука. 1969

Смаленне чорнага вепрука. 1969

У інстытуце рэктар ушчучваў маладога мастака: «Ну, што, Марачкін, выключыць цябе з інстытуту ці даць падвышаную стыпендыю?». На што студэнт жартаўліва адказаў: «Ай, Іван Восіпавіч, мне ўжо ўсё аднолькава. Давайце падвышаную!». Тым і скончылася гэтая неверагодная дла канца 1960-х гадоў гісторыя…Дарэчы, гумар не раз ратаваў нашага героя ў самых складаных і, здавалася б, бязвыходных сітуацыях.
У экспазіцыі — партрэт-прысвячэнне аднакурсніку па вучобе на аддзяленні жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, айчыннаму мастаку з трагічным лёсам Анатолю Сухану. Ён пісаў толькі для сябе, не ўваходзіў у Беларускі саюз мастакоў, папаў пад машыну, страціў зрок і загінуў у сваім палаючым доме. Алесь Мара напісаў свайго апантанага Бацькаўшчынай сябру з ягоным апошнім творам — бел-чырвона-белым сцягам, які Анатоль Сухан намаляваў на фанеры і прымацаваў на сцяне сваёй хаты. Дарэчы, гэты твор цудам ацалеў на пажары і цяпер знаходзіцца ў асабістым зборы Аляксея Марачкіна.

 Памяці мастака Анатоля Сухана. 2016

 Памяці мастака Анатоля Сухана. 2016

Сярод яго графічных працаў варта звярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы выбітнага айчыннага паэта Уладзіміра Някляева «Вавукі». У цыкле з 12 аркушаў, які Алесь Мара завершыў напярэдадні адкрыцця выставы, —развагі мастака і паэта пра каханне і жыццё, дадзеныя нам Богам.

 Ілюстрацыі да паэмы Уладзіміра Някляева «Вавукі». 2020

Назва выставы (Армагедон — месца каля гары Мегіда і аднайменнага старазапаветнага гораду ў Святой Зямлі, дзе згодна Бібліі павінна адбыцца апошняя бойка сілаў Дабра і Зла ў канцы часоў) адлюстроўвае актыўную грамадзянскую пазіцыю мастака, пра якую ён смела і паслядоўна заяўляе ўсёй сваёй творчасцю. Алесь Мара заўжды рэагуе на вострыя сацыяльна-палітычныя праблемы беларускага грамадства. Пра гэта сведчыць шэраг яго палотнаў, у тым ліку «Расейская частушка» (2000), «Плошча Кастуся Каліноўскага» (2007), «Запавет святога Яна Паўла II» (2019), «Сённяшнія Курапаты» (2019) і «Армагедон» (2020) — прысвячэнне цяперашняй Рэвалюцыі годнасці. Менавіта гэтыя актуальныя творы, напоўненыя глыбокай трывогай за лёс Бацькаўшчыны, выклікаюць вялікую цікавасць грамадства.


Выстава, дзе экспануецца больш за 100 жывапісных і графічных працаў Алеся Мары, будзе працаваць да 17 верасня штодня (апроч панядзелка) з 11:00 да 19:00.