«Да сустрэчы на сцэне!» Купалаўцам прысвячаецца

Да 27 верасня падоўжана праца выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь «Да сустрэчы на сцэне!», прымеркаваная да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дадзены музейны праект арганізаваны сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

kupalauski_1.jpg


Выстава «Да сустрэчы на сцэне!» прымеркавана да адной з важнейшых дат у гісторыі беларускай культуры ХХ стагоддзя – стогадоваму юбілею заснавання старэйшага тэатра Беларусі. Яна асвятляе працэс станаўлення і развіцця Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы як важнага элемента беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатральнага мастацтва. Сёння Купалаўскі тэатр з’яўляецца адным з некалькіх у Беларусі тэатраў, арыентаваных у першую чаргу на нацыянальную драматургію: «Салавей» (рэж. Леанід Рахленка і Леў Літвінаў), «Лявоніха на арбіце» (рэж. Барыс Эрын), «Радавыя» (рэж. Валерый Раеўскі) і інш.
Ідэя праекта ў тым, каб распавесці не што такое тэатр у цэлым (кожны мае свой адказ на гэта пытанне), але пра яго закуліссе. Тэатр – гэта складанасастаўны механізм, у якім ёсць драматургі, касцюмеры, рэжысёры, мастакі, акторы… Пра што гэтыя людзі думаюць, што ім блізка? Аб гэтым і будзе праект «Да сустрэчы на сцэне!».
Тэатральнае жыццё поўнае яркіх падзей. Праца над новымі спектаклямі, рэпетыцыі, гастролі… Усё гэта, як пацеркі, нанізваецца на нітку жыцця і складае гісторыю кожнага канкрэтнага тэатра. Таксама можна сказаць і пра Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Яго існаванне непарыўна звязана з жыццём Беларусі ў цэлым, са складанымі і неадназначнымі падзеямі ў гісторыі нашай краіны на працягу ХХ стагоддзя.
Дадзены праект – гэта не проста храналогія і сухі пералік фактаў, а спроба адлюстравання гісторыі нацыянальнага беларускага тэатра праз прызму жыцця людзей, сярод якіх такія асобы, як Францішак Аляхновіч, Фларыян Ждановіч, Леў Літвінаў, Барыс Платонаў і іншыя. Асвятляюцца падзеі не толькі мірнага жыцця, але і дзейнасці тэатра ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны: жыццё купалаўцаў у эвакуацыі ў Томску і праца франтавых брыгад.
Спецыяльна для праекта былі створаны коміксы і графічныя калажы, у якіх праз мастацкія вобразы паказаны сюжэты тэатральнага жыцця. Госці музея змогуць пабачыць малавядомыя фотаздымкі і дакументы, звязаныя з жыццём тэатра і яго трупы.
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
г. Мінск, вул. К. Маркса, 12,
штодня з 11.00 да 19.00,
тэл.: 327 48 22, 327 43 22