Гуляй і перамагай: у Мінску распачаўся буйны кіберспартовы турнір (фота)
З 13 па 17 студзеня ў «Мінск-арэне» праходзіць фінальная частка «SL i-League StarSeries Minsk» — міжнароднага турніру па дысцыплінах «CS:GO» і «Dota 2». Агульны прызавы фонд склаў звыш 500 тысяч долараў. Паводле інфармацыі білетных аператараў, усе квіткі на фінальную стадыю спаборніцтва раскупленыя.
Арганізатарамі турніру выступілі кітайская кампанія «ImbaTV» і ўкраінская кіберспартовая пляцоўка «StarLadder». У спаборніцтве прымаюць удзел 12 камандаў — мацнейшыя калектывы з ЗША, Еўропы і Дальняга Усходу.
Цікавы факт: самая прыбытковая кіберспартовая дысцыпліна — «Dota 2». Гульня ўжо абышла такія віды спорту, як гольф (максімальны прызавы фонд 10 мільёнаў долараў), баскетбол і хакей (па 13 мільёнаў). Прызавы фонд буйнейшага турніру склаў 18 мільёнаў долараў ЗША. З іх каманда-пераможца — а гэта пяць гульцоў — атрымала шэсць з паловай мільёнаў. Такія ганарары саступаюць толькі футболу: пераможца Лігі чэмпіёнаў УЕФА атрымлівае каля 50 мільёнаў, але ў футбольнай камандзе выступае мінімум 20 гульцоў.
Кіберспорт па падтрымцы трыбунаў мала чым адрозніваецца ад хакею
Правіла гульні адносна простыя: прымаюць удзел дзве каманды па пяць чалавек, кожны гулец выбірае персанажа з больш чым сотні магчымых унікальных герояў. Каб перамагчы, трэба дабрацца да базы суперніка і знішчыць трон. Але, падобна шахматам, у гульні можна ўжыць дзясяткі камбінацый і стратэгій, якія залежаць ад выбраных герояў, а таксама прафесіяналізму гульцоў. Таму кожны матч праходзіць вельмі цікава і непаўторна. Прафесійныя матчы збіраюць перад экранамі манітораў сотні тысяч гледачоў.
Гульню паказвалі на 2 вялікіх экранах
Сёння адбылася гульня паміж амерыканскай камандай — чэмпіёнамі свету «Evil Geniuses» ("Злыя геніі") і расійскай камандай «Vega» — апошняя каманда з прасторы СНД на турніры (усяго было 4). У адрозненні ад групавога раўнду, у плэй-оф каманды гуляюць да 2 перамог. На трыбунах прыхільнікаў «Vega» аказалася значнай больш, але некаторыя падтрымлівалі амерыканцаў. Першы двубой прайшоў цалкам на хвалі чэмпіёнаў свету. «Evil Geniuses» лёгка, кажучы жаргонам геймераў, «раскаталі» расіян, якія заселі ў абароне.
"Evil Geniuses" — пераможца сустрэчы і фаварыт турніру
Другі ж матч прайшоў больш роўна, і нават зацягнуўся амаль на 50 хвілін, што па мерках дысцыпліны даволі доўга. Расійская пяцёрка зладжана і значна асцярожней правяла матч, беручы гульню на сябе: граматныя абарона, каманднае нападзенне. З-за гэтага бой зацягнуўся, але амаль «бессмяротныя» амерыканцы даціснулі суперніка і ў гэтым матчы. Фінал турніру адбудзецца ўвечары 17 студзеня.
Першыя айчынныя кіберспартовыя турніры праводзіліся ў кампутарных клубах у канцы дзевяностых — пачатку нулявых гадоў. Тады збіраліся аматары «Quake», «Starcraft», «Warcraft» літаральна за ўзнагароду ў месячны абанемент, а калі пашанцуе, то можна было атрымаць кампутар ці камплектуючыя да яго. Прычым даволі часта такія спаборніцтвы суправаджаліся тэхнічнымі праблемамі і «вылетамі» сервераў. Цяпер жа самы багаты беларускі кіберспартовец, дваццацігадовы Арцём Баршчак, падзяліў са сваёй камандай 1,2 мільёна долараў па апошнім чэмпіянаце свету па «Dota 2».
Калі лічыць, што буйныя турніры па «Dota 2» праводзяцца толькі 5 гадоў і прызавыя фонды растуць у геаметрычнай прагрэсіі, з кожным годам буйнейшыя чэмпіянаты збіраюць мільёны гледачоў, то варта лічыць гэтую дысцыпліну вельмі перспектыўнай. Кожны ахвочы можа ўсталяваць гульню на свой кампутар, засвоіць правілы, сабраць каманду і ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах. У выхаванні гульцоў не патрэбны арэны, снарады, умовы надвор’я, вялікае фінансаванне — і таму кіберспорт варта развіваць у Беларусі.