Гурт Re1ikt прэзентаваў новыя песні на Пешаходцы (фота, відэа)

Падчас дармовага канцэрта на мінскай «Пешаходцы» 8 верасня гурт Re1ikt прэзентаваў кампазіцыі з двух новых альбомаў. Гэта інтэрпрэтацыі беларускай і амерыканскай народных песень.

zahadnaja_2018_09_08_relikt_a._ljaszkevicz_007_logo.jpg

Нягледзячы на шэраг імпрэз, што адбываліся паралельна ў межах Дня горада, канцэрт Re1ikt сабраў поўны Карэтны дворык прыхільнікаў гурта. Гучалі старыя хіты, пад якія публіка актыўна падпявала. Таксама былі прэзентаваныя дзве новыя песні — акустычная версія амерыканскай народнай “The Wayfaring Stranger” і інтэрпрэтацыя беларускай народнай песні з працоўнай назвай “Татачка”.



Пачатак амерыканскай песні Re1ikt выканаў па-ангельску, а частку – у перакладзе на беларускую. Праз тое, што песня народная, існуе мноства варыянтаў яе слоў. Больш-менш кананічная версія гучыць прыкладна так:

I'm just a poor wayfaring stranger

A traveler through this world of woe

But there's no sickness, toil nor danger

In that fair land to which I go

I'm going there to see my father

I'm going there no more to roam

I am just going over Jordan

I am just going over home

I know dark clouds will gather round me

I know my way is rough and steep

But beau-teous fields lie just before me

Where God's redeemed their vigils keep

I'm going home to see my mother

She said she'd meet me when I come

I'm only going over Jordan

I'm only going over home

I'm just a going over home

Твор вельмі папулярны сярод амерыканскіх музыкаў, яго шмат разоў інтэрпрэтавалі. Як распавёў бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка, “The Wayfaring Stranger” увойдзе ў новы альбом гурта разам з акустычнымі версіямі старых песень. Музыкі спадзяюцца прэзентаваць гэты альбом ужо ў канцы 2018 года.


Песня “Татачка” — гэта інтэрпрэтацыя беларускай народнай песні з вёскі Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Песенны стыль выканаўцаў, гурта “Палескія напевы”, унесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Арыгінал можна паслухаць тут у раздзеле “Аўдыёфіксацыя”. Яго запісала даследчыца Ірына Мазюк ад жыхаркі Новага Палесся Аляксандры Аляксееўны Бялоцкай 1938 года нараджэння. Песню выконвалі ад імя маладой падчас традыцыйнага вяселля, у момант прыезду сватоў:

Таточко мой родненькій,

Прыснівся сон дзівненькій,

Шо с суботы да на недзелю,

Шо соколы на двор налецелі,

Всей шоўк разруўнелі.

– Ох, дзіцятко мое родненьке,

Шчэ ты малы розум маеш,

Свойго сну не розгадаеш.

Шо соколы – то сваты твое,

Чорны шовк – коскі твое,

А Іванко – слёзкі твое.

Птушкі ў народнай карціне свету выступаюць як вестуны пераменаў, пазначаюць пераход, змену статусу: з незамужняга стану маладой у замужні, змену сезонаў (“прыносяць” вясну; “забіраюць” з сабой лета, адлятаючы ўвосень). “Чорныя косы” – устойлівае спалучэнне слоў, што пазначае адзін з аспектаў дзявочага хараства. Змена фрызуры маладой была абавязковай часткай традыцыйнага вяселля: замужняя жанчына ўжо не мела права з’яўляцца на людзях з непакрытай галавой, як незамужняя дзяўчына, павінна была хаваць валасы пад галаўны ўбор. Таму “чоўны шоўк” праз асацыяцыю з “чорнымі косамі” – метафара вяселля. Лічылася, што маладая, ад’язджаючы з роднай хаты да мужа, павінна абвязкова заплакаць.



Здавалася б, вяселле – даволі радасная падзея, але дзяўчыну чакала жыццё ў чужой сям’і, дзе яна цалкам залежала ад волі старэйшых сваякоў і не мела амаль ніякіх правоў. Адсюль “Іванко – слёзкі твое”. Да таго ж плач меў рытуальную ролю, павіны быў спрыяць паспяховаму завяршэнню пераходу маладой у новы статус.


Песня “Татачка” ўвойдзе ў альбом гурта Re1ikt з цалкам новым матэрыялам. Як распавёў Аляксандр Дземідзенка, ён будзе прэзентаваны на пачатку 2019-га.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч