Гурт Re1ikt запрашае на гарбату

Гурт Re1ikt прэзентуе фірмовую крафтавую гарбату «Рэліктавы лес» і запрашае ўсіх ахвотных на дэгустацыю пад свой акустычны выступ у кавярні «Грай» 18 сакавіка а 19.00.

28942133_1651661924903592_1488444162_o_logo.jpg


Гарбата была выпушчанная разам з віленскай мануфактурай Pi і Mar. «Рэліктавы лес» створаны на аснове чорнай гарбаты з дадаткам яблыка, ядлоўцу, дзікай ліпы, чабору, лісця брусніцаў, пупышак хвоі. Апошнія надаюць напою асабліва незвычайны смак, «адчуваецца сіла дрэваў», як кажуць музыкі. Гарбата выходзіць у продаж разам з дадатковым накладам альбома «Лекавыя травы» і з’яўляецца яго лагічным працягам. «Поспех альбома навёў нас на думку ўвасобіць у фізічнай форме тое, што, уласна, натхніла на яго стварэнне — збор беларускіх зёлак», — кажа лідар і бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка.

2018_03_13_relikt_a.ljaszkevicz_10_logo.jpg


«Лекавыя травы» выйшлі ў 2015-м, дыскі распрадаліся за год. Падавалася б, у век інтэрнэту ўсе слухаюць музыку он-лайн, каму патрэбныя плыты? Але людзі купляюць іх, у якасці сувеніра з канцэрта і проста так. Вязуць як падарункі сябрам за мяжу і трымаюць у хатніх калекцыях... Траўніца Зоня Ігнатаўна Рудзько з вёскі Рачэнь пад Любанню, выяўленная на вокладцы дыска, нядаўна памерла. Фота непастановачнае: перад тым бабулю прасілі сесці так і гэтак, узяць у рукі галінку, павярнуцца... А падчас перапынку ў фотасесіі, што рабіў у яе на двары Андрэй Дубінін, Зоня Ігнатаўна проста распавядала пра зёлкі, як іх правільна запарваць і спажываць.

2018_03_13_relikt_a.ljaszkevicz_9_logo.jpg


Re1ikt зняў ролік з рэкламай гарбаты, неўзабаве ён выйдзе. Яшчэ музыкі працуюць над акустычнай складанкай песень з альбомаў розных гадоў. Акустыка была запісаная не на студыі, а на закінутым хутары пад Браславам. «Па тых мясцінах праходзіў ледавік, сапраўдныя рэліктавыя тэрыторыі — кажуць музыкі. — На хутары няма нават электрычнасці, мы паставілі там абсталяванне, генератар і запісалі песні. Рэліктавыя тэрыторыі сапраўды пракраліся ў гук, гэта можна будзе пачуць». Яшчэ ідзе праца над матэрыялам для новага альбома: зроблена інструментальная частка і дэма некалькіх песень.

2018_03_13_relikt_a.ljaszkevicz_5_logo.jpg

zahadnaja_2018_03_13_relikt_a.ljaszkevicz_7_logo.jpg


Гарбату «Рэліктавы лес» у пакунках можна будзе набыць у шэрагу мінскіх крам (месцы пакуль удакладняюцца). Таксама яна ўвойдзе ў меню кавярні «Грай». Музыкі Re1ikt раяць каштаваць напой менавіта ў «Граі», у прыгожых атмасферных інтэр’ерах. Ці дома, слухаючы альбом «Лекавыя травы».

afisza_18_logo.jpg


Адкрытая дэгустацыя гарбаты «Рэліктавы лес» і акустычны канцэрт Re1ikt пройдуць у кавярні «Грай» (г. Мінск, вул. Iнтэрнацыянальная, 33) 18 сакавіка ў 19.00. 
Фота аўтаркі