Яблык, з якога ўсё і пачалося: Генадзь Чысты прадставіў свае работы ў Мінску (фота)
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 28 жніўня адкрылася выстава беларускага мастака Генадзя Чыстага «Яблычны рай».

На двары жнівень, зусім нядаўна адзначаўся яблычны спас. У Беларусі шануюць гэту садавіну за ўменне не згінацца пад ветрам, вытрымліваць вясновыя халады ў пару квітнення і за вялікі, духмяны, сакавіты ўраджай. А Генадзь Чысты лічыць, што «яблык – вечны, што з яго ўсё і пачалося на гэтым свеце».

Генадзь Чысты
На адкрыццё завіталі некалькі дзясяткаў чалавек. Са словамі вітання выступілі супрацоўнікі музея. Таксама для наведвальнікаў некалькі песень зайграла Алеся Сівохіна. Сам мастак праявіў сціпласць і персанальна нічога не прамовіў, і толькі ў канцы мерапрыемтва, у адмысловай віктарыне разыграў сваю карціну.


У выставачным праекце «Яблычны рай» мастак раскрываецца як таленавіты жывапісец. Чысты працуе ў розных жанрах – партрэт, нацюрморт, пейзаж, у розных тэхніках – акварэль, пастэль. Ёсць у мастака любімы галоўны «герой» – гэта той самы яблык: на дрэве і ў кошыку, на стале і на траве, побач з кветкамі ці жбанкамі…
Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1947 годзе, скончыў Мінскую мастацкую вучэльню ў 1968 годзе. Цяпер майстар – вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і сябра Беларускага саюза мастакоў. Чысты стварыў экспазіцыі Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча «Кушляны», Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Дома-музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, музея-запаведніка Янкі Купалы «Вязынка», а таксама ў мемарыяльным Доме-музеі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі і ў музеі паэта «Фальварак Ракуцёўшчына». Мастак ажыццявіў больш за сто выставачных праектаў.