Як беларусы ставіліся да сексу?

Чым насамрэч займаецца Купалінка ў самую легкадумную летнюю ноч? Што каваль куе ўначы, не паліўшы свячы? І чаму кума адмаўляецца ад агурка, які прапануе ёй кум, і пры гэтым просіць «не псаваць яе жываточка»? Не толькі ў двухсэнсоўных прыпеўках, але ў розных формах фальклору беларусы маглі гаварыць пра інтымныя адносіны.

6_11_kopiya___kopiya.jpg


Толькі ўсё тут схавана за вобразамі, сімваламі, пра якія, аднак, нашы продкі добра ведалі. Дзяўчаты разумелі, якія прапановы робіць хлопец, калі просіць напаіць каня або разуць, абуць маладзіцу, і пры дапамозе якіх дзеясловаў расказваецца пра ўзаемадзенне пары (калоць, каваць, шыць, ірваць), які мужчынскі орган параўноўваецца з таўкачом (шылам), а жаночы — са ступаю (хамутом, дзяжой). Ці не сведчанне гэта таго, што нашы продкі былі неабыякавыя да тэмы сексу?
І хоць даўней грамадства і спрабавала рэгуляваць інтымныя адносіны (чаго вартыя праверкі нявест у першую шлюбную ноч), стрымаць палкі тэмперамент не заўсёды ўдавалася. Невыпадкова ў беларусаў былі выпрацаваны пакаранні для дзяўчат, якія да вяселля не захавалі цнатлівасць.
Далікатная тэма не раз трапляла і ў поле зроку даследчыкаў.
«Каб дзеўка любіла хлопца ці хлопец — дзеўку, то трэба даць, сцёршы ў пыл, з'есці ці выпіць той бярозавы лісток з веніка, што прыстане ў лазні к азадку пасля таго, як ужэ чалавек абдасца вадою. Як гэта зрабіць, то так пакахае, так прыстане, бы той ліст».«Каб у дзевачкі-падшпарка хутчэй выраслі грудкі, з-за якіх любяць і за якія нібыта ненарокам хапаюцца, то іх трэба націраць хлапецкаю шапкаю. Дзевачкі-падшпаркі, каб хутчэй раслі грудкі, прыкладваюць к ім сляпых шчанят».«Калі ў дзевачкі-падшпарка вельмі хутка растуць грудкі, то жанкі кажуць, што з яе не будзе добрае жонкі, што яна будзе вельмі падкая да мужчын, а затым хутка састарыцца, як грыб».
Гэтыя запісы зрабіў этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Але інфармацыю, якая датычыцца ўзаемаадносін паміж поламі, можна знайсці і ў іншых даследчыкаў.
«Ранняе развіццё ў дзяўчынкі адных толькі грудзей гаворыць пра дзве акалічнасці: а) што маці зачала такую дачку па-за шлюбам; б) што такая дачка не захавае дзявоцтва да шлюбу». Гэта ўжо запісаў Нікіфароўскі.«Нявеста лічыцца спелаю, калі яе каса дарасла да пояса. Калі грудзі, вушы ці нос у нявесты мяккія — яна страціла цнатлівасць», — знаходзім у Раманава.
Калі пакапацца ў запісах этнографаў, мы можам знайсці падказкі, як вызначыць палкіх асоб (напрыклад, улюблівымі і гарачымі маглі быць людзі з крывымі зубамі). Жанчыны ведалі, што рабіць, каб падабацца супрацьлегламу полу. У модзе былі пышныя формы, і таму дзяўчатам раілі: каб такія займець, трэба тройчы скубнуць цеста з лапаты, калі садзяць хлеб у печ.
Часта самі бацькі клапаціліся пра будучы поспех свайго дзіцяці на эратычнай ніве. Не проста так нованароджаных дзяўчынак загортвалі ў мужчынскую кашулю, хлопчыкаў — у жаночую. І абразанне пупавіны роўна на два пальцы звязвалі з будучымі інтымнымі паводзінамі дзіцяці.
Дзяўчаты ведалі, што рабіць, каб хутчэй выйсці замуж (напрыклад, сесці на месца нявесты), і чаго пазбягаць, каб не застацца адной (не садзіцца на калоду, не кідаць смецце цераз парог).
Ведалі на вёсках і спосабы, як паўздзейнічаць на супрацьлеглы пол. Адны раілі насіць галаву ястраба (гэтая птушка — сімвал палкасці і адвагі) на жываце, — маўляў, «тады ўсе будуць любіць». Другія падказвалі дзяўчыне тры разы на маладзік ударыць абранага хлопца сарванай галінкай, на якой сядзеў салавей. Трэція раілі сабраць сем кропляў поту і цішком даць іх выпіць хлопцу, які падабаецца, — маўляў, пасля гэтага так кахаць будзе, што і жыцця свайго не пашкадуе.
Ды і народны каляндар быў складзены так, каб у маладых людзей не было праблем з пошукам сваіх палавінак: яны маглі сыходзіцца падчас розных святаў, гульняў, рытуалаў, якіх было багата. Але не трэба думаць, што нашы продкі былі заклапочаны толькі працягам роду. Інтымныя зносіны ў першую шлюбную ноч «забяспечвалі» дабрабыт і працвітанне гаспадаркі. Чалавечыя паводзіны выдатна пераносіліся на сельскагаспадарчыя справы. Так, спараджальныя функцыі зямлі звязвалі з жаночым пачаткам, таму гаспадыні так многа завіхаліся на агародзе, прычым часта пры пасадцы яны маглі распранацца, распускаць валасы. Тое ж і з мужчынамі: гаспадара запрашалі на грады з агуркамі, лічылася, добра будзе, калі ён паскача там голым, маўляў, агуркі будуць расці вялікія.
Гарачымі былі не толькі сялянкі. На старых карцінах можна ўбачыць сур'ёзных дам, замураваных у строгія, закрытыя ўборы. Але што рабілася насамрэч, калі жанчыны не пазіравалі мастаку? Глыбокія дэкальтэ, палкія позіркі і інтрыжкі — гэтым жыў высокі свет у часы Вялікага Княства Літоўскага. Захаваліся і дакументы, якія сведчаць пра гэта.

Гісторыі з ложка


Пра тое, што секс на Беларусі быў у любыя часы, можна пачытаць і ў новым даследаванні «У ложку з беларусам» Анастасіі Зелянковай. І ў часы інтэрнэту, калі любая інфармацыя даступна, тэма сексу застаецца цікавая. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што грошы на выданне кніжкі пра эратычныя традыцыі беларусаў былі сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Але, тым не менш, ніякай «клубнічкі» ў гэтай кніжцы няма. У ёй вы пачытаеце пра традыцыі, быт, норавы, звязаныя з узаемаадносінамі мужчын і жанчын. У кніжцы 196 прамых спасылак на крыніцы, каля ста зносак, якія распавядаюць пра пэўныя гістарычныя факты. Ды і, як прызнаецца сама аўтарка, яна хацела ў тым ліку звярнуць увагу і на гісторыю краіны. Прыспеў час разбіваць стэрэатыпы пра наш народ — быццам ён увесь час сумуе, ходзіць за плугам, спявае пра долю-нядолю. Не такі ўжо ён быў няшчасны і забіты! Нашы продкі былі агонь і ў сексе мелі поспехі не горшыя за іншых.
— У 2008 годзе я пазнаёмілася з кніжкай беларускай даследчыцы Таццяны Валодзінай «Беларускі эратычны фальклор». Уразіла, што вучоныя сцвярджалі: беларускі фальклор у параўнанні з украінскім ці рускім найбольш эратычны, — дзялілася аўтарка падчас прэзентацыі кнігі. — Нават калі не мець на ўвазе ўсё тое, што прыбралі цэнзары з тэкстаў. У самых звычайных песнях, многія з якіх сёння спяваюць нашы народныя калектывы, гаворыцца «пра гэта». Тая ж песня, дзе Ясь просіць напаіць каня, як прыклад. Я так уразілася, як продкі ўсё сумелі схаваць, што мне захацелася даведацца больш. Сустрэлася з даследчыкам шляхецкай культуры, пасля ўзялася за іншыя перыяды. І назбіралася багата розных фактаў. Напрыклад, на тэрыторыі дарэвалюцыйнай Беларусі публічныя дамы былі легалізаваныя. У пачатку ХХ стагоддзя ў жанчын была магчымасць замовіць сабе секс-цацку з Еўропы, нават урачы прапісвалі эратычны масаж для лячэння жаночай «сцярвознасці». У цэнтры Мінска круцілі біяскоп, на якім мільгалі парнаграфічныя карцінкі, і каштавала гэта 20 капеек. І калі я раней думала, што гэта ў «ліхія» 90-я была свабода, аказваецца, усё было адкрыта яшчэ раней.
— Каго з беларусак можна было б назваць секс-бомбай?
— У кожныя часы былі свае гераіні. Тут можна згадаць Барбару Радзівіл. Калі Сігізмунд хацеў узяць з ёй шлюб, яму прадставілі спіс усіх яе палюбоўнікаў: ад конюха да манаха. Магчыма, тут пастаралася і маці Сігізмунда Бона Сфорца — можа, каго і прыпісалі лішняга. Але, як мы ведаем, закаханага нішто не спыніла. Ды і ў самога Сігізмунда было досыць палюбоўніц — маці трымала яму гарэмы, забяспечвала дзяўчынамі.
— А Казановы на Беларусі былі?
— Канешне. Відаць, можна назваць Аўгуста Станіслава Панятоўскага: у яго была бясконцая колькасць жанчын, пад сто пазашлюбных дзяцей. Ён быў палюбоўнікам нават расійскай імператрыцы Кацярыны. Стэфан Баторый любіў не толькі Гродна, але і гараднічанак. Той жа Касцюшка не толькі ваяваў — ён і кахаць умеў, і карыстаўся попытам у жанчын. І быў вельмі прыгожым мужчынам.
— У народзе ведалі, як пакараць «нячыстую» дзяўчыну, пазашлюбных дзяцей называлі «крапіўнікамі», а як да гэтай справы ставілася шляхта?
— Пазашлюбныя адносіны асуджаліся. Нават у законах было прапісана, што пралюбадзейства караецца. Быў уведзены тэрмін «бенкарт» — пазашлюбнае дзіця. Але ўсё роўна існавала столькі парушэнняў!.. У перыяд ВКЛ польскія гісторыкі апісвалі, што адбываецца на нашых землях: казалі, тут няма ніводнай шляхцянкі, у якой не было б палюбоўніка і пры гэтым ён з'яўляецца сябрам сям'і. Ліцвінкі лічыліся самымі легкадумнымі жанчынамі.
Алена Дзядзюля, фота Анатоля Клешчука, zviazda.by