Як спыніць заражэнне?
Пакуль каронавірус шчыруе па планеце, пакінуўшы агаломшанымі мільёны ці нават мільярды людзей, некаторых стрэс і страх, наадварот, мабілізуюць, натхняюць на новыя творы. Так, вядомы італьянскі пісьменнік і фізік па адукацыі Паўла Джардана паспеў напісаць эсэ «Заражэнні» (з італьянскай літаральна «У заражэнні» / Nel contagio), прысвечанае каронавірусу.
Ён не толькі паспеў напісаць за тыдзень — з 29 лютага па 6 сакавіка —, але і пераклаў на французскую мову. і гэта з улікам абмежаванняў выхаду ў публічную прастору і спынення гандлю. Аўтар вырашыў выкласці твор у свабодны доступ.
Аўтар бестселераў — «Самотнасць простых лічбаў», «Чалавечае цела», «Чорнае і срэбнае» — Паўла Джардана да ўсяго — прафесійны фізік. Ён спалучае навуковае і творчае, а таму адразу насцярожыўся, калі пошасць выбухнула ў Кітаі, а калі яна раптам апынулася ў Італіі, то ў першыя дні эпідэміі, яшчэ да самаізаляцыі, на якую перавялі ўсіх, пісьменнік напісаў эсэ, у якім без банальнасцяў, з навуковым халодным цверджаннем дэманструе, што нас чакае, калі не пачаць думаць калектыўна, глабальна, а не жыць эгаістычна ў нацыянальных вакуумах.
Галоўны герой твора — вірус, які гуляецца з чалавецтвам, падзяліўшы яго на тры катэгорыі: Схільныя да віруса — тыя, каго вірус патэнцыйна можа захапіць, Інфекаваныя — ужо захопленыя вірусам і Адхінутыя — тыя, каго вірус не можа заразіць. Як фізік ён падыходзіць да новай заразы рацыянальна: яна ўзмацняецца, памнажаецца коштам людзей, а таму першы крок да яе блакавання — некантактаванне, другі крок — радыкальнае змяненне экалагічных, сацыяльных, эканамічных паводзінаў людзей. Толькі так можна замарудзіць заражэнне.
Бо «каронавірус — гэта толькі сімптом — сама інфекцыя хаваецца ў экалогіі», — цвердзіць аўтар эсэ. Трэці крок — знаходжанне лекаў — вядома, важны, але глабальна не вырашыць праблемы, калі чалавецтва не будзе пастаянна вяртацца да другога кроку. А таму, як навуковец, прадбачыць, што вірусы, падобныя COVID-19, будуць аднаўляцца ўсё часцей і часцей, пакуль чалавецтва не зменіць сваіх эканамічных і экалагічных экспансійных завядзёнак і апетытаў.
Як мысляр Паўла Джардана, не зважаючы на глабалізацыю і адкрытасць свету, бачыць у такім інтэнсіўным, хуткім заражэнні чалавецтва новым вірусам якраз тое, што паміж людзьмі, краінамі парушаныя сувязі, адсутнічае простая салідарнасць. Каронавірус падкрэслівае, што мы — адзіны арганізм, дзякуючы заражэнню мы становімся супольнасцю хворых, уразлівых. А ўстанаўленне межаў, хаванні ўнутры сваіх нацыянальных дамоў ніяк не спыняюць вірус — гісторыя зноў не вучыць людзей.
Папулісцкія кансерватыўныя тэндэнцыі ў Еўропе ды свеце — можа, і натуральная першасная рэакцыя на страх, але яна неразумная і бесперспектыўная. Не межы спыняць каронавірус, не вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў, ані перадача ўлады ў адныя рукі. Новы вірус, як і ўсе папярэднія ва ўсе часы, «спыніцца коштам вялікіх чалавечых сілаў і затратаў, коштам вялікіх ахвяраў і коштам вялікага цярпення».
А пакуль зноў шукаюцца крайнія: кітайцы, цыганы, мігранты, геі і пад. Са шкадобаю аўтар распавядае, як яго знаёмая японка з Мілану на рынку становіцца ахвярай іншага заражэння — звычайнага расізму: яе блытаюць з кітаянкай і робяць вінаватай у італьянскай бядзе. Пісьменнік з сумам канстатуе, гледзячы на пярэпалах унутры Італіі і Еўропы, што «падчас заражэння адсутнасць салідарнасці — гэта проста нястача ўяўлення, адсутнасць мыслення».
Цвярозае, вусцішнае, але заўсёды са станоўчым духам эсэ італьянца заклікае скарыстацца заражэннем, каранцінам і падумаць — такой мажлівасці сесці і падумаць у чалавецтва, можа, больш ніколі не будзе. На жаль, яшчэ адно заражэнне, на думку аўтара, перашкаджае чалавеку думаць і прызнаць свае памылкі — «заражаныя», то-бок хлуслівыя, перакручаныя навіны, якія цыркулююць у сеціве і множацца з хуткасцю эпідэміі.
Як пісьменнік ён зачароўвае прыгожым стылем і дакладным, адначасова навуковым і вобразным апісаннем жыцця падчас вірусу, падчас штохвіліннага ўсё новага і новага, і такога лёгкага заражэння. Вірусам можна амаль любавацца, бо ён — маленькі, нябачны, мікраскапічны, — ставіць на калені эканомікі, рэлігіі, дыктатараў і дэмакратаў, з лёгкасцю робіць бессэнсоўнымі атамныя баегалоўкі. П. Джардана слушна заўважае, што пакуль «мы аддадзеныя на міласць мікраскапічнай сілы, якая ўзымела нахабнасць прымаць рашэнні за нас. Мы апынуліся сціснутыя і раз’юшаныя, быццам ахвяры заторы толькі пры тым, што навокал нікога няма…».
Заражанае рознымі вірусамі і страхамі, чалавецтва дасюль заўсёды выжывала. Аўтару амаль напрошваецца пытанне, ці будзе так заўсёды? Але адказу пісьменнік з аднаго з асноўных сучасных эпіцэнтраў бяды не дае — ён капітулюе перад уяўляннем вусцішнага сцэнару. Засынаючы ў час каронавірусу, ён прапануе кожнаму зямляніну, кожнай зямлянцы падумаць, ці намарныя былі і ёсць усе ахвяры новай хваробы? І ці можам мы проста так забыць, пахаваць страх і мітрэнгу, якія ядуць нас знутры апошнія месяцы?
«Я не баюся захварэць. На што? На тое, што зараза рызыкуе змяніць.
На тое, што рыштаванні нашай цывілізацыі, вядомыя мне, — гэта ўсяго толькі карткавы домік.
Я баюся чыстага аркуша, а таксама ягонага адваротнага
боку: што страх намарны і не пакіне пасля сябе ніякага следу».
Паўла Джардана.