ТБМ падзякавала беларускім медыкам
Сакратарыят «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» апублікаваў зварот да беларускіх дактароў.
Публікуем тэкст звароту.
«Паважаныя супрацоўнікі медыцынскай сферы Беларусі!
Дарагія нашы ўрачы і медсёстры!
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выказвае шчырую падзяку за вашу штодзённую дзейнасць падчас пандэміі, аб’яўленай Сусветнай арганізацыяй здароўя ў сувязі з распаўсюдам каронавіруса.
Мы ўдзячныя вам за тое, што вы, рызыкуючы сваім здароўем, штодня без мітусні і панікі робіце ўсё, што ў вашых сілах, каб абараніць наш народ ад страшнай хваробы. Вы праяўляеце лепшыя якасці, уласцівыя беларускай нацыі: адказнасць, прафесіяналізм, самаахвярнасць, спагадлівасць і дабрыню.
Дзякуй вам за вашу працу! Будзьце здаровымі!
Беражыце сябе!
Сакратарыят ТБМ»