СМІ: памерла настаўніца з Капыльскага раёна, дзе выявілі каронавірус

Шэраг беларускіх выданняў паведамляюць пра смерць Наталлі Арловай, настаўніцы з вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна, дзе нядаўна жыхароў правяралі на каронавірус.

Доктаравіцкая сярэдняя школа

Доктаравіцкая сярэдняя школа

Ёй было 70 гадоў, апошнія два тыдні яна правяла ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, распавялі TUT.BY яе суседзі.
Настаўніца працавала ў Доктаравіцкай сярэдняй школе каля двух гадоў, выкладала англійскую мову ў пятым і дзявятым класах. Прыкладна два тыдні таму яе шпіталізавалі ў Капыльскую цэнтральную раённую бальніцу. Пазней, як сцвярджаюць суседзі, у яе выявілі каронавірус.
1 красавіка стала вядома, што настаўніца памерла.
У Доктаравічы настаўніца і яе муж пераехалі з Мінска. Каля шасці гадоў таму яны купілі тут дом, у якім праводзілі час у адпачынку. У 2018-м пераехалі сюды жыць пастаянна.
Дырэктар Доктаравіцкай сярэдняй школы ад каментароў адмовілася. Па хатнім нумары адказала жанчына, якая папрасіла не турбаваць, таму што «ў яе сям'і гора».
Нагадаем, 30 сакавіка стала вядома, што некалькі жыхароў вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна дастаўлены ў мінскі шпіталь з пнеўманіяй і падазрэннем на каронавірус, дзяцей, якія кантактавалі з меркавана захварэлай настаўніцай, на школьным аўтобусе павезлі ў Капыль ў бальніцу. Супрацоўнікі Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, якія кантактавалі з хворымі на каронавірус, змешчаныя на каранцін па месцы працы.
Пра смерць Наталлі А. Свабодзе расказаў яе сусед Мікалай, былы настаўнік Доктаравіцкай школы.
«Памерла Наталля, памерла сёння ўначы, — паведаміў у размове са Свабодай Мікалай. — Я быў раніцай у краме, там людзі расказалі пра гэта. У Доктаравічах ужо ведаюць».
Па словах Мікалая, апошнія пяць дзён Наталля была ў рэанімацыі, лекары змагаліся за яе здароўе. Медыкі казалі аднавяскоўцам, што ў яе нібыта быў каронавірус.
Пра смерць жанчыны «Нашай Ніве» стала вядома як з колаў, блізкіх да медыкаў, так і ад мясцовых жыхароў. «Памерла, павязуць у Мінск на крэмацыю», — сказалі журналістам у Доктаравічах.
Справа ў тым, што яшчэ 29 і 30 сакавіка ў вёсках Доктаравічы, Новыя Доктаравічы і Вуглы Капыльскага раёна працавалі медыкі ў касцюмах спецадзення. Людзей папярэджвалі пра тое, што не трэба выходзіць на вуліцу без патрэбы. У многіх жыхароў бралі мазкі на каронавірус. Частку людзей пасля адправілі ў бальніцы Мінска, Барысава і Капыля.
Сярод першых хворых з пнеўманіяй была настаўніца англійскай мовы Наталля Арлова. У Капыль яе даставілі ў цяжкім стане, таму нават не пераводзілі ў Мінск. Яе жыццядзейнасць падтрымлівалі з дапамогай адзінага ў раёне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык у размове з «Нашай Нівай» адзначаў, што Наталля Арлова сапраўды была шпіталізавана, але на цяперашні момант не ведаў яе стану. «Нас не інфармуюць», — казаў Сяргей Пілішчык.
«Усе каментары па каронавірусе дае міністр аховы здароўя. Прэс-служба дасць вычарпальную інфармацыю. Каранціну на тэрыторыі раёна няма, у нас ходзіць транспарт, працуюць усе аб’екты», — сказаў Сяргей Пілішчык 31 сакавіка.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», усе іншыя пацыенты ў Капылі пачуваюць сябе нармальна, пагрозы іх жыццю няма.