Прафсаюз РЭП прапанаваў Вярхоўнаму суду ўвесці мараторый на разгляд спраў
Гэта дасць магчымасць узмацніць меры па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19 сярод наведвальнікаў судоў, суддзяў і супрацоўнікаў судовых структур, лічаць у прафсаюзе.
Прафсаюз РЭП прапанаваў старшыні Вярхоўнага суда Алегу Сукала ўвесці мараторый на разгляд спраў у судах.
«Рэкамендаваць суддзям па хадайніцтвах зацікаўленых бакоў пераносіць або прыпыняць разгляд крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных спраў, — гаворыцца ў звароце. — Гэтыя меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Украіне. Станоўчае рашэнне па гэтым звароце будзе пацвярджэннем, што суддзі клапоцяцца і абараняюць правы і інтарэсы грамадзянаў Беларусі».
«Несвоечасовае прыняцце прафілактычных мер у Іспаніі, Італіі прывяло да катастрафічнага, непад'ёмнага для сістэмы аховы здароўя ўзроўню заражэння і высокай смяротнасці сярод насельніцтва. Неабходна прымаць неадкладныя і адэкватныя меры для прадухілення падобнага развіцця падзей у Беларусі», — лічаць у прафсаюзе РЭП.
praca-by.info