У МЗС Беларусі адказалі на заяву прэзідэнта Літвы пра каранавірус і статыстыку
У МЗС Беларусі адказалі на заяву прэзідэнта Літвы. Гітанас Наўседа мяркуе, што афіцыйнай інфармацыі беларускіх уладаў пра каранавірус давяраць нельга, бо сітуацыя значна горшая, паведамляе «Еўрарадыё».
"Беларускі кіраўнік ацэньвае сітуацыю з пэўнай бравадай", — заявіў літоўскі прэзідэнт.
"Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках", — мяркуе начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі, прэс-сакратар МЗС нашай краіны Анатоль Глаз. Адказваючы на пытанне TUT.by, ён выказаў здзіўленне выказваннямі прэзідэнта Літвы, міністра замежных спраў гэтай краіны. Глаз нагадаў пра дапамогу, якую Беларусь аказвала літоўскім грамадзянам па іх вяртанні на радзіму. "Мы лічым, што гэта правільна і гатовы заўсёды па-суседску падставіць плячо", — кажа прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.
У МЗС будуць удзячныя ўладам Літвы за прадастаўленне "дакладных звестак пра нейкія "пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці".
euroradio.fm