Якуб Колас у творчасці скульптараў

Выстава пад назваю “Якуб Колас у творчасці скульптараў” адкрылася вечарам 19 верасня ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.



kolas_skul_ptura_2_logo.jpg

Валянцін Валкавы. Бюст народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

У экспазіцыі з фондаў музея, прысвечанай ушанаванню памяці паэта ў манументальным мастацтве, упершыню прадстаўлены пластычныя кампазіцыі беларускіх скульптараў. Сярод іх — праца аднаго з найстарэйшых айчынных майстраў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, мінчаніна Андрэя Заспіцкага “Якуб Колас” і выява Сымона-музыкі — аднаго з герояў творчасці народнага паэта Беларусі, створаная вядомым айчынным мастаком, гродзенцам Уладзіміра Церабуном.

kolas_skul_ptura_3_logo.jpg

Андрэй Заспіцкі “Якуб Колас”

Адным з самых каштоўных экспанатаў, што дэманструюцца на выставе, з’яўляецца прыжыццёвы бюст Якуба Коласа — падарунак паэту ад выхаванцаў Чавускага дзіцячага дома ў Магілёўскай вобласці. Аўтарам драўлянай кампазіцыі, выразанай з ясеню, з’яўляецца выхавальнік дзіцячага дому Валянцін Валкавы. Пасля таго, як у 1951 годзе разьбяр падараваў сваю працу паэту, гэты бюст упрыгожвае пісьмовы стол Якуба Коласа.

kolas_skul_ptura_4_logo.jpg

 Уладзімір Церабун “Сымон-музыка”

Дырэктарка музея Зінаіда Камароўская распавяла, што ў фондах музея захоўваецца каля 20 пластычных кампазіцый, прысвечаных песняру і героям ягоных твораў. Акрамя таго, паводле яе слоў, на радзіме паэта, у Стаўбцоўшчыне (Мінская вобласць) на пачатку 1990-х гадоў створана мастацка-мемарыяльная кампазіцыя “Шлях Коласа”, якая злучае мемарыяльныя сядзібы генія беларускай літаратуры і складаецца з больш чым 40 скульптур у дрэве.

Як адзначыла дырэктарка музея, у адным з лістоў да сваёй знаёмай у 1946 годзе Якуб Колас пісаў пра тое, што ён чатыры разы ездзіў на сталічны стадыён “Дынама”, дзе вядомы савецкі скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Сталінскай прэміі Дзмітрый Шварц ляпіў выяву народнага паэта Беларусі. Алё лёс гэтай скульптуры да сённяшняга часу не вядомы, падкрэсліла Камароўская.

kolas_skul_ptura_1_logo.jpg

Фрагмент экспазіцыі

 

Сярод планаў па ўшанаванню памяці паэта ў манументальным мастацтве яна назвала пакуль не здзейснены вельмі цікавы праект — усталяванне кампазіцыі “Роздум Якуба Коласа” на прылеглай да музея тэрыторыі, а таксама працяг у сталіцу мастацка-мемарыяльнай кампазіцыі “Шлях Коласа”. Гаворка ідзе пра тое, каб на тэрыторыі сядзібы паэта і каля дрэў, якія ён пасадзіў, узвесці шэраг драўляных скульптур, што адлюстроўваюць герояў твораў Коласа, у тым ліку напісаных для дзяцей, сказала Зінаіда Камароўская.

У вечарыне ўдзельнічалі малодшы сын паэта, доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч, праўнучка песняра, галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч, народны мастак Беларусі Іван Міско, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Уродніч, вядомыя беларускія скульптары Алесь Шатэрнік і Сяргей Ляшчук, а таксама навучэнцы Мінскай мастацкай вучэльні імя Аляксея Глебава.

Здымкі Марата Гаравога