Ёсць надзея на захаванне статусу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Заявіла ў інтэрвью карэспандэнту НЧ дырэктарка гэтай сталічнай установы культуры Таццяна Шэляговіч.



muziej_bahdanovicza.jpg

Нагадаем, што 11 снежня на прэсавай канферэнцыі ў Мінску прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі выступілі супраць планаў Міністэрства культуры па зніжэнню статусу Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і ягонаму пераўтварэнню ў філію Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На прэсавай канферэнцыі прагучала шмат прапаноў, у тым ліку сабраць грошы і выкупіць у дзяржавы гэтую ўстанову культуры, падрыхтаваць адпаведныя лісты да ўладаў, а таксама правесці літаратурныя чытанні, перформансы і выступы бардаў у абарону музея, які займаецца вывучэннем і захаваннем спадчыны класіка беларускай літаратуры. .
Вечарам 16 снежня на ганку музея адбылася першая такая грамадская акцыя з удзелам пісьменніка Уладзіміра Арлова, перакладчыка Лявона Баршчэўскага і мастака Аляксея Марачкіна. Разам з неабыякавымі мінчукамі яны чыталі вершы паэта і спявалі песні на ягоныя словы. Як адзначыў Уладзімір Арлоў, лёс музея павінен вырашыцца да 1 студзеня. Аднак старшыня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў назваў іншы тэрмін – да 15 студзеня.
 
19 снежня прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі і Вольга Кавалькова падалі заяўку ў Мінгарвыканкам на правядзенне з 26 па 30 снежня серыі пікетаў у абарону Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Аднак да гэтай пары заяўнікі не атрымалі аніякага адказу ад гарадскіх уладаў. Сумнёўна, што яны дазволяць пікетаванне, тым больш, што заяўка пададзена позна.
Таццяна Шэляговіч распавяла, што пастанова аб рэарганізацыі музея яшчэ не выйшла. Разам з тым, на яе меркаванне, Савет міністраў краіны такую пастанову не можа прыняць, бо рашэнне пра стварэнне Літаратурнага музея Максіма Багдановіча было прынятае не ўрадам, а Мінскім гарвыканкамам у 1981 годзе. Дырэктарка музея выказала спадзяванне, што “пераможа розум” ў справе абароны самастойнага існавання ўстановы культуры і яе філіяў “Беларуская хатка” у Мінску і “Фальварак Ракуцёўшчына” у вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёну Мінскай вобласці.