Кацярына Ваданосава запісала паўстанскі вальс «1863»

Кацярына Ваданосава выпусціла кліп, прымеркаваны да дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. У кожнай эпосе жывуць людзі, якімі варта ганарыцца, памяць пра якіх надае нам моц і натхненне — гэта вельмі цешыць і дорыць надзею на будучыню.

Фота з фэйсбуку Кацярыны Ваданосавай

Фота з фэйсбуку Кацярыны Ваданосавай

Вальс «1863» быў створаны некалькі гадоў таму, распавяла Кацярына Ваданосава на сваёй старонцы ў фэйсбуку, але рэўны час «заставаўся творам, напісаным на паперы» — нідзе не выконваўся, чакаючы свайго моманту.

Цяпер жа Кацярына вырашыла не чакаць лепшых часоў — і да дня народзінаў Кастуся Каліноўскага запісала ролік.

«Я адчуваю глыбокую еднасць з героямі тых часоў і думаю, што пачуцці беларусаў зараз вельмі сугучныя з пачуццямі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Цыклы гісторыі паўтараюцца, але разуменне таго, што ў кожнай эпосе жывуць людзі, якімі варта ганарыцца, памяць пра якіх надае нам моц і натхненне — гэта вельмі цешыць і дорыць надзею на будучыню», — напісала Кацярына Ваданосава.


«Я захацела “адпусціць” гэты вальс, даць яму жыццё, і зрабіць гэта менавіта ў дзень, калі нарадзіўся чалавек, які натхніў мяне на гэтую музыку.

Вальс вельмі просты: фартэпіянную партыю зграе любы вучань музычнай школы, а скрыпічную партыю выконвае мая 12-гадовая дачка… Літаральна за некалькі дзён мы зрабілі калі не паўнавартасны кліп, то хаця б відэашэраг, які адлюстроўвае настрой, закладзены мною ў музыку. А сам працэс здымкаў заняў усяго некалькі гадзін, і ладзіліся яны на Падляшшы, недалёка ад Мастаўлян, вёскі, дзе нарадзіўся Каліноўскі. Важным героям гісторыі стаў і дуб “Дунін”, велізарнае 600-гадовае дрэва, якое ў 2022 годзе прызналі дрэвам Еўропы, якое, напэўна, памятае паўстанцаў.

Больш за паўтары сотні гадоў таму людзі сыходзілі на бой, на змаганне, часам на смерць. Сёстры, жонкі, нявесты, маці паўстанцаў насілі жалобу як знак супраціву, як выказванне нязгоды з палітыкай імперыі, і гэта таксама было формай змагання, за якое можна было пазбавіцца маёмасці, свабоды, будучыні. Мара пра волю была самай высокай, узнёслай, светлай і адначасова цяжкай з усіх мар, але менавіта яна рабіла са звычайных людзей герояў.

Тое ж адбываецца і зараз. І я адчуваю глыбокую еднасць са сваімі продкамі, з тымі, хто біўся за свабоду».


«Пра нашае паўстанне, пра наш супраціў таксама калі-небудзь будуць складаць музыку, вершы ды песні».

Музыка: Кацярына Ваданосава

Фартэпіяна: Кацярына Ваданосава

Скрыпка: Стафанія Ваданосава

У ролі паўстанца: Васіль Шэры

Камера, мантаж, гуказапіс: Ігар Палынскі

Рэжысура: Ігар Палынскі, Кацярына Ваданосава