Каталікі адзначаюць сьвята Трох Каралёў. Што гэта?

Менавіта ў гэты дзень у касьцёлах асьвячаецца крэйда, якой па-над дзьвярыма ў дом ці кватэру вернікі пішуць тры літары +С+М+В і год ад нараджэньня Хрыста. Вы, безумоўна, бачылі гэта, нават калі не рабілі такіх надпісаў уласнаруч. Але што за значэньне маюць літары і якіх менавіта каралёў ушаноўваюць у гэты дзень?

three_kings.tif.png

Паглядзім, што пішуць у першакрыніцы.

«Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: «Дзе народжаны Кароль Юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем зь ім. Ён сабраў усіх першасьвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: «І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы сярод гарадоў Юды, бо зь цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраэля». 

Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час зьяўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разьведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. Атрымаўшы ў сьне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай» — з Эвангельля паводле Мацьвея.

Дні ад Раства 25 сьнежня да 6 студзеня — час, які мелі мудрацы, каб знайсьці Збаўцу. Зорка, за якой яны ішлі, атрымала назву Бэтлеемскай зоркі.

Праца Леанарда Да Вінчы

Праца Леанарда Да Вінчы

Як бачым, тры значныя замежнікі, якія атрымалі знак аб нараджэньні Збаўцы, прыйшлі ў невядомую для іх краіну, каб прынесьці яму дары: золата, ладан і сьмірну. Золата сымбалізуе каралеўскую веліч дзіцяткі Езуса, ладан прынесены як падарунак Богу, а сьмірна – як прадвесьце таго, што яго чакае як чалавека — пахаваньне. Сьмірна выкарыстоўвалася як мазь для бальзамаваньня падчас пахаваньняў і крэмацыі да XV стагодзьдзя.

Згодна з хрысьціянскай традыцыяй, Марыя захавала ўсе гэтыя падарункі і перадала перад сьмерцю супольнасьці хрысьціянаў у Ерузаліме.

three_magi_mosaic___sant_apollinare_nuovo___ravenna_2016.jpg

Чаму менавіта тры каралі? У Эвангельлі мы не сустракаем гэтага выразу, але чытаем пра мудрацоў. Атаясамленьне іх з каралямі адбылося паводле адной з псальмаў, у якой сьцвярджаецца: «Няхай усе каралі падаюць перад Ім».

Афіцыйна гэтае сьвята называецца «Аб’яўленьне Пана». У сусьветным касьцёле адзначаецца яшчэ з IV стагодзьдзя. У традыцыі замацаваліся тры імя каралёў — Каспэр, Мэльхіёр і Бальтазар. Згодна з заходняй касьцёльнай традыцыяй, Бальтазар часта прадстаўляецца як кароль Арабіі або часам Эфіопіі, Мэльхіёр — як кароль Пэрсіі, а Каспэр — як кароль Індыі».

Існуе некалькі паданьняў аб тым, дзе знаходзяцца парэшткі трох каралёў, але ніводная зь іх ня лічыцца ўсталяваным. Легендарны падарожнік Марка Пола сьцвярджаў, што яму паказалі тры грабніцы у Сабе на поўдзень ад Тэгерана ў 1270-х гадах: «У Пэрсіі знаходзіцца горад Саба, зь якога тры мудрацы выправіліся, калі ішлі пакланіцца Езусу Хрысту; і ў гэтым горадзе яны пахаваны ў трох вельмі вялікіх і прыгожых магілах, побач. А па-над імі стаіць квадратны будынак, беражліва дагледжаны. Целы ўсё яшчэ цэлыя, засталіся валасы і барада».

the_three_magi__balthasar__caspar__melchior_.jpg

Храм Трох Каралёў у Кёльнскім саборы, паводле традыцыі, утрымлівае косьці Трох Мудрацоў. Мяркуецца, што яны ўпершыню былі знойдзеныя Аленай Канстантынопальскай падчас яе знакамітага паломніцтва ў Палестыну і Сьвятую Зямлю. Яна адвезла парэшткі ў царкву Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі, а пазьней яны былі перавезены ў Мілан, перад тым як рэліквіі знайшлі апошняе месца спачыну ў Кёльне пры дапамозе імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрыхам I у 1164 годзе.

Шмат хто лічыць, што літары, якімі пазначаюцца дзьверы хрысьціянаў, паходзяць ад імёнаў тых трох сьведкаў народзінаў Езуса. Аднак гэта памылковая думка, бо напраўду СMB паходзіць ад лацінскага выразу Christus Benedicat Mansion (няхай Хрыстус блаславіць гэты дом).

У Беларусі, вядома, таксама адзначалі гэтае сьвята. Было прынята, што калядоўшчыкі хадзілі па дамах, якія былі загадзя пазначаныя ўжо вядомым надпісам, і сьпявалі калядкі. Адзін з трох каралёў фарбаваў твар сажай, бо па традыцыі адзін з мудрацоў быў чорнаскуры. Пасьля сьпеваў гаспадары мусілі пачаставаць калядоўшчыкаў ежай. Прынята пекчы адмысловае печыва ў гэты дзень. Напрыклад самым вядомым кулінарным прыкладам зьяўляецца мігдалавы торт ці пірог з запечаным усярэдзіне вялікім мігдалам. Лічылася, што той, у чыім кавалку будзе гэты мігдал, мусіў накрываць на стол за свой кошт напярэдадні наступнай урачыстасьці – Папяльца.

bartolome_esteban_murillo___adoration_of_the_magi___google_art_project.jpg

Найістотнейшы сэнс сьвята Трох Каралёў у тым, што Хрыстус ад самага пачатку свайго зямнога жыцьця аб’явiўся як Збаўца ўсяго сьвету, а не толькi аднаго народу, як меркавалi старазапаветныя габрэi, якія чакалi на Мэсiю.