Кіраўнік бібліятэкі «Камунікат»: «Радуе, што найбольш нашых наведнікаў — з самой Беларусі»

Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да найбуйнейшай анлайн-бібліятэкі беларускай літаратуры. У інтэрв'ю «Свабодзе» заснавальнік сайту kamunikat.org Яраслаў Іванюк распавёў, ці можна штосьці забараніць пры сучасных тэхналогіях.

01000000_0aff_0242_779e_08db428a6efe_w1023_r1_s_1.jpg


Kamunikat.org — гэта анлайн-бібліятэка беларускай літаратуры, дзе зьмешчана больш за 50 тысяч кніг, артыкулаў, часопісаў, аўдыё- і відэафайлаў, аўдыёкніг.

— Як вы думаеце, на што разьлічваюць улады, заблякаваўшы сайт kamunikat.org пры цяперашнім разьвіцьці тэхналёгій, наяўнасьці VPN?

— Думаеце, можна зразумець лёгіку беларускага рэжыму? Прабачце, не беларускага, а рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: я ўсё ж такі стараюся прытрымлівацца думкі, што гэта не беларускі рэжым. Я ня ведаю, ці ім сапраўды здаецца, што цяпер можна штосьці заблякаваць? Ці сапраўды яны лічаць, што, абвясьціўшы кнігу экстрэмісцкай, можна сапраўды яе забараніць, ніхто ня будзе яе чытаць, спампоўваць? Ну, у ХХІ стагодзьдзі гэта гучыць абсурдна.

Рэжыму Лукашэнкі не падабаецца ўсё беларускае. Яны імкнуцца ўсё гэта забараніць рознымі шляхамі, у тым ліку блякуючы інтэрнэт-сайты. Магчыма, нейкі мізэрны эфэкт яны атрымліваюць, можа, хтосьці палянуецца выкарыстоўваць тэхналёгію VPN, каб заходзіць на заблякаваныя сайты, а кагосьці спалохаюць, застрашаць.

Беларусы, якія прывыклі карыстацца рэсурсамі сайту kamunikat.org, і далей будуць імі карыстацца. Яны знойдуць, што захочуць. Тым больш што карыстацца аўдыёкнігамі можна, загружаючы файлы ў МР3 ня толькі з нашага сайту, але і слухаць на ютуб-канале kamunikat.org, на іншых пляцоўках, дзе мы разьмяшчаем гэтыя аўдыёбукі. На Apple, SoundСloude, Spotify, Google, на іншых буйных пляцоўках. Гэта не атрымаецца — заблякаваць, адрэзаць беларусаў ад беларускай літаратуры.

— Вашай электроннай бібліятэцы 23 гады. Даўно ўжо ідуць дыскусіі, што хутка вымруць усе папяровыя СМІ, кнігі, усё пяройдзе ў інтэрнэт, у электронныя фарматы. Вы прадчувалі гэта яшчэ 23 гады таму, калі пачалі складаць электронную бібліятэку? Як і чаму ўзьнікла такая ідэя?

— Рабіць інтэрнэт-сайты мяне навучыла мая жонка, будучы цяжарнай нашым сынам. Я лічу, што «Камунікат» нарадзіўся ў той самы дзень, што і наш сын Хрыстафор — 20 чэрвеня 2000 году.

Ці прадчуваў я тады, што папяровая кніга вымрэ? Не! Ня вымрэ. Я і цяпер не прадчуваю, што можа нешта такое здарыцца. Калі пачыналася тэлевізія, таксама казалі, што кіно, тэатар зьнікнуць. Як аказалася, нічога ня зьнікла.

Хаця, мушу сказаць, у беларусаў гэта выглядае пасьля 2020 году даволі цікава. Таму што пасьля 2020-га тут, у Польшчы, я назіраю вялікае вяртаньне беларусаў менавіта да папяровай кнігі.

Мы як фонд «Камунікат» у канцы 2021 году выдалі раман Уладзімера Някляева «Гей Бэн Гіном». І гэты першы наклад яго кнігі разышоўся падчас дзесяці прэзэнтацый у Польшчы ды Літве! Мы тады палічылі, што гэта, на жаль, пэрспэктыўны праект. На жаль. Таму што такога кшталту кнігі, такіх аўтараў, такіх мэтраў беларускай літаратуры, павінны выходзіць якраз у Беларусі, а не за мяжой.

Штуршком паслужыў Фэстываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», куды нас запрасілі як фонд «Камунікат», каб мы прыехалі са сваім стэндам. Я кажу арганізатарам: «Ну добра, мы прыедзем, але ў нас толькі адна кніга». Яны тады зьдзівіліся: «Як толькі адна кніга?»

І мы тады зладзілі вялікі кірмаш папяровай беларускай кнігі. Кнігі прывезьлі зь Беларусі, бо ў Беларусі (хоць і цяпер яшчэ крыху выдаецца) тады выдавалася значна больш. Гэта быў проста, як кажуць палякі, «strzał w dziesiątkę» ( стрэл у дзясятку). Бо гэта тое, што беларускім эмігрантам было вельмі патрэбна. Я потым падумаў, выдаючы ў 2022-м і 2023 годзе кнігі Ўладзімера Арлова (якіх мы выдалі і перавыдалі ўжо 10), што беларусы зрабілі крок назад — наконт гэтых тэхналёгіяў, электронных кніг. Таму што яны вяртаюцца да папяровых кніг. Мне здаецца, гэта такі сантымэнт, «настальжы» — вяртаньне беларусаў да папяровых кніжак.


Глядзіце таксама

Хаця з нашай практыкі як фонду «Камунікат» відаць, што беларусы таксама цікавяцца аўдыёкнігамі. Мы летась пачалі запісваць сучасную беларускую літаратуру ў фармаце аўдыёбукаў — выстаўляем у нас на сайце, выстаўляем у ютуб-канале kamunikat.org і яшчэ на дзесяці іншых пляцоўках. І бачым, што гэтых праглядаў там сапраўды шмат, па некалькі тысяч.

Першая кніга Сьвятланы Алексіевіч, якую мы выставілі на беларускай мове, «У вайны не жаночы твар» у перакладзе Валянціна Акудовіча, за 3 тыдні мае ўжо 2,5 тысячы праглядаў.

Так што беларусы паралельна цікавяцца і папяровымі кнігамі, і сучаснымі кнігамі ў аўдыёфарматах.

— У вас на сайце kamunikat.org больш за 50 тысяч выданьняў. Прычым сьцягваньне з інтэрнэт-бібліятэкі бясплатнае. Аўдыёкнігі даступныя таксама ў бясплатным рэжыме, што вельмі важна. Тыя ж аўдыёкнігі трэба начытаць, аформіць, выставіць. Ці вялікі ў вас штат?

— Я адкажу так: ніколі ў нас не было шмат людзей. А па сутнасьці, такой працай, як мы, павінен займацца штат, як у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Але яны гэтым не займаюцца, а трэба, каб гэта хтосьці рабіў. Вось мы і робім. Гэта ня толькі нам цікава, але і карысна для беларусаў, для беларускай культуры, для захаваньня ўсяго беларускага.

Калі гаварыць пра аўдыёкнігі, то нам у гэтай складанай сытуацыі, можна сказаць, пашэнціла — таму што пасьля 2020 году зь Беларусі ў Польшчу выехала шмат творчых людзей — добрых актораў, дыктараў, адукаваных людзей. І мы, да прыкладу, «Пяцікніжжа» Сьвятланы Алексіевіч, якое выставім да канца гэтага году, запісваем у Варшаве з камандай актораў, якіх звольнілі з Купалаўскага тэатру і Тэатру беларускай драматургіі. З намі працуе Зьміцер Бартосік, Віктар Сямашка. Так што сытуацыя даволі спрыяльная, як ні парадаксальна гэта гучыць, бо ўсе гэтыя людзі павінны гэтым займацца ў Беларусі. Так, як і кнігі беларускіх пісьменьнікаў павінны ў Беларусі выдавацца, а не за яе межамі. Бо там, у Беларусі, застаецца наш асноўны чытач, слухач.

Апрача гэтага, мы займаемся і аблічбоўваньнем бел кніг. Цяпер, праўда, большую стаўку робім на аблічбоўваньне пэрыёдыкі. Таксама ёсьць людзі, якія займаюцца перафарматаваньнем тэкстаў беларускай літаратуры ў сучасныя фарматы.

— А хто ваш асноўны спажывец? Беларусь ці іншыя краіны сьвету?

— На сёньняшні дзень больш за ўсё ў нас наведнікаў менавіта з Рэспублікі Беларусь, як бы складана гэта для іх ні было. Больш за палову наведнікаў заходзяць на наш сайт з тэрыторыі Беларусі. Ёсьць і іншыя краіны: гэта Польшча, Літва, Расея, больш далёкія — Нямеччына. Нідэрлянды. На нас заходзяць наведнікі больш як з сотні краінаў. Прычым радуе, што найбольш наведнікаў з самой Беларусі.

— Чым ганарыцеся, ці ёсьць у вас штосьці ўнікальнае, што можна знайсьці толькі на «Камунікаце»?

— Найбольшы гонар для нашай каманды, для мяне як стваральніка беларускай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org — гэта тое, што ў адным месцы мы сабралі больш за 50 тысяч беларускіх публікацыяў: кніг, газэт, часопісаў, аўдыёфайлаў, відэафайлаў, цяпер таксама і аўдыёкнігі зьяўляюцца і будуць зьяўляцца ўсё часьцей, Гонар і тое, што «Камунікат» бесьперапынна існуе гэтыя 23 гады, нягледзячы і на гэта блякаваньне. Будзем і далей працягваць працу. Неўзабаве нашы наведнікі пабачаць і абноўлены сайт, якім будзе яшчэ зручней карыстацца. Будзем ганарыцца, што «Камунікат» патрэбен беларусам ва ўсім сьвеце, а найперш у самой Беларусі.