Кнігі па гісторыі Беларусі адзначаны прэміяй часопіса «Przegląd Wschodni»
Італьянскі вучоны Андрэа Марыяні, які працуе ў Познані, апрацаваў інвентары навагрудскага і нясвіжскага езуіцкіх калегіумаў 1773-1774 гг.
Часопіс «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд») 24 кастрычніка ўручыў штогадовыя ўзнагароды вядучым гісторыкам, якія вывучаюць мінулае Усходняй Еўропы, у т. л. Беларусі. Па традыцыі лаўрэатаў прэміі часопіса «Przegląd Wschodni» абвясціў і ўручыў узнагароды рэдактар гэтага найбуйнейшага навуковага выдання па гісторыі Усходняй Еўропы, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі. Лаўрэатамі XXVIII прэміі (за 2020 год) сталі ў т. л. працы па гісторыі Беларусі.
У катэгорыі «Крыніцазнаўства» ўзнагароду польскага часопіса атрымалі кнігі Андрэа Марыяні, італьянскага вучонага, які працуе ў Познані: «Inwentarze kolegium jezuitów w Nowogródku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774» («Інвентары езуіцкага калегіума ў Навагрудку і яго маёнткаў на рубяжы 1773 і 1774 гадоў») і «Inwentarze kolegium jezuitów w Nieświeżu oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774» («Інвентары езуіцкага калегіума ў Нясвіжы і яго маёнткаў на рубяжы 1773 і 1774 гадоў»).
У сувязі з асаблівай вастрынёй беларускага пытання дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта адзначыў працу Андрэа Марыяні пра езуітаў у Беларусі XVIII стагоддзі.
Ян Маліцкі: — На шчасце, аўтар паспеў правесці даследаванні ў Беларусі, пакуль яшчэ можна было туды паехаць і не было такога стану беларуска-польскіх адносін, які адмоўна ўплывае не толькі на палітыку, але і на ўсе сферы жыцця людзей, на супрацоўніцтва і кантакты паміж грамадзянамі Польшчы і Беларусі.
Вядомая мастацтвазнаўца, знаўца гісторыка-культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай Марыя Каламайская-Саід адзначыла, што працы Марыяні знаходзяцца ў адным шэрагу з іншымі, якія ўжо адзначаліся прэміяй часопіса «Przegląd Wschodni».
Марыя Каламайская-Саід: — Гэтую ўзнагароду ўжо атрымлівалі працы польскіх вучоных, прысвечаныя даследаванню архітэктурных аб'ектаў і іншых твораў мастацтва, культурнай спадчыны ўсходніх зямель былой Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, гэта «Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej» («Матэрыялы да гісторыі сакральнага мастацтва на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай») пад рэдакцыяй Яна Астроўскага, «Тэрыторыі былога Рускага ваяводства Польскага каралеўства» і пад маёй рэдакцыяй — «Землі Віленскага, Троцкага і Навагрудскага ваяводстваў былога ВКЛ». Гэта вялікі аб’ём работы.
Калі ж гаварыць пра працяг даследаванняў у Беларусі, то цяпер дарога туды перакрыта. Няма гаворкі пра тое, каб туды паехаць. Таму я не ведаю, як будзе выглядаць далей сітуацыя, калі з’явіцца магчымасць туды паехаць, свабодна перамяшчацца па гэтай тэрыторыі.
У катэгорыі «Замежныя працы па гісторыі» прэмію часопіса «Przegląd Wschodni» атрымаў Андрый Рукас з Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі — за працу «Razem z Wojskiem Polskim: Armia Ukraińskiej Republiki Ludowej w 1920 roku» («Разам з Войскам Польскім: армія Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1920 годзе»). Ян Маліцкі напомніў як пра ўкраінскі, так і пра беларускі аспект падзей 1920 года.
Ян Маліцкі: —Нядаўна мы адзначалі стагоддзе польска-бальшавіцкай вайны. На многіх канферэнцыях згадвалася пра тое, што польская армія ў цяжкіх баях і са значнымі стратамі абараніла ў 1920 годзе не толькі Польшчу, але і Еўропу ад хвалі бальшавізму. Але палякі дзейнічалі не адны, а разам з магутным саюзнікам — рэгулярнымі дзяржаўнымі ваеннымі злучэннямі УНР. Больш за дзесяць тысяч украінскіх салдат змагаліся заадно з палякамі — нягледзячы на тое, што незадоўга да гэтага ваявалі супраць Польшчы. Але ў імя абароны ад агульнага ворага ўкраінцы сталі плячом да пляча з палякамі ў гэтай вайне.
Давайце ўспомнім, што былі таксама ўзброеныя фарміраванні недзяржаўныя: беларускія сілы Булак-Балаховіча, асобы вельмі яркай і вядомай.
У катэгорыі «Гісторыя палякаў ва Усходняй Еўропе» прэмію часопіса «Przegląd Wschodni» атрымаў Вітальд Васілеўскі за даследаванне «Mord w Lesie Katyńskim. Przesłuchania przed amerykańską komisją Maddena w latach 1951-1952 (tomy 1-3)» («Забойства ў Катынскім лесе. Допыты амерыканскай камісіі Мэдэна ў 1951-1952 гг. (т. 1-3)»). Гэтая кніга прысвечана расследаванню Катынскага злачынства (расстрэлу палонных палякаў па асабістым загадзе Сталіна ў 1940 годзе ў лесе пад Смаленскам) спецыяльнай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША пад старшынствам Рэя Джона Мэдэна ў 1951 годзе. У Катыні загінулі і беларусы. Ян Маліцкі падкрэслівае важнасць тэмы:
Ян Маліцкі: — Катынскае злачынства адыгрывае вялікую ролю ў жыцці і свядомасці палякаў, таму нават пра сто дзясятую кнігу на гэтую тэму ніхто не скажа, што яна «лішняя», што зашмат на гэтую тэму пішацца.
Ян Маліцкі ўспомніў таксама працы вучоных, якія ў мінулыя гады былі адзначаны прэміяй часопіса «Przegląd Wschodni» і мелі дачыненне да гісторыі Беларусі.
Ян Маліцкі: — Згадаю самых першых лаўрэатаў. У 1993 годзе прэмію атрымалі Станіслаў Славомір Ніцея і Эдвард Малаховіч. Яны з'яўляліся аўтарамі дзвюх сур’ёзных прац: адна пра Лычакоўскія могілкі ў Львове, а другая — пра могілкі на Росе ў Вільні. Гэтыя могілкі з'яўляюцца святынямі палякаў. Могілкі на Росе з'яўляюцца вельмі важнымі могілкамі і для беларусаў.
У свой час прэмію часопіса «Przegląd Wschodni» ў катэгорыі «Замежныя працы па гісторыі» атрымаў вядомы беларускі публіцыст Яўген Гарэлік за кнігу «Курапаты. Польскі след» (пра месца расстрэлаў грамадзян органамі НКУС БССР пад Мінскам у 1937-1938 гг. — Заўв. рэд.).
З узнагароджаных усім вядомы Генадзь Сагановіч, выдатны беларускі гісторык.
Віктар Корбут, www.polskieradio.pl