Крывасмокі апанавалі цэнтр Мінска (фота)
У цэнтры Мінска, у ГЦ Galleria Minsk на пр. Пераможцаў 7 мая каля ста чалавек прынялі ўдзел у кастынгу на ролі крывасмокаў у першым беларускім хорары «Крывасмокі» («Упыры»).

Беларуская кінакампанія «Наша Кіно» правяла народны кастынг на першы беларускі жудасцік пад рабочай назвай «Крывасмокі». Кастынг праходзіў на выставе-галерэі 3D карцін у ТЗЦ Galleria Minsk. Нягледзячы на неспрыяльнае дажджлівае надвор’е каля ста маладых чалавек ва ўзросце ад 18 да 35 чалавек прыйшлі паказаць свае акцёрскія здольнасці перад будучымі стваральнікам карціны.

Кіно будзе пра прыгоды групы маладых людзей з розных краін, якія прыязджаюць у Купальскую ноч на запаведнае беларускае возера. Фільм распавядае пра беларускую аўтэнтыку, традыцыях і каларыце Купальскай ночы мовай моладзёвага жудасціка.

Галоўным патрабаваннем на OpenCastingDay было «ўменне арганічна палохаць і палохацца». Маладыя людзі прыехалі амаль з усіх куткоў Беларусі, з абласных і раённых гарадоў. Большая частка, зразумела, былі акцёры беларускіх тэатраў і выпускнікі акадэміі мастацтваў і акцёрскіх курсаў. Але не толькі яны спрабавалі свае сілы – былі і радыёжурналісты, танцоры, паэты, быў нават прадзюсар і кастынг-дырэктар. І не толькі творчыя асобы прыехалі паказаць сябе – прысутнічалі навуковыя работнікі, людзі рабочых прафесій, якія пасля працы граюць у аматарскіх тэатральных кружках.

Канкурэнцыя, як бачым, будзе не жартоўная. Людзі па паўтары-дзве гадзіны чакалі магчымасці выступіць. Што прасілі прадэманстраваць? Хто на што больш здольны. Нехта чытаў вершы, у тым ліку гучалі вершы Караткевіча, нехта чытаў свае, а нехта, адпаведна, і вершы ў жанры страшылак. Нехта спяваў, хтосьці танчыў, некаторым давялося паказваць імправізацыі, а нехта нават рабіў простыя каскадзёрскія трукі. Фільм у жанры хорар, ці было нешта страшнае падчас кастынгу? Для некаторых часам так, было. І не ад хвалявання ад пільных позіркаў журы, якія, дарэчы, былі зусім не жорсткія, а спрабавалі як маглі падтрымаць выступоўцаў. Часам кандыдатаў прасілі спалохана гучна крыкнуць, як патрабуе жанр жудасаў. І тыя, хто чакаў за кулісамі (а можа часам і наведвальнікі выставы 3D карцін), ад нечаканасці перапалохана ўздрыгвалі. А некаторых кандыдатаў прасілі пераўвасобіцца ў зомбі.

Акцёры да новай карціны яшчэ не абраны, гэта яшчэ наперадзе. Трэба пераглядзець усе кадры з кастынгу, магчыма яшчэ не раз давядзецца сабрацца для абмеркавання. Але, падобна, што некаторыя акцёры спадабаліся ў большай ступені адразу. Бо, акрамя добрай акцёрскай гульні для адмысловай стужкі трэба мець і адпаведную знешнасць. Напрыклад, адзін з акцёраў аддалена нагадваў Роберта Пацінсана з вядомай вампірскай кінасагі «Змярканне», ды і паказаць сябе здолеў адпаведна. Хаця, казаць пра нешта, вядома яшчэ рана.

Рэжысёрам беларускага жудасціка стане вядомы беларускі кліпмэйкер і рэжысёр Макс Сіры (кліпы для груп «J-Морс», «Без Билета»), аператарамі – Аляксандр Алейнікаў («Душы мёртвыя») і Арцём Якімаў («Вышэй за неба»).
Сцэнар хорару стаў плёнам сумеснай працы Сяргея Якубоўскага, Андрэя Курэйчыка і Максіма Сірага. Бюджэт карціны вар'іруецца ад 50 тыс. да 100 тыс. долараў.