Кіно пра Каліноўскага выклікала дыскусію пра нацыянальную гістарыяграфію

Прэзентацыя гістарычна-філасоўскага мастацка-дакументальнага фільма Валерыя Мазынскага «Кастусь Каліноўскі, апошнія дні» і ягонае абмеркаванне з удзелам гісторыкаў адбылася ў Гродна.

kino_kalinouski_u_hrodna_liava_3_logo.jpg


Стужка, па прызнанні рэжысёра, мае эксперыментальны фармат. Мастацкія замалёўкі па матывах апошніх дзён жыцця беларускага героя, кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага перамяжаліся сцэнамі рэпетыцый акцёраў, якія ігралі ролі катаў і герояў у мастацкіх сцэнах гэтай жа стужкі. Ролю Кастуся Каліноўскага выканаў Раман Падаляка. Закадравы тэкст у гістарычных сцэнах чытае гісторык Язэп Янушкевіч.

Валеры Мазынскі

Валеры Мазынскі


Сам рэжысёр з’яўляецца ў кадры падчас сцэнаў рэпетыцыі акцёраў, калі яны разважаюць пра прыроду здрады і гераізму, сэнс паўстання без шансаў на перамогу, пра пераслед сапраўдных патрыётаў Беларусі ў розныя гістарычныя часы, што надзвычай актуальна сёння, калі на слыху «справа патрыётаў».
«Яны верылі ў лепшую долю для чалавецтва і аддалі свае жыцці за свабоду Радзімы. Мы не маем права іх асуджаць», «На многае можна закрыць вочы, але толькі не тады, калі вынішчаецца гонар і годнасць», — агучваюць думкі акцёры ў кінастужцы ў сцэнах з рэпетыцыяй.

kino_kalinouski_u_hrodna_liava_1_logo.jpg


У праглядзе кінастужкі ўдзельнічала каля трыццаці чалавек, збольшага гэта былі гарадзенскія грамадскія актывісты. Кінапаказ наведалі гарадзенскія гісторыкі Генадзь Семянчук, Эдуард Дзьмухоўскі, краязнаўца з Лунны Лявон Карповіч, уласна рэжысёр стужкі Валеры Мазынскі, а таксама Уладзімір Хільмановіч,Алесь Марчанка

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч

«Для мяне гэты фільм самы дарагі. Мы паспрабавалі казаць пра рэчы, якія мы звычайна не абмяркоўваем, але якія вельмі важныя. Ці зможам мы сябе абараніць? Ці здолеем захаваць гонар і годнасць падчас гістарычных выпрабаванняў? Што для нас Бацькаўшчына? Ці здолеем мы яе абараніць?», — зазначыў падчас адкрыцця дыскусіі рэжысёр Валеры Мазынскі.
Паводле аўтара стужкі, ён хацеў данесці думку, што грамадзянскія свабоды, гонар і годнасць неаддзельныя ад нацыянальнай незалежнасці.

Генадзь Семянчук

Генадзь Семянчук

Гісторык Генадзь Семянчук адзначыў, што гісторыя складаецца не толькі з аб’ектыўнай рэчаіснасці, але і з таго, што пішам, кажам і думаем пра гістарычныя падзеі і сваіх гістарычных постацяў. «Мы можам сваё мінулае канструяваць. Калі гэты канструкт якасны (зроблены на якасным гістарычным матэрыяле і здольным аўтарам), ён можа стаць асновай для фарміравання гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці», — падкрэсліў гісторык.

Эдуард Дзьмухоўскі

Эдуард Дзьмухоўскі

Эдуард Дзьмухоўскі заклікаў навукоўцаў стварыць прыгожую кнігу пра беларускага героя і змагара за незалежнасць Кастуся Каліноўскага. Ён таксама адзначыў, што адсутнасць добрых манаграфій пра беларускіх герояў, на жаль, вядомая праблема.
На думку ўдзельнікаў дыскусіі, даследаваць і максімальна папулярызаваць гераічныя старонкі сваёй гісторыі – гэта абсалютна нармальна для любога народу. «Калі мы пішам нацыянальную гісторыю, мы нікому нічога не павінны даказваць. Трэба пазбаўляцца беларускага комплексу пакрыўджанай усімі нацыі. Усе народы прайшлі праз не меншыя пакуты», — зазначыў Генадзь Семянчук.
«Наша нацыянальная эліта мусіць напісаць нашу гісторыю і перадаць яе людзям. Калі гэта праца не будзе данесеная да людзей, яна будзе марная. Мы восьмы раз ладзім прэзентацыю стужкі, і на яе прыходзяць адны і тыя ж нашыя актывісты, якім нічога даводзіць не трэба», — са скрухай дадае Валеры Мазынскі, які хоча ўбачыць на прэзентацыях новых людзей.

Лявон Карповіч

Лявон Карповіч

Напрыканцы імпрэзы краязнаўца Лявон Карповіч пазнаёміў прысутных з калекцыяй паштовых марак, прысвечаных паўстанню 1863-1864 гадоў, якія вырабленыя збольшага ў Польшчы.


Удзельнікі імпрэзы абмеркавалі праблему страты інтарэсу беларускай моладзі да нацыянальнай гісторыі і яе эміграцыі за мяжу. Прысутныя ўсё ж прыйшлі да высновы, што пакуль ёсць неабыякавыя да нацыянальнай гісторыі людзі, Беларусь будзе. Ці здолеем мы забяспечыць пераемнасць? Пытанне застаецца.