Культурны снежань: Тры анонсы

Прадаўцы як дзяржаўных, так і недзяржаўных установаў гандлю і грамадскага харчавання пачынаюць ужо аздабляць залы і вітрыны ў чаканні Каляд і Новага году. Гэтак і ў беларускай літаратуры даўмеліся: расказваць пра культурныя падзеі варта пачынаць задоўга да гэтых самых падзеяў. І на гэтым этапе на першае месца выходзяць арганізатары — людзі, якія ўзвальваюць на сябе ўсю няўдзячную працу па пашырэнні інфармацыі, пошуку памяшкання ды зборы публікі. Адгукнуўшыся на самыя розныя прэс-рэлізы, мы адшукалі тых, хто стаіць за імі.

Прадаўцы як дзяржаўных, так і недзяржаўных установаў гандлю і грамадскага харчавання пачынаюць ужо аздабляць залы і вітрыны ў чаканні Каляд і Новага году. Гэтак і ў беларускай літаратуры даўмеліся: расказваць пра культурныя падзеі варта пачынаць задоўга да гэтых самых падзеяў. І на гэтым этапе на першае месца выходзяць арганізатары — людзі, якія ўзвальваюць на сябе ўсю няўдзячную працу па пашырэнні інфармацыі, пошуку памяшкання ды зборы публікі. Адгукнуўшыся на самыя розныя прэс-рэлізы, мы адшукалі тых, хто стаіць за імі. Ніжэй Югася Каляда, Віка Трэнас ды Георгій Барташ па ініцыятыве культаглядальнікаў «НЧ» нахвальваюць літаратурныя вечарыны, да якіх маюць дачыненне.
Грузіце вершы бочкамі
маладыя літаратары з Харкава выступяць у Мінску
Пачнём, аднак, з падзеі лістападаўскай, сустрэча з героямі якой чакае чытача літаральна заўтра. Прывабіла яна нас сваёй надзвычайнасцю: украінскія паэты ў Мінску — госці частыя, але каб у такой колькасці?..
-------------------------------------------
28 лістапада (субота) а 18:00 у галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37А, (ст. м. «Плошча Перамогі», у двары дома «Подзвіг народа») у рамках фестывалю «Кніга як арт-аб’ект» пры падтрымцы ўкраінскага выдавецтва «Смолоскип» адбудзецца творчая акцыя літаб’яднання «Бочка» (Харкаў, Украіна).
Выступаюць: маладыя ўдзельнікі «Бочкі» Насця Велес, Ігар Зарудка, Кацярына Карунык, Алена Рыбка, а таксама крыху старэйшыя за іх, але ўжо прызнаныя ва Украіне пісьменнікі Алег Коцараў, Сашко Ушкалаў. Праводзіць вечарыну гомельская пісьменніца Югася Каляда, якая пачытае свае творы. Таксама прагучаць пераклады ўкраінскай і беларускай паэзіі.
Уваход вольны.

-------------------------------------------

Пісьменніца Югася Каляда, вядучая вечарыны, расказвае, як з перспектывы жыхаркі горада на памежжы выглядае беларуска-ўкраінскі культурны абмен.
— Як жыхарка гораду-на-памежжы, магу ўпэўнена сцвердзіць: паміж Гомелем і Чарнігавам сапраўды трывае шчыльны абмен, але ў рэчышчы матэрыяльнай культуры. Памежныя аўтобусы з цягнікамі штодня вязуць па абодвух напрамках прадукты харчавання і вопратку — а зусім не кнігі і перыядычныя выданні.
Мая абазнанасць ва ўкраінскай літаратуры абумоўлена выключна асабістай ініцыятывай. Я раю тым, хто піша па-беларуску, вывучыць украінскую мову. Мы атрымаем унікальны досвед параўнання і лепш зразумеем беларускую: словаўтварэнне, этымалогію лексікі; убачым, як нацыянальная мова ўваходзіць у паўсядзённы ўжытак, як трансфармуюцца запазычанасці і калькаванні. І тады ўжо чакае захапляльнае падарожжа па абшарах новаадкрытай Культуры: ад фальклору да сучаснай паэзіі, якая фармуецца і складаецца літаральна на вачах.
Тым і цікавы ды карысны выступ удзельнікаў мультмастацкага аб’яднання «Бочка»: мы маем магчымасць не на падставе чутак «а як там у іх», а на грунце ўласнага досведу зрабіць выснову, дык чым жа ёсць паэзія г. зв. «двухтысячнікаў», і самім спрагназаваць, у якім кірунку развіваецца маладая ўкраінская літаратура.
Пісьменнік абавязаны рэгулярна і своечасова друкавацца. Такую неаспрэчную выснову я зрабіла пасля таго, як даслала ў кошык парачку аповесцяў, неабачліва пакладзеных «у шуфляду», з разлікам на будучыню. Кожны год дадае досведу, мяняе каштоўнасці, ацэнкі; і прапанаваць чытачам тое, што я ўважаю за састарэлае, мне не дазваляе сумленне. Затое мне не сорамна за апошнія вершы, іх я і пачытаю.
Дыялог зорак
штогадовы літаратурна-мастацкі праект «Выявы–2009»
«Вы-я-вы» прывабілі нас не толькі шматлікім мультымедыйнымі цікавосткамі, абяцанымі ў анонсе, але і тым, што гэта, бадай, адзіная літаратурная імпрэза ў краіне, за ўваход на якую БЯРУЦЬ ГРОШЫ. Прычым арганізатаркі папярэджваюць: квіткоў на ўсіх ахвочых можа не хапіць! Другая незвычайная рэч наконт праекту — яго ладзіць «ПРОМА-ГРУПА» — так паэткі Віка Трэнас і Юлія Новік цяпер пазіцыянуюць сваё творчае аб’яднанне.
Штогадовы некамерцыйны літаратурна-мастацкі праект «Выявы» — ініцыятыва наймаладзейшага пакалення беларускіх літаратараў. Першае мерапрыемства адбылося 6 снежня 2008 года. Сёлета ў падрыхтоўцы «Выяваў» задзейнічана больш за дваццаць творцаў, сярод якіх — пісьменнікі, мастакі, фатографы, дызайнеры, рэжысёры, музыканты.

----------------------------------------------------


5 снежня (субота) у 18.00 у Тэатры рускага рамансу (вул. Чыгуначная, д. 27, корп. 2)
«Выявы–2009» — спалучэнне візуальнага, музычнага і літаратурнага мастацтва.
Вас чакае «Дыялог зорак»:
Людміла Рублеўская і Вераніка Шніп
Віктар Жыбуль і Джэці
Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч
Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака
Алёна Беланожка і Маргарыта Аляшкевіч
Барды Ната Пушкарова і Паша Кузіч, і іншыя.
Кошт квітка 7000 бел. руб. Даведка і заказ квіткоў па тэл. +37529 5607793, +37529 1354495 або праз e-mail: vuavu@list.ru.
Увага! Кожны наведнік атрымае ў падарунак унікальную самаробную электронную кнігу коміксаў «Блакітны Свін і яму падобныя», запісаную адмыслова для «Дыялогу зорак».


---------------------------------------------------


Паэтка Віка Трэнас у новай для сябе якасці прамоўтаркі называе тры прычыны, па якіх варта набыць квіток на «Выявы» — бо такога вы болей нідзе не пабачыце!
— Па-першае, да выступлення Уладзімера Арлова і Андрэя Хадановіча мы прымеркавалі паказ эксклюзіўнай сумеснай фотасесіі абодвух пісьменнікаў, зробленай двума цікавымі маладымі фатографамі.
Па-другое, для «Выяваў–2009» мы спланавалі адмысловыя рубрыкі. Спецыяльны госць, знаны блюзмен Юры Несцярэнка выканае свае лепшыя кампазіцыі. Удзельніца на біс Ганна Федарук прадставіць нумар, у якім спалучыліся паэзія, музыка і ўсходні танец. Дэбютантка «Выяваў», паэтка і фотамастак Ірына Агеева прэзентуе так званую «мабільную фотавыставу».
Па-трэцяе, можна будзе пазнаёміцца з «віртуальнымі» ўдзельнікамі «Выяваў» — мастаком Аляксеем Раўскім (Беларусь — Францыя) і рэжысёрам Джонатанам Дрыскалам (Канада). Будзе дэманстравацца фільм Дрыскала пра беларускі рыцарскі рух. Мы з Юляй Новік падрабязней раскажам пра іх творчасць падчас імпрэзы.
Фэст аднаго верша
конкурс калядна-навагодняй паэзіі
Гэты праект прывабіў нас ужо традыцыйна: штогод «НЧ» з прыемнасцю публікуе вершаваныя вынікі калядна-навагодняй імпрэзы. Вядома ж, усе мы любім Новы год і Каляды — а Фэст аднаго верша прапануе адзначыць гэтыя святы незвычайна і па-эстэцку.

---------------------------------------------------
Творчая суполка «Lito.Беларусь» запрашае ўсіх-усіх-усіх да ўдзелу ў ІІІ Фэсце аднаго верша, прысвечаным Божаму Нараджэнню, Новаму году, зіме і іншым снежна-гурбным, шампанска-мандарынавым вабнотам.
Умовы ўдзелу ў фэсце:
Вам неабходна даслаць на адрас gggbbb2007@gmail.com:
1. Адзін верш на згаданую тэму.
2. Псеўданім, пад якім ваш верш будзе адасланы сябрам журы.
3. Сапраўдныя дадзеныя: імя, прозвішча, месца жыхарства, кантакты (гэта інфармацыя — толькі для арганізатараў).
Удзельнікі могуць мець любы ўзрост, жыць у любой краіне, а іх твор можа быць напісаны на якой-заўгодна мове.
Выніковы вечар адбудзецца прыблізна ў дні каталіцкага Божага Нараджэння ў Мінску (дата, час і месца будуць абвешчаныя дадаткова — сачыце за абвесткамі на сайце http://lito1.ru). Спіс журы будзе абнародаваны пазней. Скажам толькі, што ён вельмі прадстаўнічы. Упершыню ў склад журы ўвойдуць пісьменнік Адам Глобус, а таксама пераможца папярэдніх конкурсаў Вольга Базылёва.
Даведкі па тэлефоне:
+37429 6521134

---------------------------------------------------
Пісьменнік Георгій Барташ, кіраўнік суполкі «Lito.Беларусь», як і належыць дыпламаванаму гісторыку, расказвае пра гісторыю ўзнікнення фэсту яго і традыцыі.
— Ідэя фэсту прыйшла таму, што ў ёй была вострая неабходнасць. У лістападзе 2007-га я паскардзіўся Віцы Трэнас, што даўно не ладзіў ніякіх літаратурных вечарын, бо не было «жыццядайнай ідэі». На жаль, проста чытанне аўтарамі твораў адно аднаму ў прысутнасці купкі сваякоў, каханкаў ды субутыльнікаў нікому не цікавае. Акцыя запамінаецца, калі яна заснаваная на арыгінальным сюжэце, канцэпце.
Як і ўсё найлепшае, «канцэпт» прыдумаўся ўначы, я патэлефанаваў Віцы зранку і сказаў: «Ідэя ёсць! Ідэя простая, як валёнак!» І сапраўды, схема фэсту дэмакратычная і не патрабуе грошай. За выняткам фінальнай вечарыны, усё адбываецца праз інтэрнэт.
Традыцыі — гэта, найперш, двухмоўе, а ў перспектыве шматмоўе фэсту. У мінулым годзе на конкурс прыйшоў адзін верш на ўкраінскай мове. Спадзяюся, за першай ластаўкай пацягнуцца іншыя. І аднойчы надыдзе дзень, калі мы атрымаем творы на іншых славянскіх, на балцкіх мовах... І выніковы вечар вядзецца па-руску і беларуску. Мая задача — стварыць шматмоўную літаратурную прастору.
Стабільнасць складу журы і яго поўная незалежнасць — таксама адна з традыцый фэсту. Кожны сябар журы атрымлівае падборку вершаў па інтэрнэце і прымае рашэнні, абапіраючыся на ўласны густ. Вынік фэсту — арыфметычная сума меркаванняў. Арганізатары — пасрэднікі і на выбар пераможцаў не ўплываюць.
Шчыра запрашаю ўсіх, згодна з трэцяй традыцыяй конкурсу, да актыўнага ўдзелу!