Кума Ларысы Геніюш

Неяк каля помніка Ларысе Геніюш Сяргей Чыгрын прасіў зэльвенцаў падзяліцца ўспамінамі пра людзей, якія былі добра знаёмы з паэткай. Я не адразу зразумела, што гэта зварот і да мяне, бо я працавала ў адной школе з кумой Ларысы Антонаўны (ды і зараз часта сустракаюся з ёю) — Ірынай Станіславаўнай Тукальскай.



sam_2749.jpg

Злева направа: Ірына Тукальская, Янка Геніюш, Ларыса Геніюш

Настаўніца фізічнай культуры

Ірына Тукальская (у дзявоцтве Андрышак) нарадзілася ў Беластоку. У 1941 годзе ёй якраз быў час ісці ў школу, а тут — вайна. Бацьку немцы забралі на ўзвядзенне аднаго з бункераў для Гітлера, пасля заканчэння будаўніцтва якога ўсіх рабочых расстралялі. Калі б не дапамога родзічаў, невядома, ці выжыла б у ваенным ліхалецці немалая сям’я Станіслава Андрышака: жонка і чацвёра дзяцей…

Пасля вызвалення Беластока Ірынка пайшла ў школу. Вучылася вельмі старанна, асабліва любіла матэматыку. Настаўнікі праэкзаменавалі дзяўчынку і перавялі адразу ў 3-ці клас. Так за адзін год маленькае дзяўчо скончыла ажно тры класы!

Неўзабаве сям’я перабралася да родных маці на Бераставіччыну, а потым — у Гродна. Пасля заканчэння СШ №9 Гродна Ірына адразу паступіла ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Маленькая, зграбная, пластычная, надзвычай працалюбівая і адказная, дзяўчына без вялікіх цяжкасцей закончыла вучобу і атрымала накіраванне ў адзіную тады ў Зэльве сярэднюю школу. А ёй хацелася вучыцца далей. Паехала ў Мінск, паспяхова здала экзамены і з гэтай навіной як на крылах ляцела ў Зэльву.

Але ў РАНА яе радасць не падзялілі: катастрафічна не хапала спецыялістаў па фізічнай культуры. Упрасілі дзяўчыну крыху пачакаць з вучобай. І яна саступіла. А неўзабаве выйшла замуж за студэнта-завочніка. Так і засталася з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Вядома, увесь час займалася самаадукацыяй, ездзіла на курсы, так што ад калег з вышэйшай адукацыяй не адставала. 33 гады адпрацавала ў адной школе! Выгадавала нямала спартсменаў, настаўнікаў фізічнай культуры.

Лёс не надта шкадаваў Ірыну Станіславаўну. У 46 гадоў яна засталася ўдавой. Адна ажаніла сыноў, уладкоўвала іх быт, гадавала ўнукаў. Пакуль вырашаліся ў дзяцей жыллёвыя праблемы, сем’і абодвух сыноў былі пад яе апекай. 7 гадоў пражыла з сям’ёй старэйшага сына, 22 гады — малодшага. Радуецца, што нядаўна дачакалася праўнучку.

Пасля выхаду на пенсію Ірыну Станіславаўну запрасілі ў мясцовую бальніцу, адкуль і пасля сямі гадоў працы не хацелі адпускаць. Яно і зразумела: жанчына стала незаменным памочнікам медсястры. Яна праводзіла рэабілітацыйную гімнастыку і кропкавы масаж, шмат іншай штодзённай працы, наўпрост не звязанай з абавязкамі санітаркі.

sam_2744.jpg

Ларыса Геніюш — хросная маці

З сям’ёй Геніюшаў Ірына Станіславаўна пазнаёмілася дзякуючы мужу, які быў блізкім сваяком Івана Пятровіча. Бываць у гэтых інтэлігентных гасцінных людзей стала духоўнай патрэбай. Перабіраючы шматлікія фотаздымкі, звязаныя з Геніюшамі, жанчына кажа: «Вось глядзіце, як любіла Ларыса Антонаўна сустракаць гасцей. Жылі ж яны небагата, але гаспадыня была вельмі ашчаднай і вынаходлівай. Сёе-тое вырошчвала на сваім невялікім агародзе, перапрацоўвала яго дары і любіла частаваць далікатэсамі са слоікаў».

Пэўны час, як згадвае Ірына Станіславаўна, Ларысу Антонаўну запрашалі ў школы. Яна ведала шмат цікавага з гісторыі краю, звычаяў беларусаў. Яе каментарыі да вершаў успрымаліся з вялікай цікавасцю, бо думкі свае яна выказвала вобразна і пераканаўча.

sam_2742.jpg

Але зноў за хатай Геніюшаў пачалі наглядаць, размовы з наведвальнікамі праслухоўваліся. Ды і частае наведванне Ларысай Антонаўнай царквы выклікала незадаволенасць у мясцовай улады. І калі Тукальскія запрасілі Ларысу Антонаўну стаць хроснай маці іх сынам, давялося таіцца. А калі дапытвалі Ірыну Станіславаўну ў школе, ці хрысціла яна дзяцей, тая адказвала: «Спытайце пра гэта ў маёй свякрові. Яна праваслаўнай веры, а я каталічка, касцёл жа ў нас закрыты».

Да самай смерці клапацілася Ларыса Антонаўна пра сваіх хрэснікаў. Калі ажаніўся старэйшы, Пётр, Ларыса Антонаўна, вельмі хворая і слабая, прымала самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да вяселля. Жыла паэтка непадалёку ад сталовай, дзе мелася адбыцца вяселле, таму многае рыхтавалася ў яе хаце і з яе непасрэдным удзелам. А яшчэ Ларыса Антонаўна падрыхтавала вершаванае віншаванне:

Сям’я — гэта шчасце і лад, і бяспечнасць,

Прыстанішча вернае ў нашым жыцці.

Ў нас цэняцца розум, душа, чалавечнасць,

Жадаю вам годна праз беды прайсці.

Не радасці толькі, спакой і бяспечнасць —

Доля прыносіць і боль, і цяжар,

І што б не лягло табе, сынку, на плечы, —

Стрывай, бо сягоння ўжо ты — Гаспадар!

Хай Танечка цэніць харошую маці,

Што сына свайго ёй у падарак дала.

Хай гаспадарыць, гатовіць, а ў святы

Ветліва кліча нас ўсіх да стала!

Ў любові і еднасці нашая сіла,

У шчасці сямейным, ў павазе людской.

Дык будзьце такімі, як продкі вучылі,

Ў любові і згодзе жывіце з сабой!

А ў адным з лістоў да малодшага хрэсніка Уладзіміра, калі той служыў у войску, паэтка пісала: «Хлопчык мой родны, жадаю табе цікавай і добрай службы, шчырых сяброў. Ад шчырага сэрца жадаю спакою і міру на свеце, каб ніколі нічога не пагражала ні вам, салдацікам, ні нам. А пакуль — шчаслівай службы, мой хлопчык. Мама твая бывае ў мяне, старэнькай, амаль кожны дзень…»

sam_2745.jpg

Сын і нявестка  Геніюшаў

Віншуючы дарагую куму з 1980-м годам, Ларыса Антонаўна згадвае, якім цяжкім быў адыходзячы год для радні і яе самой (у 1979-м памерлі спадарожнікі жыцця абедзвюх жанчын), спадзяецца на лепшае, цешыцца, што і яна не забытая раднёй мужа:

З Новым годам, каханыя родзічы,

Што сяння на зямлю ступіў,

Цяжкім быў для нас год адыходзячы,

Дай Бог гэты шчаслівейшым быў!

Паклон нізкі харошаму роду,

Сяння ў кожнага ноша свая,

Ўсё ж лягчэй нясці боль і нягоды,

Калі дружная разам сям’я!

Будзем жыць, як дзяды нас вучылі,

Ў шчырай працы, ў сяброўстве з людзьмі,

Тут вякі ужо нашы, магілы,

Мы па бацькаўскай ходзім зямлі!

Паглядаю на цэрквачку белую

І на двор генюшоўскі (у арыгінале геніушаўскі) з вакна,

І раблюся зноў сільнаю, смелаю,

Адчуваю, што я не адна.

З Новым годам, каханыя родзічы,

Майго мілага мужа сям’я,

У час радасці, гора ці немачы

Буду разам з усімі і я!

З’яднала хата Геніюшаў

Дзякуючы сваяцкім сувязям з Геніюшамі, жыццё Ірыны Станіславаўны ўзбагацілася знаёмствам з многімі таленавітымі людзьмі. Яна вельмі даражыць успамінамі пра тых, з кім з’яднала гасцінная хата на былой Царкоўнай вуліцы (цяпер Савецкай).

Вось як расказвае яна пра першае знаёмства з Уладзімірам Караткевічам: «Прыйшла я неяк да Ларысы Антонаўны, а на ганку сядзіць малады мужчына, з якім ажыўлена размаўляе Ларыса Антонаўна. Вітаюся, а яна кажа: «Вось, Ірачка, пазнаёмся. Гэта наш вельмі таленавіты пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Раю сачыць за яго творамі». Уладзімір Сямёнавіч у адказ на гэтыя словы ўстаў і, схіліўшы галаву, пацалаваў мне руку, чым вельмі збянтэжыў. Потым мы сустракаліся яшчэ, калі імя Караткевіча стала вядома ва ўсёй Беларусі, але першая сустрэча найбольш урэзалася ў памяць».

Вельмі памятнай была сустрэча з Нінай Мацяш, па-мацярынску апякуемай Ларысай Антонаўнай.

«Ужо не памятаю, на чыім дні нараджэнні, — працягвае Ірына Станіславаўна, — адзіны раз бачылася з Зоськай Верас. Мне потым пра яе многа расказвала Ларыса Антонаўна. А вось з Алесем Белакозам, Аляксеем Пяткевічам, Данутай Бічэль бачыліся даволі часта. Пяткевіч нават быў у мяне дома, калі наведваў Зэльву».

Калі Ларыса Антонаўна падрыхтавала да друку зборнік «На чабары настоена», Ірына Станіславаўна адвозіла рукапіс у Гродна да Дануты Бічэль, з якой было дамоўлена аб напісанні прадмовы. Ларыса Антонаўна вельмі хвалявалася. Ёй здавалася, што яе «кніганошу» абавязкова затрымаюць, адбяруць рукапіс, і загіне праца яе душы і рук. Ірына Станіславаўна супакойвала: «Не хвалюйцеся, ніхто мяне не зачэпіць. А зачэпіць — у крыўду сябе не дам. Вы мяне ведаеце, я ж — гімнастка».

Ужо пасля смерці Ларысы Антонаўны лёс звёў Ірыну Станіславаўну яшчэ з адным паклоннікам таленту славутай кумы — Галінай Дзягілевай. Пасля спектакля «Белы сон», падрыхтаванага актрысай, Ірына Станіславаўна вельмі дзякавала за цудоўнае ўвасабленне вобраза паэткі на сцэне. Так завязалася знаёмства. У адной з паштовак Дзягілева пісала: «…Зэльва для мяне вельмі дарагі куток, і людзі родныя. Перадайце, калі ласка, ад мяне прывітанне ўсім, каму дарагая наша Ларыса Антонаўна, якая нас з’яднала».

Лісты і каментары

Яшчэ і яшчэ раз праглядаючы эпісталярныя зборнікі «Каб вы ведалі» і «Лісты з Зэльвы», любоўна падрыхтаваныя Міхасём Скоблам, перачытваю радкі, прысвечаныя Ірыне Станіславаўне і яе дзецям. Пытаюся, ці памятае яна пра тыя падзеі, што ўзгадваюцца ў лістах Ларысы Антонаўны. «Чытала ўсе кнігі незабыўнай кумы. Калі сустракала ў лістах сваё імя, старалася ўзнавіць у памяці тыя дні і падзеі, пра якія яна піша. І, ведаеце, не ўсё помніцца. Калі б гадоў 10 таму адбылася наша з вамі гутарка, то, напэўна, больш падзей было ў памяці. А так, што зробіш, 80 гадкоў нядаўна стукнула». У свае восем дзясяткаў Ірына Станіславаўна па-ранейшаму сябруе з фізкультурай, кожны дзень на веласіпедзе ездзіць у касцёл.

Гартаючы «Лісты з Зэльвы», Ірына Станіславаўна спыняе позірк на лісце кумы да Надзеі Васільеўны Караткевіч. «Вось глядзіце, Ларыса Антонаўна піша маме Уладзіміра Сямёнавіча: «Тукальская вельмі задаволена з чаравічкаў. Не сцешыцца з іх». А я ніяк не прыпомню, пра што ідзе размова. Вось пра матэрыял на сукенку і спадніцу, падараваны мне Ларысай Антонаўнай, памятаю добра. Ёй з Канады прыслалі пасылку, і яна, шчодрая душа, падарыла мне і яшчэ некаторым сваячкам па некалькі метраў матэрыялу. Але пра гэта Ларыса Антонаўна чамусьці не піша».

А мне вельмі запомніўся ліст да Дануты Бічэль ад 8 снежня 1979 года, у якім паэтка пісала: «Мяне зноў «адкінула». Вечарам было вельмі дрэнна, …і я ледзь не плакала… Тады нехта пастукаўся. Гэта была Іра. Яна заходзіла вечарам з працы і надта спалохалася майго выгляду. Гэта ёй не дало спаць…»

Ірына Станіславаўна доўга сядзіць моўчкі, а потым уздыхае: «Гэта ж 1979 год. Цяжкі і для яе, і для мяне. У пачатку года яна пахавала свайго мужа, а ў верасні — я свайго… Я часта начавала ў Ларысы Антонаўны, каб разважыць яе, скрасіць адзіноту. У мяне і сапраўды было нейкае прадчуванне, калі ёй асабліва кепска. Вось і ў той вечар, пра які згадвае кума, я пасля школы зайшла да яе, убачыла, як ёй дрэнна, і не магла спакойна заснуць. Вось і прыбегла сярод ночы. Яна вельмі была ўдзячна мне. Размаўлялі да раніцы пра ўсё: і пра лагер, і пра дарагіх спадарожнікаў, і пра дзяцей. Пасля такіх размоў і слёзы, што аблягчаюць душу, успамінаюцца з ціхай радасцю».

Знаходзім яшчэ адзін ліст паэткі, дзе яна гаворыць пра работу Ірыны Станіславаўны і яе хваробу: «Іра ляжыць у бальніцы. Яна — настаўніца гімнастыкі, і лыжы даканалі ёй сэрца». (З пісьма Міколу Канашу ад 6 лютага 1982 г.) Ірына Станіславаўна згодна ківае галавой, але думае пра іншы выпадак: «У 1982 годзе я ляжала з традыцыйнай для зімовага часу прастудай. А вось як яна выратоўвала мяне раней, калі мне спатрэбілася тэрміновая аперацыя, бачыце, нідзе не піша».

Я прапаную: «А вы раскажыце самі». І жанчына ўспамінае: «Ларыса Антонаўна першай забіла трывогу. Яна пазваніла ў Мінск да сваячкі, звязалася са знаёмым доктарам у Баранавічах, сама села са мной у машыну і паехала ў няблізкую дарогу. Не ведаю, дзе там яна начавала, але першай, каго ўбачыла, ачуняўшы пасля аперацыі, была Ларыса Антонаўна. Вялікай душы была яна чалавек».

Развітанне

Калі Ларысу Антонаўну адвезлі ў Гродзенскую абласную бальніцу, Ірына Станіславаўна часта наведвала яе. Памятае, як віншавала змучаную і слабую пасля аперацыі паэтку з 8 Сакавіка. Прывезла з Зэльвы ёй першыя вясновыя кветкі, бо ведала, як любіла іх Ларыса Антонаўна.

У сувязі з кветкамі хочацца прывесці ўспаміны яшчэ адной нашай настаўніцы — Клаўдзіі Іванаўны Санукевіч. Яна якраз вучылася ў Гродзенскім педінстытуце, калі туды была запрошана Ларыса Антонаўна. Дык вось, аднаго студэнта адправілі купіць кветкі для госці. Выбег хлопец на вуліцу, а насустрач яму жанчына з букетам. Давай прасіць незнаёмку, каб прадала яму кветкі, бо вельмі ж тэрмінова трэба для добрага чалавека. Жанчына міла ўсміхнулася і працягнула юнаку букет… Потым аказалася, што гэта і была Ларыса Геніюш.

На час веснавых канікул Ірына Станіславаўна ўзяла адгулы і цэлы тыдзень даглядала хворую. Болі былі настолькі невыноснымі, што Ларысе Антонаўне не заўсёды ўдавалася стрымлівацца. Тады выгаворвала куме, што не так павярнула, не так пасадзіла, не так банкі паставіла, дрэнна пераапранула ці пераслала пасцель… А пасля ўколаў, калі боль крыху суцешваўся, прасіла прабачэння.

Назаўсёды ў памяці засталіся апошнія словы Ларысы Антонаўны, калі настаўніца ад’язджала на працу, а жыць вялікай змагарцы за Беларусь аставаўся ўсяго тыдзень: «Перадай зэльвенскім уладам, што я ніколі не была ворагам і ўжо не буду. Хай спяць спакойна».

Памерла Ларыса Антонаўна пры жонцы паэта Юркі Голуба — Кацярыне.

Потым было пахаванне, на якое не пабаялася прыйсці ледзь не ўся Зэльва. Праца над помнікам, ва ўстаноўцы якога дапамагалі і хрэснікі паэткі — Пётр і Уладзімір Тукальскія. А Ірына Станіславаўна, наведваючы дарагія магілы, ніколі не мінае і магілы сваёй дарагой кумы.

Сувязі не абрываюцца

Пасля смерці Ларысы Антонаўны прайшло 30 гадоў, але сувязі Ірыны Станіславаўны з нашчадкамі паэткі не абрываюцца. У Беластоку жывуць нявестка і ўнукі Ларысы Антонаўны. Раней, Ірына Станіславаўна наведвала іх, зараз у асноўным перапісваюцца-перазвоньваюцца.

Унукі Міхась і Алесь падарылі Ларысе Антонаўне ажно 9 праўнукаў, прытым пяцёра — хлопцы. Значыць, род Геніюшаў на зямлі будзе працягвацца.

Зрэдку нехта з унукаў-праўнукаў наведвае Зэльву. На 100-годдзе Ларысы Антонаўны прыязджаў унук Міхась, а ў мінулым годзе з унукам Даніэлем была нявестка Валянціна. Жылі яны ў Тукальскай і мелі магчымасць наведаць і магілы, і пабываць у былой геніюшаўскай хаце.

sam_2746.jpg

Ірына Тукальская з праўнукам Геніюшаў Даніэлем каля хаты Геніюшаў у Зэльве

Беражліва захоўвае Ірына Станіславаўна ўсё, што звязана з роднымі і дарагімі людзьмі: кнігі, пісьмы, вершы, фотаздымкі. Вось і нядаўна бібліятэка яе папоўнілася новай кнігай Ларысы Антонаўны, перададзенай нявесткай. Гэта — «Ptaki bez gniazd» з беларускамоўным дыскам. Выданне здзейснена ў Беластоку ў рамках праекту «Памяць па-над часам і межамі». Дай Бог доўгага і шчаслівага жыцця нашчадкам і ўсім, хто ахвяруе свой талент на даследаванне жыцця і творчасці незвычайнай жанчыны — Ларысы Антонаўны Геніюш!