Лаўрэаты прэміі міру запатрабавалі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі
"Абмежаванне свабоды слова — адзін з самых падступных інструментаў таталітарных кіраўнікоў, каб выбудаваць або ўмацаваць аўтакратычную сістэму"

Святлана Алексіевіч ідзе на допыт ў следчы камітэт. 26 жніўня 2020 года. Фота Алены Ляшкевіч
Лаўрэаты прэміі міру нямецкага кнігагандлю выказалі падтрымку народу Беларусі і пісьменніцы Святлане Алексіевіч, паведамляе www.dw.com.
Лаўрэаты Прэміі міру нямецкага кнігагандлю апублікавалі ў пятніцу, 11 верасня, сумесную заяву, у якой выказалі салідарнасць з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры і чальцом прэзідыума Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі Святланай Алексіевіч.
Пісьменнікі заклікалі спыніць "запалохванне і тэрор", накіраваныя супраць Алексіевіч і супраць "пратэстаў беларускага народа, якія да гэтага часу праходзяць мірна".
Аўтары заявы адзначаюць, што дзеянні беларускіх уладаў, накіраваныя супраць Алексіевіч і чальцоў Каардынацыйнай рады, — гэта спроба знішчыць мірныя пратэсты з дапамогай "паліцэйскага тэрору, катаванняў і выкраданняў".
У 2013 годзе Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам прэміі міру нямецкай кнігагандлю. Як мяркуюць аўтары заявы, і цяпер Алексіевіч рабіла менавіта тое, за што ёй раней прысудзілі гэтую ўзнагароду: "Казала праўду і была голасам тых, хто паўстае супраць прыніжэння, несправядлівасці і пагарды да правоў чалавека".
Да нямецкіх пісьменнікаў далучылася і Біржавое аб'яднанне нямецкай кнігагандлю. "Абмежаванне свабоды слова — адзін з самых падступных інструментаў таталітарных кіраўнікоў, каб выбудаваць або ўмацаваць аўтакратычную сістэму", — сказаў кіраўнік аб'яднання Аляксандр Скіпіс (Alexander Skipis).