Людміла Уліцкая — Святлане Алексіевіч: «Жадаю табе жыць у краіне, свабоднай ад тупой і прыкрай улады. І сабе зычу таго ж»
«Падзеі ў Беларусі разбурылі маю ідылічную карціну жыцця: стала відавочна, як улада выпускае зубы, калі адчувае пагрозу свайму бестэрміноваму і беззаконнаму існаванню…» — напісала расійская пісьменніца ў лісце да сваёй каляжанкі Святланы Алексіевіч.
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры, сябар прэзідыума Каардынацыйнай рады Святлана Алексіевіч звярнулася да расійскай інтэлігенцыі. Яе заява апублікавана на сайце беларускага ПЭН-цэнтра.
«Я хачу звярнуцца да рускай інтэлігенцыі, назавем гэта так па-старому звычаю. Чаму вы маўчыце? Мы чуем толькі рэдкія галасы ў падтрымку. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растоптваюць маленькі, годны народ? Мы ўсё яшчэ вашы браты».
Святлана Алексіевіч — апошняя з сямі сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады, якая застаецца на волі. Каб не дапусціць арышту Алексіевіч, у яе кватэры ў Мінску 9 верасня сабраліся еўрапейскія дыпламаты, журналісты, пісьменнікі і яе чытачы.
Усе іншыя сябры Каардынацыйнай рады альбо сілком выправаджаныя з краіны, альбо знаходзяцца ў зняволенні па падазрэнні ў закліках да захопу ўлады. Гэтую крымінальную справу беларускія сілавікі завялі адразу пасля стварэння КР.
«Руская служба ВВС» папрасіла расійскую пісьменніцу Людмілу Уліцкую, якая ў 2012 годзе выстаўляла сваю кандыдатуру на выбарах у расійскую Каардынацыйную раду апазіцыі, адказаць Святлане Алексіевіч. Тая пераслала ліст, які напісала сваёй каляжанцы.
«Беларусь сёння перажывае тое, што, верагодна, давядзецца перажыць праз нейкі час і Расіі. Для ўсіх нас падзеі апошніх тыдняў у Беларусі — мадэль нашай хуткай будучыні. Прычым мадэль добрая…
Ніводнай хвіліны свайго жыцця мне не падабалася ўлада. Ніякая — ні сталінская, ні паслясталінская, ні ўвесь карагод наступных нашых лідараў, ні ўлада паслясавецкая, пуцінская.
Аднак досвед жыцця савецкага чалавека, які правёў большую частку свайго жыцця пад барабанны бой бессаромнай прапаганды, даў мне добры імунітэт. Я не адзін раз казала —сапраўды, мы сёння жывем папросту ў "залатым веку", калі параўнаць наша жыццё з жыццём нашых бацькоў і дзядоў…
Падзеі ў Беларусі разбурылі маю ідылічную карціну жыцця: стала відавочна, як улада выпускае зубы, калі адчувае пагрозу свайму бестэрміноваму і беззаконнаму існаванню…
Усе мы — кажу пра маіх сяброў, аднадумцаў, якіх нямала, — з найвялікшым напружаннем сочым за ўсімі навінамі, якія паступаюць цяпер з Беларусі. Ведаем і пра арышты, і пра з'яўленне новых выдатных лідараў, і разумеем, што ў вашай краіне адбылося падзея, якая заўтра можа адбыцца і ў Расіі.
Я дасылаю табе сардэчнае прывітанне, жадаю здароўя і сіл, зычу табе жыць у краіне, свабоднай ад тупой і прыкрай ўлады. І сабе, дарагая мая, зычу таго ж».
Паводле meduza.io