Лёзны паэт: Маціяс Гёрыц нарэшце па-беларуску
Нямецкі паэт, пісьменнік, прафесар літаратуры, арганізатар майстэрні для маладых пісьменнікаў і сучасны дэндзі Маціяс Гёрыц нарэшце загучаў па-беларуску.
Гарадское паветра робіць цябе вольным.
(Cярэднявечны нямецкі выраз)
Першая кніга аўтара па-беларуску з'явілася дзякуючы перакладу Вольгі Гапеевай. Зборнік вершаў «Кароткая гісторыя сэрца» выйшаў у свет у выдавецтве «Галіяфы» ў канцы 2019 года. У зборнік увайшлі вершы розных гадоў, з трох розных зборнікаў: Loops (2001), Pools (2006), Tools (2011).
Інтымная і філасофская паэзія раскрываецца праз прызму вандраванняў і, безумоўна, турботнага кахання — аўтар смела і мудрагеліста вядзе расповед пра пачуцці, паклаўшы сэрца на далонь.
Ці не таму мы так любім паэзію, бо яна абавязкова і так імгненна, адважна апускае нас у чужы свет кахання, інтымнага, прыватнага? А паэты нароўні з кардыёлагамі з'яўляюцца адзінымі сапраўднымі знаўцамі чалавечых сэрцаў.
Пры гэтым вандраванні і любоў да горада і гарадоў наогул часта перамагаюць тэму кахання. Бо вандраванні вызваляюць ад зняволенняў, у тым ліку ад зняволення каханнем. Такім парадкам, паэтам кахання Маціяса не назваць — ён паэт месца перадусім. Ён сам заўважае ў гутарцы, што ў Еўропе з Сярэднявечча месца бачыцца, як фінальны пункт любога, хто марыць пра вызваленне і ўсёдазваленне.
Мае першае прачытанне вершаў Маціяса адразу выклікала вобраз лёзнага паэта, вандроўнага, беглага, свабоднага, чужынца ўсюль, які шукае вызвалення ва ўсё новых і новых гарадах: Парыж, Варшава, Хельсінкі, Любляна, Масква, Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес, Кракаў, Чыкага, Стамбул, Франкфурт-на-Майне. Розныя гарады мільгацяць у вершах і ў жыцці паэта часцей за жанчын і амурных гісторый. Паэт стварае сапраўдныя паэтычныя гіды-оды розным гарадам, у якіх ён калісьці жыў і куды любіць вяртацца. Пры гэтым месца хоць і прапануе цэлую палітру актыўнасцяў, часта робіць чалавека сумным. Пра сум гарадскога чалавека нагадваюць і мае асабліва ўлюбёныя вершы зборніку: «Не распавядай мне нічога» і «Пластыкавы пакет, гнаны ветрам». Дакладна так невядома, ці, сапраўды, Любляна з'яўляецца любімым месцам паэта, як на гэта ўказвае назва верша. З вершаваных прызнанняў мне падалося, што аўтар куды больш закаханы ў Хельсінкі і Фінляндыю наогул. Парыж хоць і «горад метафар», але застаецца «старым і халодным».
А яшчэ ў вершах часьцей за людзей паўстаюць жывёлы: сабакі, груганы і дэльфіны. Абвінавачваць паэта ў мізантропіі не выпадае, але жывёльны свет, хоць і залежны ад чалавека, часта выглядае дабрэй і шчаслівейшым. Асабліва яскрава чытаецца гэта ў вершы «Сон дэльфіна».
Афаліна сніць сны цэлымі днямі.Мора Яна гэта мора.Ніхто не ведае яго так добра.Марскі сон, у гіпнозе адна палова,іншая крычыць, рыпіць,глэмае рыбу, трашчыць,танчыць, сукупляецца,пакуль раптам сон не спыняеццазастыглым малюнкам.
А ў невялічкім цыкле вершаў зборніку, прысвечаным сабакам — «Гатэлі для сабак» хаваецца і чытаецца ўся вусцішнасць і крывадушнасць чалавека, які пакідае на час адпачынку сваіх улюбёнцаў нібыта ў гатэлі, насамрэч амаль у турме. І зноў жывёла малюецца дабрэйшай, анёлападобнай у працівагу сапраўднаму звераватаму чалавеку.
Акрамя ўласна вершаў зборнік смачна дапоўнены гутаркай «Гатэль са словаў» перакладніцы з паэтам. Сціслая, але ёмістая размова, насамрэч, адказвае на многія пытанні, паўсталыя падчас чытання зборніку. Зборнік пераконвае ўсіх, нават самых скептычных і празаічных чытачоў у важнасці і актуальнасці паэзіі. Вершы з-пад пяра Маціяса — прыклад паэзіі-гуманізму, паэзіі-выратавання ад самагубства — яго самога неяк выратавалі якраз вершы іншага паэта Тэда Х’юза. А яшчэ, як дадае аўтар сам у гутарцы, паэзія ратуе ад «празмернага эканамічнага лібералізму». Якраз пэўная ідэалагічнасць ягоных вершаў прываблівае дадаткова, бо лірычны бой, вершаванае супрацьстаянне «дурной фанатычнасці рэлігій ці нацыяналізму» адразу памяшчаюць паэта ў лагер гуманізму і грамадзянскай паэзіі. Не кожны паэт пакідае тэрыторыю чыстай паэзіі і ступае на небяспечную сцежку «тут»:
Зрэшты, Маціяс Гёрыц — не толькі знаны паэт, ён з лёгкасцю пачуваецца з усімі іншымі літаратурнымі формамі: раман, эсэ, сцэнар, п’еса і радыёп’еса. Проза таксама займае важнае месца ў ягонай працы: ён аўтар трох раманаў — «Кароткі сон Якаба Фоса» (2005), Летуценнікі і грэшнікі» (2013) і «Паркер» (2018). Ніводны, на жаль, дасюль не даступны па-беларуску. Але хацелася б хаця крыху пазнаёміць беларускае чытацтва з дэбютным раманам — «Кароткі сон Якаба Фоса», які адразу знайшоў станоўчую крытыку, прапанаваўшы чытацтву хоць і вядомы ўсім аўтабіяграфічны раман, тым не менш пазбаўлены эгацэнтрызму, удала збалансаваны паміж сапраўднай і дадуманай гісторыяй. Гэта кароткі ўрывак — кароткі сон — з успамінаў пра 80-я гады яшчэ не ўз'яднанай Нямеччыны, пра крах бацькавай справы — птушынай фермы, на якую навалілася эпідэмія птушынага грыпу. Зніклы свет дзяцінства, уляцелы назаўсёды ў нябыт мясцовы каларыт падаюцца без настальгіі. У прозе лёгка спазнаецца пяро паэта. Дарэчы, крытыкі заўсёды пазначаюць лірычнасць, незабыўную мову, гульню ў мову, з мовай, уласцівыя аўтару. А яшчэ чытво можа зрабіць з чытацтва, якое усё яшчэ ўжывае мяса, сапраўдных вегетарыянцаў.
Хоць апошнім часам Маціяс Гёрыц стала жыве ў Сэнт-Луісе і крыху здраджвае сваім паэтычным прароцтвам і марам вечнага вандравання, ён ўсё яшчэ застаецца лёзным паэтам, калі прыгадаць старабеларускую мову — у сэнсе вольным, не звязаным ніякім цэхам, ані літаратурнай групоўкай.