Лукашэнкаўскі Мінкульт адмяніў пракат яшчэ аднаго беларускага фільма

Міністэрства культуры не дазволіла пракат чарговага беларускага фільма. На гэты раз чыноўнікам не дагадзіў псіхалагічны трылер «Дзіўны дом», паведамляе «Е*рарадыё». Яго аўтары — прадзюсар Аляксей Ліпаў (уладальнік кампаніі Filmwagen) і кліпмэйкер і рэжысёр Максім Максімаў.

Кадр з фільма «Дзіўны дом». Скрыншот «Е*рарадыё»

Кадр з фільма «Дзіўны дом». Скрыншот «Е*рарадыё»

Карціна мусіла выйсці 13 красавіка, але прэм'еру адмянілі. Па словах рэжысёра, фільм адправілі на дадатковую праверку, з чым яна звязаная — невядома. 6 красавіка «Дзіўны дом» выйшаў у расійскі пракат.

Стужка распавядае пра сямейную пару, якая адпраўляецца на адпачынак пасля лячэння жонкі ад псіхічнай хваробы. Кожную раніцу маладая жанчына, прачынаючыся, разумее, што дом перамясціўся ў іншае месца. Муж спрабуе супакоіць жонку, але яе "вар'яцтва" абвастраецца, пакуль яна не выяўляе сапраўдныя прычыны таго, што адбываецца.

Аляксей Ліпаў і Максім Максімаў вядомыя праектам «Забароненая зона» рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.

На гэтым тыдні таксама стала вядома, што з афішы серыяла «За паўгадзіны да вясны» пра музыку Уладзіміра Мулявіна і савецкі ансамбль «Песняры» прыбралі акцёраў Дзмітрыя Есяневіча і Георгія Пятрэнку. Есяневіч — выканаўца з трупы Купалаўскага тэатра, які звольніўся разам з калегамі ў знак пратэсту ў 2020 годзе. Пасля гэтага лукашэнкаўскі Мінкульт унёс вольных купалаўцаў у чорныя спісы.

Есяневіча і Пятрэнку таксама «максімальна прыбралі з праекта, пераманціраваўшы сцэны з іх прысутнасцю на экране».

Меркавана, серыял адцэнзуравалі, каб атрымаць у Мінкульта дазвол на паказ яго ў Беларусі. У Расіі серыял дэманструюць на «Першым канале» і платформе Start.

«Раней Мінкульт ужо клаў на паліцу праекты, у якіх гралі нелаяльныя ўладзе акцёры», — канстатуе аўтар допісу.

Вядома, што на экраны ў Беларусі так і не выйшаў шырока разрэкламаваны фільм «Купала» — мастацкая стужка пра жыццё і творчасць беларускага класіка Янкі Купалы. Карціна была знята на кінастудыі «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства культуры. Публічна паказалі яе толькі адзін раз на Маскоўскім кінафестывалі ў 2020 годзе, пасля чаго фільм не дэманстраваўся з палітычных прычын.

Эксперты лічаць, што гэта звязана з пачаткам палітычнага крызісу ў Беларусі пасля выбараў 2020 года і нацыянальнай скіраванасцю фільма, якая супярэчыць прарасійскім ідэям рэжыму Лукашэнкі.

Падчас пратэстаў 2020 года сілавікі двойчы затрымлівалі актрысу Алену Гіранок, якая ў фільме «Купала» грала ролю жонкі паэта — Уладзіславы.