З афішы фільма пра «Песняроў» прыбралі акцёра-купалаўца Дзмітрыя Есяневіча
Цэнзура накшталт той, якую выкарыстоўвалі ў сталінскія часы, калі прыбіралі з фотаздымкаў рэпрэсаваных людзей.
З афішы серыяла «За паўгадзіны да вясны» пра музыку Уладзіміра Мулявіна і савецкі ансамбль «Песняры» прыбралі акцёраў Дзмітрыя Есяневіча і Георгія Пятрэнку, паведамляе тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд». Есяневіч — выканаўца з трупы Купалаўскага тэатра, які звольніўся разам з калегамі ў знак пратэсту ў 2020 годзе. Пасля гэтага лукашэнкаўскі Мінкульт унёс вольных купалаўцаў у чорныя спісы.
Паводле звестак тэлеграм-канала, Есяневіча і Пятрэнку таксама «максімальна прыбралі з праекта, пераманціраваўшы сцэны з іх прысутнасцю на экране».
Акцёры гралі ўдзельнікаў гурта «Песняры». Есяневіч выканаў ролю барабаншчыка Аляксандра Дзямешкі.
Таксама, як адзначае «Свяшчэнны Белавуд», у фільме
зняўся яшчэ адзін акцёр-купалавец — Міхась Зуй. Не выключана, што сцэны з імі таксама
прыбралі з серыяла.
«Можна меркаваць,
цэнзура адбылася, каб атрымаць у Мінкульта дазвол на паказ серыяла ў Беларусі.
Пакуль інфармацыі пра паказ у краіне няма. У Расіі серыял з учорашняга дня
дэманструюць на «Першым канале» і платформе Start (пакуль там дзве
серыі)», — піша тэлеграм-канал.
«Раней Мінкульт
ужо клаў на паліцу праекты, у якіх гралі нелаяльныя ўладзе акцёры», — канстатуе аўтар допісу.
Вядома, што на экраны ў Беларусі так і не выйшаў шырока разрэкламаваны фільм «Купала» — мастацкая стужка пра жыццё і творчасць беларускага класіка Янкі Купалы. Карціна была знята на кінастудыі «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства культуры. Публічна паказалі яе толькі адзін раз на Маскоўскім кінафестывалі ў 2020 годзе, пасля чаго фільм не дэманстраваўся з палітычных прычын.
Эксперты лічаць, што гэта звязана з пачаткам палітычнага крызісу ў Беларусі пасля выбараў 2020 года і нацыянальнай скіраванасцю фільма, якая супярэчыць прарасійскім ідэям рэжыму Лукашэнкі.
Падчас пратэстаў 2020 года сілавікі двойчы затрымлівалі актрысу Алену Гіранок, якая ў фільме «Купала» грала ролю жонкі паэта Уладзіславы.