«Маці-беларуска» Ніны Абрамчык
Я шмат працаваў у французскіх архівах, у прыватнасці ў фондах Французскай нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, у пошуках тэкстаў беларуска-французскай дзяячкі і этналагіні Ніны Абрамчык, але так і не знайшоў асобнік газеты «Беларуска», якую выдала яна ў Францыі пасля вайны.
Гэты асобнік дасюль застаецца таямніцай. Затое я знайшоў іншыя нечаканыя тэксты Ніны Абрамчык па-французску. З франкамоўнай этналагічнай спадчынай паэткі і даследніцы я ўжо знаёміў чытачоў. А гэтым разам прапаную адкрыць Ніну Абрамчык-публіцыстку, якая выступала да ўсяго на тэму жаночага пытання, жаночых правоў і змагання за іх у хрысціянскім рэчышчы.
Ніна Абрамчык, калі стала заснавалася ў Парыжы разам з мужам у 1943 годзе, пачала інтэгравацца ў французскую культуру і мову. Пры гэтым працягвала дапамагаць мужу ў ягонай незалежніцкай актыўнасці. Яшчэ да афіцыйнага абрання Міколы Абрамчыка старшынёй Рады БНР у 1947 годзе, спадарыня Ніна выказвала амбітнасць, старалася рэалізоўвацца ў публічным і інтэлектуальным жыцці і не заставацца ў ценю вядомага мужа.
У архівах міжнароднага часопіса «La Femme dans la vie sociale» («Жанчына ў сацыяльным жыцці») за 1947 год месціцца кур’ёзны тэкст, напісаны Нінай Абрамчык, — «La Mère biélorussienne» («Маці-беларуска»). Часопіс выдаваўся ў Парыжы Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам — рухам, які стаяў на пазіцыях сацыяльнага каталіцызму і змагаўся за палітычныя правы і права сямейнага галасавання. То-бок, у адрозненне ад суфражыстак і левых феміністак, сацыяльны каталіцкі рух хацеў, каб галасаванне адбывалася не індывідуальна, а сем'ямі. Сямейнае галасаванне мела на ўвазе магчымасць мець колькасць галасоў, прапарцыйную памеру сям'і (з улікам бацькоў і дзяцей). Гэтая досыць кансерватыўная мадэль так і не рэалізавалася ў Францыі. На чале хаўрусу і часопіса стаяла французская сіндыкалістка, каталіцкая феміністка Андрэ Буціяр, якая стварыла жаночыя каталіцкія прафсаюзы і спрыяла распаўсюду такой прафесіі, як сацыяльны працаўнік/сацыяльная працаўніца.
Артыкул Ніны Абрамчык — вынік ейнага выступу на Міжнародным кангрэсе «La Vie des Mères» («Мацярынскае жыццё»), арганізаваным увесну 1947 года Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам. Ніна Абрамчык пазначаная як прадстаўніца і выступоўца ад Беларусі. Арганізатаркі кангрэсу не запрасілі афіцыйных асобаў ад БССР/СССР, не збаяліся крытыкі з боку камуністаў і савецкай амбасады, а далі голас беларусцы ў выгнанні.
Тэкст Ніны Абрамчык у меншай ступені цікавы з фемінісцкай пазіцыі, бо ейная візія ўпісваецца хутчэй у паняцце «жаночая справа», «жаночая і мацярынская ідэнтычнасць», а не «фемінізм» уласна кажучы. Аднак часта якраз гэта і з'яўляецца ўласцівасцю жаночага клерыкальнага беларускага руху ці асобных дзяячак, актывістак і верніцаў — нерадыкальныя меры і вырашэнне жаночага пытання, кансэнсусныя і часам традыцыйныя формы актывізму. Але перадусім важнае тое, што ўнутры гэтага руху артыкулюецца жаночая тэма, пытанне жаночых правоў.
А яшчэ тэкст парыжскай беларускі цікавы моцным незалежніцкім, антысавецкім, антыкаланіялісцкім, а да ўсяго пацыфісцкім пасланнем: артыкул пачынаецца з таго, што аўтарка кажа пра жудасныя наступствы вайны, якія асаблівым цяжарам кладуцца перадусім на ўсіх маці. Але мацеркі нацыяў, пазбаўленых незалежнасці, пакутуюць удвая, бо падтрымка з чужынскай метраполіі заўжды спазняецца.
Ніна Абрамчык смела і праўдзіва падкрэслівае, што жанчыны становяцца першымі ахвярамі эканамічнай мізерыі і слабасці дзяржавы, жанчыны ў Беларусі пасля вайны літаральна выцягваюць хвалёную савецкую эканоміку на сваіх спінах.
Далей Ніна Абрамчык параўноўвае гвалт нямецкага жаўнера з самавольствам і дэспатызмам расійскага жаўнера — якраз гэты тэкст адкідвае савецкую беспадстаўную крытыку ў бок беларусаў, якія эмігравалі з СССР, у бок Ніны Абрамчык і пары Абрамчыкаў наогул ва ўслаўленні нацызму. Наадварот, у тэксце «Маці-беларуска» ясна прапісана нянавісць дзяячкі да ўсіх захопнікаў — як заходніх, так і ўсходніх.
Фемінісцкае пасланне тэксту ўсё ж узмацняецца эмацыйным завяршэннем-заклікам да салідарнасці ўсіх жанчынаў «шчаслівых народаў» з беларускамі і беларусамі ў бядзе. Беларускія мужчыны ў Радзе БНР і іншых дыяспарных структурах не маглі і не ўмелі задзейнічаць гэты чыннік жаночай салідарнасці — Ніна Абрамчык як амбітная і разумная жанчына зразумела сілу і прывілею фемінісцкага рэсурсу.
Мы сталі сведкамі таго, як пасля жніўня 2020 года гэты рэсурс зноў актывізаваўся, і мы пабачылі да ўсяго не толькі дзейную сімвалічную зброю жанчынаў у белым, але салідарнасць жанчынаў і мужчынаў «шчаслівых народаў» з беларусамі ў бядзе. А Ніну Абрамчык варта ведаць і памятаць не проста як жонку Міколы Абрамчыка, а як актыўную дзяячку, мыслярку жаночага пытання і кабету, якая да канца заставалася незалежнай у той час, калі Беларусь была ў савецкім палоне.