«Машына дыхае, а я — не». У Мінску адкрыецца выстава, прысвечаная беларускім медыкам
У event-прасторы «Месца» (вул. Рэвалюцыйная, 7А) 30 сакавіка адкрыецца выстава праекта «Машына дыхае, а я — не». Праект прысвечаны беларускім медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся за апошні год: пандэміяй COVID-19 і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя.
Аўтарамі прац для выставы выступілі вядомыя фатографы і мастакі, а ў шырокай адукацыйнай праграме прымуць удзел медыкі, філосафы і сацыёлагі. Куратары праекта — платформа SHKLO+, арганізатары — грамадскае аб’яднанне «ЗВЕНО». Візуальны стыль распрацаваў украінскі дызайнер Саша Бычэнка. Уваход на выставу і ўсе мерапрыемствы праграмы вольны.
Год у рэжыме чакання, без планаў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, у паніцы, у шоку, у апатыі. Раптам мы аказаліся ў сітуацыі экстрэмальнай уразлівасці і бездапаможнасці. Тады, у сакавіку 2020, ніхто і падумаць не мог, што пандэмія расцягнецца на такі доўгі тэрмін. За гэты час беларускае грамадства перажыло радыкальную трансфармацыю свядомасці. Даследаванне гэтых змен і стала асноўным матывам выставачнага праекта «Машына дыхае, а я — не».
Назва выставы «Машына дыхае, а я — не» ўзята з праекта Галіны Краснапёравай «Запiскi пацыентаў, якія ляжаць на ШВЛ». Аўтарка здымала запіскі людзей, якія доўгі час знаходзіліся пад апаратам ШВЛ і былі пазбаўленыя магчымасці паўнавартасна камунікаваць. Запіскі былі іх адзіным спосабам перадаваць свае думкі і жаданні. Абраная для назвы фраза падкрэслівае ўразлівасць чалавечага жыцця і яго залежнасць ад знешняй падтрымкі.
Іншы погляд на далікатнасць чалавечага жыцця на фоне глабальнай катастрофы паказвае Максім Сарычаў у сваім праекце «Куды зніклі ўсе кветкі?». Фатаграфуючы завялыя кветкі на фоне газетных палос, ён сутыкае сферы прыватнага і публічнага, трагедыі асобных людзей і сухія зводкі навін.
Гаворачы пра каронавірус, немагчыма прамаўчаць пра гераізм, які праявілі лекары ў барацьбе з пандэміяй. На працягу года беларускія медыкі працуюць на мяжы сваіх магчымасцей, знаходзячыся пад прыцэльным агнём, падвяргаючыся не толькі небяспецы захварэць, але і іншым відам ціску. «Рэпартаж з "бруднай зоны"» Алеся Пілецкага — адзін з нямногіх прыкладаў фотасведчанняў, што называецца, знутры. Фатограф дакументуе працу і ўмовы працы медыкаў, якія лячылі кавідных хворых у Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў перыяд першай хвалі COVID-19.
Праца мастачкі Машы Святагор, журналісткі Веранікі Лазарэвіч і прадзюсаркі Юлі Ваўчок «Гісторыі лекараў. 2020 год» паказвае ўмовы, у якіх аказаліся лекары, праз партрэты і асабістыя гісторыі. У гэтым праекце медыкі выступаюць не толькі як героі-змагары з таямнічай хваробай, але і як грамадскія актывісты.
Важнай з’явай кавідных часоў стала «сталенне» беларускага грамадства. Упершыню за доўгі час беларусы пачалі аб’ядноўвацца для сумеснага самастойнага вырашэння праблем. У сваім «Маніфесце» мастачка Васіліса Паляніна і мастак Андрэй Анро, аб'яднаўшыся ў групу з паказальнай назвай «Хто, акрамя нас», заклікаюць грамадства працягваць салідарызавацца: «Мы — разам!» — кажуць аўтарка і аўтар у сваім тэксце.
Акрамя выставы праект «Машына дыхае, а я — не» ўключыць у сябе шырокую адукацыйную праграму: экскурсіі, кінапаказы, дыскусіі, адкрытыя інтэрв'ю, прэзентацыі. На працягу трох тыдняў наведвальнікаў чакаюць сустрэчы з лідарамі і лідаркамі меркаванняў: мастакамі, лекарамі, філосафамі, журналістамі. Яскравай часткай праграмы стануць паказы фільмаў пра лекараў ад фестывалю «WATCH DOCS Belarus».
На месцы наведвальнікі па неабходнасці будуць забяспечвацца маскамі, ахоўнымі шчыткамі і антысептыкамі, на мерапрыемствах таксама будзе дзейнічаць дыстанцыйная рассадка. Прынятыя меры зніжаюць рызыку заражэння, але не гарантуюць 100% аховы, таму рашэнне і адказнасць за наведванне мерапрыемстваў праекта ляжыць на наведвальніках.
Выстава працягнецца да 17 красавіка. Рэжым працы: працоўныя дні — 14.00-20.00, выхадныя — 12.00-20.00. Звярніце ўвагу, што выхадны дзень серада. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.
Сачыце за навінамі праекта ў яго сацыяльных медыя:
Facebook https://www.facebook.com/mashinadyshit
Instagram https://www.instagram.com/mashina_dyshit
Праграма праекта «Машына дыхае, а я — не»
30 сакавіка-17 красавіка
1 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з псіхіятарам-нарколагам і псіхатэрапеўтам Уладзімірам Івановым. Мадэратар — журналіст «Onliner» Аляксандр Чарнуха.
2 красавіка 19.00 (афлайн) — Кінапаказ «Лебедзі» рэж. Галіна Адамовіч.
3 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з анестэзіёлагам-рэаніматолагам Уладзімірам Мартавым. Мадэратар — журналіст «Onliner» Аляксандр Чарнуха.
5 красавіка 19.00 (анлайн) — Экскурсія па выставе з мастакамі і куратарамі. Частка 1.
8 красавіка 19.00 (афлайн) — Дыскусія «Медыкі на COVID-перадавой». Удзельнікі: урач-інфекцыяніст Мікіта Салавей, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка, заснавальніца праекта «Імёны» Кацярына Сінюк, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кандыдат сацыялагічных навук Аксана Шэлест. Мадэратар — праграмны каардынатар «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская.
9 красавіка 19.00 (афлайн) — Кінапаказ «Мужчына, які чыніць жанчын: гнеў Гіпакрата» рэж. Тэры Мішэль.
12 красавіка 19.00 (анлайн) — Экскурсія па выставе з мастакамі і куратарамі. Частка 2.
15 красавіка 19.00 (анлайн) — Дыскусія «Паміж клятвай Гіпакрата і грамадзянскай пазіцыяй». Удзельнікі: хірург Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Дзмітрый Маркелаў, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ анкалогіі ім. М.М. Аляксандрава Аляксандр Мініч, кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра біяэтыкі РБ Валерыя Сакольчык, урач-анколаг, былая загадчыца анкалагічна-гематалагічнага аддзялення №3 РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат медыцынскіх навук Надзея Пятроўская. Мадэратар — праграмны каардынатар «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская.
16 красавіка 19.00 (афлайн) — Месяц барацьбы з міфамі пра медыцынскія прафесіі: сустрэча з урачом-інфекцыяністам Мікітам Салаўём. Мадэратар — журналіст «Onliner» Аляксандр Чарнуха.
17 красавіка (афлайн) — Прэзентацыя зіна праекта.