«Мазырская рэспубліка» Балаховіча — апошні шанец БНР

Што рабіць, калі няма ніякай надзеі, а акно магчымасцяў, дадзенае гісторыяй бацькам БНР, няўхільна зачыняецца? Канечне, пусціцца ў авантуру. Такой авантурай для часткі беларускіх дзеячаў сталі Беларускі Палітычны Камітэт і Беларуская Дзяржава з часовай сталіцай у Мазыры, што, як знічка, прамільгнулі на небасхіле канца Грамадзянскай вайны.

bnr_10.jpg

Мы ўжо пісалі пра генерала Станіслава Балаховіча, які паспеў пасупрацоўнічаць з рознымі ўрадамі і ва ўсіх расчаравацца. Ад імя БНР з ім дамаўляўся Езавітаў, і Балаховіч быў гатовы бараніць маладую рэспубліку, але яе айцам былі нашмат цікавейшыя замежныя паездкі, чым рэальная палітыка; грошай генерал так і не атрымаў...
Ягонае войска знаходзілася ў Прыбалтыцы, але тамтэйшыя ўлады былі такому суседству не дужа радыя. І Латвія, і Эстонія просяць «бацьку» Балаховіча разам з «сынкамі» пакінуць іхную тэрыторыю, бо баяцца прысутнасці белагвардзейскіх атрадаў пад любым соусам, асабліва пасля штурму Рыгі войскамі Бермондта-Авалава.

Балаховіч «беснаваўся і піў»

Кастусь Езавітаў успамінае пра сітуацыю ў канцы 1919 года:
«Балаховіч нерваваўся і дасылаў запіскі з пытаннем „што новага?“, я адказваў „навінаў пакуль няма“. Ён беснаваўся і піў. Аб гэтым парупіўся польскі вайсковы аташэ, які „выпадкова“ пазнаёміўся з Балаховічам і вельмі ўсцешыўся, што знайшоўся беларускі генерал, які мог бы ўзначаліць і аб’яднаць тыя беларускія атрады, якія ствараюцца ў Менску...»
У стане часовага бяздзеяння Балаховіч быў гатовы на любую авантуру. Напрыклад, узяць на сябе Полацкі фронт у Польска-савецкай вайне альбо нават... абвясціць і ўзначаліць Пскоўскую рэспубліку! Ведаючы таленты Балаховіча, ягонай асобай зацікавіўся і Пілсудскі, які вясной 1920-га казаў:
«Яго можна выкарыстаць, але не тут і не цяпер. Гэта адбудзецца ў апошнім акце, таму пакуль выпускаць гэты план з рук я не хачу...» — як вопытны карцёжнік, Пілсудскі ведаў, што кажа. І армія Люцыяна Жалігоўскага, і войска Балаховіча былі прыхаваныя ў яго для раптоўнага і балючага для ворагаў Польшчы ўдару.

«Да мяне цягнуліся ўсе тыя, каго пераследавалі за погляды...»

А што айцы БНР? Няўжо Балаховіч не быў ім патрэбны? Кузьма Цярэшчанка згадвае, як увесну 1920-га ў Мінску з’явіўся кур’ер Балаховіча, які даў зразумець, што «бацька» ўжо ў Берасці разам са сваім войскам, дзе і адчыняе вербавальнае бюро: значыць, нешта будзе... Рэакцыя Цярэшчанкі парадаксальная, але вельмі паказальная для разгубленага нацыянал-дэмакрата:
«...Пад выглядам беларускіх атрадаў ён пачаў набор рознага роду бадзялых расійскіх афіцэраў, для якіх беларуская справа была дарагой таксама, як леташні снег», — то бок дзеячам БНР не падабаліся кадры і стыль Балаховіча. Маўляў, лепш аніякай арміі, чым армія з «бадзялых расійскіх афіцэраў». Акурат такі рамантычны падыход да справы аказаўся для БНР самазабойчым.
Лета 1920-га Балаховіч праводзіць у баях з бальшавікамі на Палессі. Жаўнеры Балаховіча — гэта ўжо не «асобны атрад», не дывізія, не банда, а... «Руская народная добраахвотніцкая армія», якую палякі прызналі ў верасні 1920-га. Чаму такая назва? Ці гэта патрыятычна?.. Насамрэч Балаховіч усё робіць максімальна граматна: яму патрэбныя кваліфікаваныя кадры, якія будуць ваяваць з бальшавікамі, і каб іх прыцягнуць, патрэбная прывабная для расійскіх афіцэраў шыльда. Гэта бездакорны піяр-ход!

Балаховіч пры гэтым не перастае быць беларусам:

«Я дэмакрат, хрысціянін-католік, мая святой памяці маці была полькай, бацька — беларус. Я знаходжуся па-за партыямі. У Польшчу я прыбыў як беларускі генерал, добраахвотна, з вайсковымі часткамі, мною ўзброенымі ды экіпіраванымі. Кадры майго войска складаліся з беларусаў, крэсовых палякаў і расейцаў. Да мяне ахвотна цягнуліся ўсе тыя, каго пераследавалі за погляды камуністы ды германафілы. (...) Я горача верыў у Бога і справядлівасць».

Савінкаў пра мапу БНР: «Ну ў вас і апетыты!..»

Тут жа на даляглядзе з’яўляецца прафесійны рэвалюцыянер і тэрарыст Барыс Савінкаў са сваім Рускім Палітычным Камітэтам. Балаховіч яму патрэбны як таран, які праб’е цела савецкай дзяржавы ў напрамку Гомеля, Бранска, а пасля і Масквы. Балаховічу Савінкаў патрэбны з-за ягоных сувязяў, як часовы саюзнік у плане прыцягнення рэсурсаў разрозненага Белага руху.
Але «бацька» не хоча быць марыянеткай, ценем ці рубакам у руках Савінкава. Яму патрэбнае сваё палітычнае заплечча, якім БНР стаць не пажадала. Так ствараецца Беларускі Палітычны Камітэт. Туды ўваходзяць Вячаслаў Адамовіч (бацька Адамовіча-малодшага, «атамана Дзергача»), А. Лявіцкі (ён жа пісьменнік Ядвігін Ш.), Радаслаў Астроўскі (будучы лідар БЦР), Павел Аляксюк ды інш. Пісьменнік Ядвігін Ш. вельмі прагматычна ацаніў сітуацыю: «Трэба было ісці і рабіць сваю справу».
Як беларускім нацыяналістам не пасварыцца з імперцам Савінкавым? Гэта быў саюз людзей, якіх часова аб’яднала нянавісць да бальшавізму, арбітрам у якім выступіў Пілсудскі. Ёсць цікавая згадка пра момант, калі Савінкаву паказалі мапу БНР — мапу Беларусі ў этнаграфічных межах паводле Карскага, са Смаленскам і Бранскам... «Ну ў вас і апетыты... Нічога сабе!» — шчыра здзівіўся Савінкаў.
Дарэчы, Савінкаў не вельмі разумеў, чаму беларусы не могуць дамовіцца міжсобку: «У Беларусі палітычныя плыні шматлікія і заблытаныя. (...) Не беларусу цяжка зразумець, чаму варагуюць паміж сабой прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. І гэтая барацьба не спрыяе дакладнай пастаноўцы беларускага пытання...»

«За свабоду і мір ва ўсім свеце!»

У «момант Х» БПК публічна звяртаецца да Балаховіча з просьбай аб дапамозе, маўляў, трэба бараніць краіну ад бальшавікоў. «Бацька» адказвае ва ўласцівай яму папулісцкай манеры: «Руская народная добраахвотніцкая армія, якая змагаецца за свабоду ўсіх народаў і за мір ва ўсім свеце, атрымала прызыў аб дапамозе ад прадстаўнікоў свабоднага беларускага народу...»
І панеслася. Узяты Мазыр, пасля Калінкавічы. Яшчэ трошкі — і Балаховіч будзе ў Мінску. 16 лістапада 1920 года БПК абвяшчае «бацьку» «начальнікам беларускай дзяржавы». Генерал, зразумела, не вызнае БНР, а кіраўніком ягонага новага ўрада робіцца Адамовіч, віцэ-прэм’ерам — Аляксюк. Ягоная дзяржава — вораг савецкай Расіі, саюзнік Польшчы і Антанты. Гэта вяршыня кар’еры Балаховіча і момант ягонага палітычнага вызвалення ад Савінкава.
Важна, што дзяржава Балаховіча не была ўсяго толькі прыдаткам да арміі на маршы. На месцах прызначаюцца старасты і бургамістры, аднаўляецца праца пошты і тэлеграфа, мясцовая міліцыя каардынуе сваю варту з вайсковымі патрулямі. Галоўная дзяржаўная газета — «Зьвястун», якую рэдагуе Аляксюк, дзе друкуюцца ўсе звароты «бацькі» да беларускага народа.
Надломам маршу Балаховіча быў падзел ягонага войска. Частка мелася пайсці на поўдзень, каб падымаць стыхійныя паўстанні на Украіне, іншая частка — на поўнач. У гэты момант бальшавікі націснулі і разбілі сілы «бацькі» ўшчэнт... рэшткі ягонага войска адыходзяць да дэмаркацыйнай лініі з Польшчай, а 30 лістапада на польскі бок адыходзіць і сам паранены Балаховіч.
Трагедыя сітуацыі — гэта яшчэ і гісторыя Слуцкага збройнага чыну, дзе рэй вялі эсэры. Случчакі не прынялі дапамогі Балаховіча, спадзяваючыся на саміх сябе і... БНР. Беларуская Вайсковая Камісія, аднак, не аказала ніякай рэальнай дапамогі. Кузьма Цярэшчанка, які прыехаў " на фронт«, адно што расплакаўся пры выглядзе слуцкіх аддзелаў і... усё. Адзіным дзеячам БВК які застаўся і не збег, быў Андрэй Якубецкі, што не ўратавала сітуацыі: Слуцкае паўстанне было патопленае ў крыві.

«Бацькаў» праклён

У 1920-м Балаховіч стварае партызанскі цэнтр пад назвай «Зялёны Дуб», які дзейнічаў з Лунінца, засылаючы на савецкую тэрыторыю дыверсантаў. Сваё стаўленне да БНР, падзеленай на той час некалькімі радамі, «бацька» канчаткова выказаў у 1921 годзе. Цытата нагадвае праклён:
«З усіх урадаў, якія лічаць сябе беларускімі, будзе прызнаны той, які абапіраецца на беларускае сялянства, разам з ім працуе на незалежнасць і падзяляе ягоную цяжкую долю. Тыя ж, хто (...) з’яўляецца ўрадам адно на паперы, раз’язджае па замежжы, не мае нічога агульнага з народам, гальмуе справу ягонага вызвалення (...), абвяшчаюцца ворагамі беларускага народу».
Дзеячы БНР сапраўды занадта доўга думалі, «свой» ён ці «чарнасоценец», як да яго ставіцца і што з ім рабіць. А Балаховіч быў чалавекам справы, а не дыскусіі, і вырашыў дзейнічаць самастойна. Фактычна, «Мазырская рэспубліка» Балаховіча была апошнім шанцам незалежнай Беларусі у той перыяд і адначасова — найвышэйшым пунктам развіцця «ідэі БНР», абвешчанай 25 сакавіка 1918 года.
Алесь Кіркевіч для budzma.by