У Наваградку ўшанавалі пакутніц-назаратанак

28 і 29 ліпеня ў Наваградку праходзілі памятныя мерапрыемствы на ўшанаванне 75-годдзя мучаніцкай смерці адзінаццаці блаславёных сясцёр назаратанак. Кульмінацыяй урачыстасці стала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр.

pamiac.jpg

Увечары напярэдадні шматлікія вернікі і пілігрымы маліліся на месцы расстрэлу сясцёр у Батароўскім лесе пад Наваградкам. Малітва працягвалася ўсю ноч таксама ў фарным касцёле, дзе спачываюць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц.
На пачатку св. Імшы прадстаўнік Святога Айца прывітаў удзельнікаў памятных мерапрыемстваў, перадусім Гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, настаяцельніцу Правінцыі блаславёных Мучаніц з Наваградку с. Марыю Блашчык, духавенства, сясцёр, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса. Потым ён звярнуўся да ўсіх прысутных, якія сабраліся ў фарным касцёле, каб ушанаваць 75-я ўгодкі мучаніцкай смерці блаславёных назарэтанак:
«Гэтае месца святое, бо яно захоўвае памяць пра мучанікаў. Яны сведчаць нам пра тое, што хрысціяне перамагаюць не ўладай, зброяй, грошамі, дамовамі. Гэта не героі, а людзі, адзіная сціплая сіла якіх — вера і любоў. Яны не забіраюць жыццё ў іншых, а дораць сваё, як гэта зрабіў Езус, які не думаў пра сябе і не ўцёк з Ерузалема».
Іерарх падкрэсліў, што сёння перамога мучанікаў, іх сведчанне моцай Бога працягвае прыносіць плён у Беларусі, у Касцёле, які атрымлівае ўзмацненне ад іхняй ахвяры.
На заканчэнне Імшы быў прачытаны дэкрэт, якім фарны касцёл Перамянення Пана ў Наваградку абвешчаны санктуарыем блаславёных сясцёр-мучаніц Марыі Стэлы і паплечніц.
Паводле Радыё Рацыя