Між медытацыяй і рацыяй Алеся Разанава
Лекцыя Анатоля Івашчанкі пройдзе 16 сакавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў рамках праекта «Ведай нашых» запрашае на лекцыю Анатоля Івашчанкі "Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”.
Разанаў — загадка. Разанаў — разэнкрэйцэр. Разанаў — і камень, і скульптар. Ствараючы новыя формы, ён разбурае існыя нормы і парушае непахісныя догмы. Разанаў — крэпасць, аб якую ламаюцца паэталагічныя дзіды…

Пра Алеся Разанава гаворыцца шмат. Чатыры дзесяцігоддзі ягонае імя не сыходзіць з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ — невядома колькі — не будзе сыходзіць. Пішацца — меней. Бо як напісаць пра тое, як расце дрэва ці цячэ ручай?.. І заўжды, як пішацца акадэмічна, грунтоўна, “аб’ектыўна”, з дэклараваннем апошняе праўды, адчуваеш: “трэба глыбей”.
Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі абіраў свой Шлях (ці, можа, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму “Назаўжды”, дзе развітваўся з сілаба-тонікай. Развітаўся не назаўжды…
Даследнік творчасці Алеся Разанава Анатоль Івашчанка запрашае ў падарожжа па творах паэта — між медытацыяй і рацыяй.
Лекцыя складаецца з трох частак:
- класічныя вершы Алеся Разанава;
- эксперыментальныя формы і іх жанравая спецыфіка;
- найноўшы перыяд (1998-2018).

Сярод іншага, на лекцыі будзе закрануты
адзін магістральны матыў А. Разанава, якім ёсць канцэпт Шляху, выяўлены
перадусім у “Першай паэме шляху”. Як адзначае Г. Кісліцына, у “Шляху–360”
“вобраз шляху” выклікаў найбольшую ўвагу з боку крытыкаў, якія называюць гэты
зборнік “дэкларацыяй філасофскіх поглядаў паэта, яго творчым крэда”. Так, А.
Сідарэвіч у рэцэнзіі на кнігу сягае ад евангельскіх трактовак вобраза — да
бачання ў ім гегелеўскай заканамернасці развіцця, якое заключаецца ў “бясконцым станаўленні” “эга” лірычнага героя. Г.
Адамовіч бачыць у “Шляху–360” “вобраз самога чалавека: непарыўнае паглыбленне ў
самога сябе і выйсце на новыя межы самавыяўлення, пошук шляхоў да навакольнага
свету і раскрыццё шматстайных форм існавання”.
Словы “вобраз шляху” вышэй былі ўзятыя ў двукоссе з прычыны іх прысутнасці ў тэкстах названых крытыкаў. На нашую ж думку, больш слушна казаць пра канцэпт Шляху — пэўную канцэптуальную выснову, што выяўляе бачанне адносінаў паміж лірычным героем і “Шляхам” і сканцэнтравана ў фразе: “я той, хто шлях і хто па ім ідзе”. У разуменні сутнасці гэтай фразы, а таксама сістэмы вобразаў, што дапамагае прыйсці да яе фармулёўкі, крытыкі ў цэлым сыходзяцца. Найбольш ёмістую, на нашую думку, яе расшыфроўку падае А. Сідарэвіч: “Сказаўшы “я той, хто шлях і хто па ім ідзе”, паэт гаворыць: я — цялесны і праз цела іду да духоўнасці, выракаючыся ў сабе жывёліны (сабакі і свінні...)”.
Да гэтага дадзім, што “шлях праз цела” (якое адначасна гэтым самым шляхам і з’яўляецца), паслядоўна апісаны ў паэме, адсылае да вядомага ва ўсходніх духоўных практыках прынцыпу адсячэння прыхільнасцяў, а таксама да разумення Шляху (Дао) старажытнымі кітайцамі (вядомы трактат Лао Цзы “Дао дэ дзын”). А вось, як сам паэт удакладняе сэнс свайго разумення Шляху: “Адначасова шлях як бы ўбірае тое, што было ўчора і кожны новы дзень. Ён гэтаму шляху дазваляе ісці і адбывацца непаўторна. І калі асабовы шлях у дачыненні да канкрэтнай асобы застаецца ў значнай меры прыватным шляхам, прыватнай дарогай, то шлях творцы, шлях паэта... — гэта шлях самой рэчаіснасці”.
Заўважым, што нельга, каб пры інтэрпрэтацыі вобразнай сістэмы А. Разанава пераважваў нейкі адзін (напрыклад, “усходні”) падыход. Паэт адкрыты для разнастайных ведаў і вучэнняў, якія фільтруюцца і сінкрэтызуюцца ў яго творах, адкрываючы новыя сэнсы і падтэксты. Гэтак жа і ўся сусветная культура мае ўзаемапранікальныя адносіны. Так, канцэптуальная выснова, пра якую мы гаворым, моцна перагукаецца з словамі Хрыста: “Я — шлях, і ісціна, і жыццё” (паводле перакладу а. Чарняўскага — “Я — дарога, і праўда, і жыццё”) — выслоўем з Евангелля паводле Яна, што з’яўляецца базісным для хрысціянскай дактрыны. Можна меркаваць, што разанаўскае “я той, хто шлях і хто па ім ідзе” з’яўляецца перыфразам евангельскай цытаты, толькі без згадвання двух астатніх кампанентаў трыадзінства (ісціны і жыцця)".

Імпрэза пройдзе 16 сакавіка ў Музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. Багдановіча, 7а). Пачатак а 18:30. Уваход вольны.
Паводле lit-bel.org і прэс-службы Музея Максіма Багдановіча