«Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага — у Вільні з незвычайнымі гасцямі

У Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры і ў Беларускім музэі ў Вільні адбылася прэзэнтацыя кнігі «Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага. Кніга выйшла ў лістападзе ў выдавецтве «Скарына» (Лёндан), укладальнік – Уладзіслаў Гарбацкі.

Рымантас Матуліс, Уладзіслаў Гарбацкі, Людвіка Кардзіс і Вісьвідас Матуліс

Рымантас Матуліс, Уладзіслаў Гарбацкі, Людвіка Кардзіс і Вісьвідас Матуліс

Кніга і прэзэнтацыя сталіся працягам ушанаваньня памяці і 140-годзьдзя Вацлава Ластоўскага, што адзначаецца сёлета. Як вядома, Ластоўскі апрача ўсяго быў і мовазнаўцам — гэтаму аспэкту ягонай дзейнасьці і была прысьвечаная імпрэза. У кнізе пад адной вокладкай упершыню сабраныя артыкулы мовазнаўчай тэматыкі, напісаныя В. Ластоўскім з 1912 па 1927 гады.

Вялікім сюрпрызам імпрэзы сталася тое, што на яе завіталі ўнук і праўнук Вацлава Ластоўскага і Марыі Ластаўскене: Рымантас Матуліс і Вісьвідас Матуліс.

Сваякі Вацлава Ластоўскага жывуць у Вільні. Унуку Рымантасу Матулісу 82 гады, ён вядомы дзяяч, англіцыст, гісторык, перакладнік з ангельскай мовы і аўтар шматлікіх кнігаў і артыкулаў гістарычнай, этнаграфічнай тэматыкі. Беларускаму музэю ў Вільні ўнук Ластоўскага задарыў ангельскі пераклад сваёй кнігі The Origin of Lithuanian Nation (Паходжаньне летувіскай нацыі). Таксама сп. Рымантас распавёў аб тым, як ён досыць позна даведаўся пра жыцьцё і лёс свайго дзеда  — у сям’і мала гаварылі пра рэпрэсаванага родзіча. Унук прызнаўся, што дома часта гартае ці не галоўную кнігу, напісаную дзедам — «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі». 

img_6090_logo.jpg

Таксама слова ўзяў і праўнук Вісьвідас Матуліс, які сьцісла дадаў, што, мусіць, ад слынных прадзеда і прабабкі ўспадчыў жвавы інтарэс да літаратуры — праўнук таксама часам піша вершы. Сваякі не размаўляюць па-беларуску, але досыць добра разумеюць і могуць чытаць на мове дзеда і прадзеда.

На імпрэзу завітала і Даля Паўлюкевічуце, летувіская дасьледніца творчасьці першай жонкі Вацлава Ластоўскага Марыі Ластаўскене. Спадарыня Даля зьбірае матэрыял да новай кнігі, у якой будзе частка прысьвечаная адносінам Вацлава і Марыі Ластоўскіх. Дасьледніца падзялілася цікавай інфармацыяй, што датычыць мовы ліставаньня і грамадаваньня Вацлава і Марыі Ластоўскіх — у розныя часы яны выкарыстоўвалі некалькі моваў: польскую, расейскую, беларускую і летувіскую.

Рымантас Матуліс, унук Вацлава Ластоўскага

Рымантас Матуліс, унук Вацлава Ластоўскага

Шкада, што імпрэзу наведала ня так шмат беларусаў-ак — шыкоўны дэсант летувіскіх неверагодных і рэдкіх гасьцей у Віленскім Беларускім музэі заслуговаў куды большай увагі з боку беларускай грамады. Рэкляму імпрэзы праігнаравалі асноўныя інфармацыйныя парталы беларусаў Вільні і замежжа, а таксама цалкам абыйшоў увагай прэзэнтацыю ЭГУ. 

Тым ня менш, сьвята адбылося, прэзэнтацыя сталася важнай падзеяй у беларусім культурным і навуковым жыцьці 2023 году, які завяршаецца пад знакам ушанаваньня памяці і шматлікіх вычынаў вялікага беларуса-крывіча Вацлава Ластоўскага. 

img_6078_logo.jpg