Музычнае падарожжа праз стагоддзе з «Класік-Авангард»

18 сакавіка на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца cвяточны канцэрт «Музычнае падарожжа праз стагоддзе», прысвечаны сотай гадавіне аднаўлення незалежнасці Польшчы. 

plakat_3_1.jpg

Ансамбль салістаў "Класік-Авангард" пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава прадставіць з гэтай нагоды цікавую праграму, якая будзе складацца з выдатных прыкладаў польскай музыкі апошняга стагоддзя, а таксама твораў сучасных беларускіх кампазітараў.

У 2018 годзе Польшча адзначае 100-годдзе аднаўлення Незалежнасці. У гонар гэтай падзеі ўрад Рэспублікі Польшча зацвердзіў шматгадовую дзяржаўную праграму "Незалежная" (Niepodległa) на 2017–2021 гг., мэта якой — аб'ядноўваць і падтрымліваць шматлікія культурныя ініцыятывы, у тым ліку і міжнародныя, прысвечаныя святкаванню 100-гадовага юбілею аднаўлення незалежнасці Польшчы.

За незалежнасць змагаліся цэлыя пакаленні палякаў, пра яе марылі паэты і мастакі, пра яе думалі таксама кампазітары і музыканты. У праграме канцэрта “Музычнае падарожжа праз стагоддзе” прагучыць  музыка кампазітараў, творчы шлях якіх быў непасрэдна звязаны з перыядам аднаўлення незалежнасці.

plakat_koncert_18.03.2018.jpg

Гэта будуць творы Ігнацыя Яна Падэрэўскага — вялікага піяніста і першага прэм'ер-міністра незалежнай польскай дзяржавы;  Караля Шыманоўскага — выдатнага кампазітара адроджанай у 1918 годзе Польшчы, “бацькі” авангарда  ў галіне музыкі;  Зыгмунта Краўзэ — прыхільніка «ўнізму» ў музыцы — напрамку,  які стварыў пасля аднаўлення незалежнасці мастак Уладзіслаў Страмінскі,  ураджэнец Мінска і адзін з найважнейшых тэарэтыкаў новага польскага авангарда; Кшыштафа Пэндэрэцкага — аднаго з самых паважаных польскіх кампазітараў сучаснасці і іншых.

Прагучыць таксама музыка сучасных беларускіх кампазітараў, прысвечаная альбо натхнёная Польшчай. Спецыяльны госць канцэрта — Старшыня Саюза польскіх кампазітараў, музыказнаўца і публіцыст Мечыслаў Камінэк.

Паводле прэс-службы Польскага Інстытута ў Мінску