У Беларусь упершыню прывезлі ўнікальныя рукапісы біблейскіх часоў

Сёння, 20 верасня, у Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава "Беларусь і Біблія", на якой прадстаўленыя старажытныя кнігі і рукапісы коштам у міліёны долараў.

pic_000.jpg


Кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і валанцёры падышлі да выставы адказна: атмасфера, аздабленне цырымоніі і інфармацыйнае суправаджэнне паказвалі высокі ўзровень арганізацыі. На ўваходзе наведвальнікаў сустракалі і адразу накіроўвалі на месца. А сустракаць было каго: на адкрыцці прысутнічала не менш за дзве сотні чалавек. На дзіва, нямала сярод іх было і моладзі (як потым апынулася — пераважна тое былі студэнты-культуролагі, якім іх выкладчыкі параілі схадзіць на выставу ў рамках навучальнага курсу). Прысутнічала нямала публічных людзей: пісьменнікаў, грамадскіх і палітычных дзеячаў, не кажучы ўжо пра прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій і іўдэйскіх лідараў. Прамову трымаў і намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.
Кожны з выступоўцаў сказаў кароткі спіч пра важнасць гэтага мерапрыемства.
 

pic_001_1.jpg

Мітрапаліт Тадэўш Кандрусевіч: "Беларусь унікальная тым, што спалучыла заходнюю і ўсходнюю традыцыю Бібліі"

Першы прарэктар Інстытута тэалогіі Сяргей Гардун: "Мне хацелася б, каб нашым дэвізам было "Nulla die sine Biblia" - ані дня без Бібліі"

Першы прарэктар Інстытута тэалогіі Сяргей Гардун: "Мне хацелася б, каб нашым дэвізам было "Nulla die sine Biblia" - ані дня без Бібліі"

Пасля ўсіх прамоваў адкрылася ўласна выстава. Але тут наведвальнікаў чакаў непрыемны сюрпрыз: вядучая папрасіла прайсці на экскурсію перш за ўсё "шаноўных гасцей" пэўных катэгорый, якімі апынуліся, вядома, святары, дыпламаты і афіцыйныя асобы. Астатнія мусілі пачакаць. Матывавана гэта было тым, што памяшканне выставы занадта маленькае.
У выніку прыкладна палова наведвальнікаў сышла адразу. Астатнім прыйшлося пасля сканчэння цырымоніі чакаць у чарзе на выставу больш за гадзіну.
Аднак паглядзець на выставе сапраўды ёсць на што. Зараз там экспануюцца:
- Кумранскія рукапісы (яны ж "світкі Мёртвага Мора"), якім больш за 2 тыс год
- Самы старажытны з вядомых на сёння фрагмент Новага Запавету (1-2 ст н.э.)
- Гравюры Сальвадора Далі і Альбрэхта Дзюрэра
- Арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютара і Скарыны, знакамітыя 95 тэзісаў Лютэра
- Рэканструкцыя першага друкарскага станка 15 ст.
- Каля 200 іншых унікальных экспанатаў
Выстава працягнецца да 20 кастрычніка. Уваход свабодны па чытацкім білеце Нацыянальнай Бібліятэкі.
Фота: Нацыянальная Бібліятэка Рэспублікі Беларусь.