


Яшчэ адным важным папаўненьнем калекцыі выставы «Няскораныя» застаюцца лісты і малюнкі палітзьняволеных, якія ўражваюць і расчульваюць моцным пасланьнем няскорлівасьці і мацаты духу, і сьмелам інтымнай шчырасьці і цяплыні.

Зрэшты, у канцы 2022 году на выставе зьявіўся новы экспанат — турэмная майка з аптымістычным янотам, якую насілі навачасаўцы: спачатку зьняволены фотакарэспандэнт Дзьмітры Дзьмітрыеў, а потым рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб. Цікавы аповед-тлумачэньне апошняй носьбіткі майкі Аксаны дапаўняе экспанат і сьведчыць пра моцны дух нашых зьняволеных, якіх мы ня маем права забыць ды пакінуць на волю лёсу.
Янот — вязень і падарожнікСваю першую перадачу я атрымала ў аўторак, 26 красавіка 2022 года. У СІЗА №1 на Валадарскага 2 перадачы прымаюць з панядзелка па суботу. Але ў суботу мне нічога не прынеслі, бо яшчэ не ведалі ўсіх правіл. А ў панядзелак прымаюць толькі медычныя. І вось прыносяць мне перадачу, прасоўваюць у кармушку цыгарэты (калі што я не палю, але дасюль на волі лічаць, што гэта валюта за кратамі) пакет за пакетам, ежа, рэчы. І вось сярод рэчаў я бачу “Янота”. Майка нашага фотакора Дзмітрыя Дзмітрыева! Гэта ў ёй яго затрымалі на выбарчым участку 9 жніўня 2020 года. Яна была на ім у тыя жудасныя дні, а пасля і з’ездзіла ў Слуцк. А ў жніўні 2021-га гэты Янот зноў пабачыў Акрэсціна, а пасля і СІЗА ў Баранавічах. І вось ён у мяне, на Валадарцы.
Шчыра скажу, я з ім амаль не расставалася. На ноч пасціраю, ранкам зноў апрану. Калі вадзілі на кабінеты, шпацыры, ці яшчэ куды — усе хто бачыў “майго” Янота пасміхаліся. Ну і, канечне ж, гэты Янот быў са мной на першым пасяджэнні суда 7 чэрвеня 2022 года.

Выстава будзе працаваць да канца году, бо сёлета ўвесну і ўвосень спаўняецца 140-год зь дня нараджэньня адпаведна Ф. Аляхновіча і В. Ластоўскага, яшчэ двух выбітных няскораных беларусаў, якія ахвяравалі здароўем, жыцьцямі, але давялі сьвету як праз свае творы, так і ўласную гвалтоўную сьмерць пра крывавасьць і нялюдзкасьць СССР.