На 30 мая запланавана сустрэча ўладаў з грамадскасцю па праблемах кансервацыі руінаў Зембінскага касцёла

На 30 мая ў Барысаўскім райвыканкаме (Мінская вобласць) запланавана сустрэча чыноўнікаў з прадстаўнікамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры па праблемах кансервацыі ў вёсцы Зембін руінаў былога дамініканскага касцёлу. Гэты ўнікальны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры, узведзены ў 1790–1809 гадах, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.



e5e6851e7f7ffd3530e7389e183aa468.JPG

На 30 мая ў Барысаўскім райвыканкаме (Мінская вобласць) запланавана сустрэча чыноўнікаў з прадстаўнікамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры па праблемах кансервацыі ў вёсцы Зембін руінаў былога дамініканскага касцёлу. Гэты ўнікальны помнік барочна-класіцыстычнай архітэктуры, узведзены ў 1790–1809 гадах, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Касцёл зачынены ў 1833 годзе, зараз паўзруйнаваны і знаходзіцца ў аварыйным стане.


У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу старшыня таварыства Антон Астаповіч паведаміў, што грамадскае аб’яднанне з канца 2010 года займаецца праблемай кансервацыі руінаў помніка дойлідства. Паводле ягоных слоў, пасля дэталёвай падрыхтоўкі і аналізу сабранага матэрыялу таварыства звярнулася з лістом у Барысаўскі райвыканкам, у якім згодна з заканадаўствам ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны прапанавала правесці шэраг наступных сумесных мерапрыемстваў па захаванню рэшткаў былога касцёла:


1. Валанцёрскія дэсанты па добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол святыні і ўнутрыкасцёльнай прасторы. Мажлівыя ўдзельнікі — сябры таварыства, моладзевых грамадскіх аб’яднанняў Барысава, каталіцкіх арганізацый і жыхары вёскі Зембін.

21 красавіка варта правесці першы валанцёрскі дэсант, прысвечаны Міжнароднаму дню аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які штогод адзначаецца 18 красавіка.


2. Архіўна-бібліяграфічныя і натурныя даследаванні, у тым ліку археалагічна-архітэктурныя абмеры, а таксама распрацоўка на іх падставе канцэпцыі і эскізнай прапановы кансервацыі і экспанавання руін касцёла. Працы выконваюцца сябрамі архітэктурнай секцыі таварыства на валанцёрскай аснове.


3. Барысаўскаму райвыканкаму варта падтрымаць хадайніцтва аб наданні намесніку старшыні архітэктурнай секцыі таварыства Андрэю Вантуху права на ажыццяўленне архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў і кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.


4. Накіраваць прапанову Барысаўскага райвыканкама ў Міністэрства культуры аб прызначэнні Андрэя Вантуха навуковым кіраўніком помніка дойлідства “Руіны былога дамініканскага касцёла 1809 года ў вёсцы Зембін.


5. Прыняць рашэнне Барысаўскага райвыканкама аб пачатку збору мэтавых фінансавых сродкаў для правядзення супрацьаварыйных прац, далейшай кансервацыі і рэстаўрацыі руін касцёла на спонсарскі рахунак аддзела культуры. Распачаць інфармацыйную кампанію ў падтрымку збору сродкаў.


6. Правесці інжынерна-тэхнічныя даследаванні канструкцый руінаў з распрацоўкай рэкамендацый па іх узмацненню.


7. Арганізаваць супрацьаварыйныя працы на аб’екце.


8. Распрацаваць навукова-праектную дакументацыю па кансервацыі руінаў з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, а затым выканаць гэты праект.


Трэба мець на ўвазе, што амаль ўсе мерапрыемствы прапаноўвалася выканаць на валанцёрскай аснове, зазначыў Астаповіч.


Паводле ягоных слоў, 21 красавіка валанцёры правялі працы па добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол святыні, а рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ад 4 мая Андрэй Вантух быў прызначаны навуковым кіраўніком пры выкананні прац на помніку архітэктуры. Акрамя таго, на свой ліст у Барысаўскі райвыканкам 21 мая Астаповіч атрымаў адказ. Чыноўнікі запрасілі прадстаўнікоў таварыства на абмеркаванне пытанняў распрацоўкі і зацвярджэння плана па захаванню Зембінскага касцёла.