Нацыянальная ідэя, а не нацыянальны ўспамін
Ідэі, выпрацаваныя ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі беларускай незалежнай дзяржавы як такой не існавала, патрабуюць мадэрнізацыі.
Гэты тэкст задумваўся як адказ на словы Зянона Пазняка пра тое, што «ў сучаснага пакалення замест крыві — вада ў жылах». Але ў працэсе роздуму пра тое, чаму колішні ідэйны лідар змог прыйсці да такіх несуцяшальных для сябе высноваў, з’явілася ўпэўненасць, што праблема — не ў моладзі, не ў сучасным пакаленні. Праблема ў тым, што ідэі, выпрацаваныя ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х, калі беларускай незалежнай дзяржавы як такой не існавала, патрабуюць мадэрнізацыі. Без якой страчваюць не толькі прывабнасць для маладых, але і простую жыццяздольнасць.
Частка тэзаў, якія выглядалі натуральна ў віленскіх кнайпах у 1989-м, цяпер набліжаюцца да паранаідальнага трызнення, іншыя проста мусяць быць перафармуляваныя з прыцэлам на ўкараненне нацыянальнага мыслення ў будучыні, якая праглядаецца з сёння (а не з учора). Напрыклад, лёгка было пагадзіцца з тым, што ў Мінску часоў перабудовы рэй вялі маскоўскія спецслужбы. Але я нізашто не паверу ў тое, што ФСБ мае хаця б якую прастору для не ўзгодненых з КДБ і Радай бяспекі ўласных дзеянняў на нашай тэрыторыі сёння. Беларусь — краіна з рэкорднай колькасцю сілавых выдаткаў у бюджэце, не верыце — параўнайце размеркаванне грошай на адукацыю, культуру і медыцыну разам узятых з фінансаваннем тых, хто займаецца забеспячэннем стабільнасці. А пасля працягнем размову пра «гульні ФСБ» і «падпарадкаванасць Маскве». Гэтая мантра ператвараецца ў анекдот пасля шматлікіх кадравых аптымізацый. Прабачце, але Лукашэнка сустракаецца з Парашэнкам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — гэта таксама арганізавала ФСБ?
У пэўным сэнсе рэвізію складнікаў нацыянальнай ідэі ўжо пачаў Антон Лявіцкі ў сваім тэксце, які тычыцца ўзаемадачынення нацыянальнай ідэі і савецкай міфалогіі. Мой артыкул значыць далейшыя кірункі для аптымізацыі спосабаў думання Беларусі. Калі я пабачу чытацкі інтарэс да гэтай тэмы (ці неабходнасць удакладнення некаторых тэзаў), я разгарну некаторыя блокі дадзенага допісу ў асобныя эсэ.
Горад
Творы прадзедаў беларускай культуры, на якіх грунтуецца сённяшняя літаратурная мова, тэатр, жывапіс і музыка знітоўваюць Беларусь з вёскай. На вёсцы цягам стагоддзяў зберагаліся нашая мова, спевы, ткацтва і г. д. У вёсцы, як у багне, захлыналіся спробы паланізаваць ці русіфікаваць тутэйшых. Каланіяльная адміністрацыя заўсёды жыла ў камфорце вялікіх гарадоў і ў крывыя хаціны пад старымі грушамі не зазірала. Беларусь сціснулася да гэтых дамкоў.
Першая спроба вяртання горада мне чуецца ўжо ў дубаўцоўскім «Мова. Вёска. Вільня». Але тут ёсць дзве халеры. Першая: Вільню можна было называць апірышчам беларускай ідэі ў канцы 1980-х, калі туды можна было прыехаць на звычайным аўтобусе з Мінску, не робячы шэнгенскай візы. Сёння Вільня — сталіца суверэннай Літвы, і так будзе заўсёды. Памежны і мытны кантроль вельмі дапамагаюць ачуняць ад савецкіх сненняў.
Тыя, хто засяроджвае нацыянальную ідэю на радзівілаўскіх палацах, «доме пад балванамі» і шыльдачках з Тарашкевічам — жывуць ва ўчора, а не ў сёння. Такім чынам, з меншага: «мова, вёска, Мінск». Але другая халера тычыцца акурат вёскі. Справа ў тым, што вышэйзгаданая хаціна пад грушай канчаткова спарахнела. У вёсцы нічога не засталося. Нават пабудаванага за саветамі клуба. Прыпяцкія фермеры на святах адвісаюць на Зыбіцкай ці ірвуць клубы Варшавы. А 20 адсоткаў насельніцтва дзяржавы ўжо цяпер сканцэнтравалася ў Мінску і, калі прыгледзецца да планаў па ўвядзенні жылплошчы да 2020-га (і суаднесці гэтыя планы з дэмаграфічнай сітуацыяй), можна зразумець: неўзабаве ў сталіцы будуць жыць усе 30 адсоткаў. То маем: «мова, Мінск, Мінск». Да мовы мы яшчэ вернемся, пакуль толькі зафіксуем наступнае. Сёння культура вызначаецца не тым узорам, які ты носіш на вышыванцы. Жбаны, качэргі, іржавыя падковы мусяць заняць месца ў тэматычнай рэстарацыі. Для жыхара Каменнай Горкі Skarnik для Андроіда ці нарэшце зробленая беларуская клавіятура для айфона — значна больш каштоўныя артэфакты.
Мова
Калі я чытаю у Пазняка пра »дашчэнту зрусіфікаваны беларускі народ», у мяне ўзнікае пытанне: а што з гэтым рабіць далей? Бо вось маем як дадзенасць: незалежная краіна, насельніцтва якой не разумее мовы, якую ідэйныя лідары абвяшчаюць адзінай прымальнай. І ёсць адчуванне, што калі нехта з ідэйных лідараў ачоліць дзяржапарат заўтра, паслязаўтра з гэтым »дашчэнту зрусіфікаваным беларускім народам» пачнуць размаўляць толькі на мове, якой народ не разумее. Не зважаючы. Што непазбежна прывядзе да яшчэ аднаго 1994-га года і прыводу да ўлады таварышаў, здольных казаць так, каб было «панятна». Кола замкнецца. Прычым без усялякага ўплыву ФСБ. Я б зыходзіў з таго, што беларуская мова — наш асноўны культурны скарб, але пакуль трэба канстатаваць, што карыстацца ім напоўніцу мы не здольныя. І патрэбная руплівая дзяржаўная палітыка, скіраваная на адраджэнне мовы. Нешта кшталту курсаў «Мова нанова», але ў межах усёй адукацыйнай сістэмы. Да гэтага Беларусь застанецца двухмоўнай, як бы мне асабіста ні хацелася адваротнага.
Еднасць
Нацыянальным дэвізам Французскай Рэспублікі ёсць фраза «Egalité, Fraternité et Liberté». Паколькі яна пачаткуецца ў часы Французскай рэвалюцыі, сёй-той можа пачуць у гэтай фразе ўніверсальны слоган для любой свабоднай краіны. Буржуа — людзі, не звязаныя з наследнай арыстакратыяй, занятыя сваёй невялічкай справай і апантаныя ідэяй уплываць на шляхі, якімі ідзе дзяржава, пастулявалі найкаштоўнейшымі роўнасць («égalité») і свабоду («liberté»). Што да трэцяга слова ў трыумвіраце, пра яго трэба сказаць асобна. У ліпені я меў выступ перад слухачамі канферэнцыі маладых лідараў Заходняй Еўропы, пасля якога да мяне падышла дзяўчына, занятая ў зялёных ініцыятывах Францыі. У працэсе гутаркі мы наблізіліся акурат да гэтага загадкавага паняцця, «fraternité» (братэрства). Выявілася, што ў Францыі сёння няма еднасці ў тым, як тое мусіць разумецца. Некалі «братэрства» было азнакай блізкасці ўсіх, хто супрацьстаіць Бурбонам і «блакітнай крыві». Кравец — брат пекару, уладальніку кавярні, яны звязаныя паміж сабой сацыяльным радаводам. У сённяшняй Францыі «братэрства» — тое, што пачало знікаць праз няроўнасць прыбыткаў, заняткаў, паходжання. Наспявае час «новай арыстакратыі». У Беларусі fraternité не пашчасціла нават выспець. Мы цяпер не браты і сёстры, але раз’яднаныя ўдзельнікі гонкі ў розныя бакі. Мы мусім з’яднацца, бо мы беларусы.
Вера
Рэлігія — цудоўны інструмент выхавання маладых грамадзян у разуменні таго, што ёсць дабром і што ёсць злом. Іншай не акрэсленай таталітарызмам сістэмы агульнага маральнага выхавання чалавецтва пакуль не вынайшла. Нават савецкая ідэалогія фактычна капіявала ў сваёй метафізіцы агульныя месцы хрысціянства (і адказным за гэта быў вучань Тыфліскай духоўнай семінарыі, якога пазней сталі называць Іосіф Сталін). Але калі мы кажам пра веру як частку нацыянальнай ідэі — трэба зрабіцца вельмі асцярожнымі. Бо бездакорна тое працуе толькі з монаканфесійнымі краінамі. Калі польскі правы кажа пра веру — усе разумеюць, што маецца на ўвазе каталіцызм. Бо католікаў у Польшчы 86,9%. Што дакладна мае на ўвазе Пазняк, калі кажа пра веру? Беларусь — шматканфесійная краіна. Тут ёсць вернікі Рускай праваслаўнай царквы, але шмат католікаў і пратэстантаў. А ёсць яшчэ габрэі, мусульмане (з часоў Вітаўта). Дык якая дакладна з канфесій рэкрутуецца ў нацыятворныя? Ці ўсе? Але тады і ідэяў мусіць быць шмат. То прапаную пакінуць чалавека сам-насам з Богам.
«Народ» і «бізнес»
У тэкстах энтузіястаў беларускага адраджэння я ўвесь час бачу згадкі пра «народ». Гэта вельмі герцанаўская апеляцыя, якая нагадвае пра савецкую сімвалічную калыску.
«Народ» публіцыстам 1980-х бачыцца як цалкам свядомы суб’ект, якому трэба «даць» «незалежнасць», «мову», «веру», «вёску», «Вільню». Бо «народ» усяго гэтага «хоча». І, калі рэдкія рэальныя сустрэчы з «народам» высвятляюць, што «народ» насамрэч хоча спаць, есці і не плаціць падатак на дармаедства, узнікае кароткае замыканне. І версія пра ФСБ, што «звабіла» народ. І ў адказ усім здаровым сілам трэба сабрацца ў кола і спяваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Што чамусьці да абеларушвання «народа» ўсё роўна не прыводзіць.
Дык вось, паведамлю адну
таямніцу: народу пофіг. Народ, як гэта паказана вышэй у раздзеле пра мову,
мусіць быць аб’ектам нацыянальнай палітыкі, а не суб’ектам зменаў у ключы
КХП-БНФ.
У пошуку таго, на каго тут можна было б абаперціся, варта задацца адвечным
пытаннем: Cui
prodest? Каму карысна? Хто перамагае ад умацавання незалежнай
Беларусі, выспявання культуры, мовы, адрозных ад спадчыны зніклай імперыі? Над
адказам не трэба ламаць галаву. Проста азірніцеся вакол. Паглядзіце, які клас
стаўся рухавіком нацыятворчых працэсаў у іншых постсавецкіх краінах. Адказ
вельмі просты: дробны, сярэдні і буйны бізнес. Згаданыя вышэй буржуа.
Спалкаваўшыся ў пачуцці штучнага (а хто будзе жаліцца?) «братэрства» з
наменклатурай, яны пачалі бараніць сваю «паляну» ад «старэйшых» таварышаў з
розных бакоў. Якія б з асалодай не толькі кіравалі краінай, але і ўладарылі на
яе рынку па выключных правах выхадцаў з метраполіі. Нездарма ж самыя адданыя
чытачы беларускіх кніжак і наведнікі моўных курсаў — бізнесоўцы. Я вельмі люблю
тую запраўку, на якой да мяне ўвесь час звяртаюцца на ідэальнай роднай мове.
Улік усіх пазначаных вышэй нюансаў дазволіць пазбавіць нацыянальную ідэю змарнаваных адгалінаванняў. Сітуацыя, калі «СБ» праводзіць круглыя сталы пра беларускую мову (хай сабе сутаргава не запрашаючы беларускіх пісьменнікаў і іншых людзей, якім дакладна ёсць што сказаць), а «Белая Русь» ладзіць суботнікі ў Курапатах — прыкмета часу, калі ўсё, што падавалася мроямі, пачало ўвасабляцца ў рэчаіснасці. Далей будзе толькі лепей. Калі не хадзіць па граблях.
Віктар Марціновіч, budzma.by