«Афіцыянтак цяжка знайсці». Як працуе беларускамоўная кавярня ў Магілёве
Каб завабіць кліентаў, афармлення кавярні па-беларуску ўжо недастаткова.
Адзіная ў Магілёве кавярня, якая абслугоўвае наведнікаў па-беларуску, падводзіць вынікі першых двух месяцаў працы. Гаспадары страўні «Шпаркі лось» запэўніваюць, што не расчараваліся ў беларускай мове як рэсурсе заваблівання кліентаў, і прычынаў для закрыцця ў іх няма.
Днямі кавярня распачала дабрачынную акцыю збору рэчаў для аднаго з прытулкаў гораду. Разлічваюць, што да новага года разам з магілёўцамі назбіраюць падарункаў дзятве, якая часова засталася без бацькоў.
Цяжка знайсці афіцыянтак, якія валодаюць беларускай мовай
Адна з уладальніц кавярні грамадзянка Літвы Даля Аніскова. Яна выйшла замуж за беларуса і наважылася пераехаць да яго на радзіму. Даля вучыць беларускую мову і разам з іншымі ўладальнікамі кавярні спрабуе яе папулярызаваць. Сцвярджае, што за два месяцы бізнес на беларускай мове яе не расчараваў, хоць праблемы ёсць.
«Пакуль можна казаць, што такі бізнес прыносіць невялікі, але прыбытак, бо шмат людзей прыходзіць у кавярню. Многія з іх беларускамоўныя, — гаворыць Даля. — Можна казаць, што ў нас ёсць свая публіка, аднак чамусьці вялікая праблема знайсці персанал, які гаворыць па-беларуску. Тым, хто ў нас працуе, даводзіцца час ад часу нагадваць пра беларускамоўную адметнасць кавярні. Афіцыянтак, зразумела, трошку падвучылі нескладаным фразам, каб яны імі сустракалі кліентаў».
Зʼязджаць з Беларусі Даля не думае.
Кажа, што яе ў Магілёве трымае муж, кавярня «Шпаркі лось» ды жаданне вывучыць
як след беларускую мову.
«Проста так я не здамся…» — заяўляе яна.
Беларуская мова ў кавярнях пакуль экзотыка
У кавярні запэўніваюць, што непаразуменняў з кліентамі праз беларускую мову за два месяцы не было.
«Я б сказаў, што наагул негатыву праз беларускамоўнае абслугоўванне няма, — кажа яшчэ адзін саўладальнік кавярні Вадзім Бабкоў. — Бываюць моманты, калі наведвальнік, пачуўшы беларускую мову, разгубіўся, бо, да жалю, беларуская мова ў магілёўскіх кавярнях экзотыка. Бываюць кліенты, якія просяць, каб з імі гаварылі па-руску. І тут, што паробіш, такая наша рэчаіснасць».
Каб у Магілёве стала болей беларускамоўных кавярняў, лічыць Вадзім, патрэбна больш пазітыўных прыкладаў. На ягоную думку, калі зʼявіцца яшчэ адна кавярня з беларускай мовай абслугоўвання, то рэакцыя на яе будзе больш жывейшай.
«Бізнесоўцы, — разважае ён, — зробяць выснову, што беларуская мова ўсё ж прыбытковая».
«Каб завабіць кліентаў, — працягвае ён, — афармлення кавярні па-беларуску ўжо недастаткова. Такі «механічны» крок ужо мала каго дзівіць, але і гэта добра, што робіцца. Аднак усё роўна патрэбныя дзеянні, глыбейшыя за афармленне. Калі мы будзем працаваць доўга і паспяхова, то наша кавярня стане прыкладам для іншых…».
Вучымся быць сацыяльна адказнымі
Два месяцы таму уладальнікі кавярні адвезлі гадаванцам аднаго з мясцовых прытулкаў фірмовыя прысмакі.
«Калі мы пачалі сваю працу з дабрачыннасці, дык выглядае лагічным, што такую дзейнасць варта працягваць», — адзначае Даля Аніськова.
«Такая дзейнасць важная і для тых,
хто мае патрэбу ў знаках увагі, і для нас таксама, бо прывучае быць адказнымі,
няхай за такую, здаецца, невялікаю справу, як дапамога дзецям з прытулку, —
кажа Даля. — У нас нарадзілася ідэя зрабіць да Новага году падарункі дзятве з
прытулку. Мы, аднак, хочам, каб наша акцыя стала супольнай. Каб у ёй
удзельнічалі і іншыя людзі».
Кош для ахвяраванняў у кавярні выстаўлены навідавоку. На дошцы абвестка пра акцыю і яе назва «Дзед Мароз у кожным з нас». Ініцыятары дабрачыннай акцыі кажуць, што, паводле іх звестак, прытулак мае патрэбу ў сродках гігіены, цацках, вопратцы. Па выніках акцыі будзе зробленая справаздача, запэўніваюць яе ініцыятары.
Паколькі ўладальнікі кавярні не праводзілі раней падобных дабрачынных акцыяў, то не бяруцца казаць, ці актыўнымі будуць гараджане ў зборы рэчаў для прытулку.
«Будзем пераконваць сваіх партнёраў
падтрымаць нашу ініцыятыву, — кажа Даля Аніскова. — Але пакуль не гатовая
казаць, ці адгукнуцца яны. Як скончыцца акцыя, тады буду рабіць высновы».