Напярэдадні Дня Волі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Уладзімера Някляева “Лісты да Волі”
17 сакавіка, за тыдзень да Дня Волі, у Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Уладзімера Някляева “Лісты да Волі, выдадзенай Беларускім інфармацыйным цэнтрам ў Вільні напрыканцы мінулага года.
17 сакавіка, за тыдзень да Дня Волі, у Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Уладзімера Някляева “Лісты да Волі, выдадзенай Беларускім інфармацыйным цэнтрам ў Вільні напрыканцы мінулага года.
У гэтым невялікім 82-старонкавым выданні, прысвечаным жонцы паэта Вользе Някляевай і надрукаваным у фармаце тонкага агульнага сшытка, шмат сімвалічнага. Старонкі ў клетку і партрэты аўтара на чорным фоне асацыююцца з вязніцай, бел-чырвона-белыя колеры вокладкі — з нацыянальным беларускім сцягам, а пазнака на форзацы пра тое, што кніга падпісана ў друк 19 снежня 2010 года, нагадвае пра трагічныя падзеі 19 снежня 2010 года на сталічнай плошчы Незалежнасці.
Але кніга напісаная пасля гэтых падзей. Выданне складаецца з чатырох частак: прадмовы “Вершы і турма, цыклу з 30 вершаў “Лісты да Волі. Вершы Вользе Някляевай, 29 з якіх напісаныя з 1 па 29 студзеня 2011 года за кратамі ўнутранай турмы КДБ “Амерыканкі, а апошні — 1 лютага 2011 года падчас хатняга арышту паэта. Трэцяя частка кнігі — паэма “Турма напісаная Няклевым падчас зняволення ва ўнутранай турме КДБ з 25 па 31 снежня 2010 года, а чацвёртая — апошняе слова на судзе: “Я не прыму аніякага прысуду, апроч апраўдання! —прамоўлена аўтарам 18 траўня 2011 года.
У прадмове аўтар узгадвае страшныя гадзіны вечара 19 снежня 20010 года, калі на яго — кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь напалі людзі ў чорным, ледзь не забілі, а пасля ўночы невядомыя ў чорным выкралі яго голага з палаты рэанімацыі шпіталю і прывезлі ў сумна вядомую “Амерыканку, дзе ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя энкаведзістамі больш за 100 вядомых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 беларускія паэты. Скалечаны, фізічна паэт “пачуваўся горш, чым кепска — не было дзе энергію ўзяць, каб аддаць. І я не пісаў нічога, нават не спрабаваў пісаць. Але калі калядным вечарам 25 снежня ў прыбіральні на газетным абрыўку Някляеў прачытаў “Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко, вязень “зноў адчуў неверагодную моц жыцця, якая вулканічна можа вырвацца з самай, здавалася б, слабой, але яшчэ не сканалай клетачкі; успамінаў тых, каго любіў, люблю, хто любіў і любіць мяне — і ўдзячна за іх маліўся; у кругласуткава бляклым мігценні лямпачкі, якая, здавалася, ніколі не гарэла, але і не гасла ніколі, з’явіліся ў паўзмроку камеры Турма разам з Воляй.
У апошнім слове на судзе Някляеў выказаў удзячнасць беларусам, якія 19 снежня выйшлі на Плошчу — і захавалі годнасць нацыі, а таксама заявіў: “Нацыю час ратаваць. Да пагрозы
знікнення мовы і культуры дадалася пагроза абрушэння эканомікі, а праз тое — пагроза страты незалежнасці. Неабходныя неадкладныя дзеянні, каб гэтага пазбегнуць.
Найгоршае з усяго, што ў такой сітуацыі можна зрабіць — шукаць вінаватых. Паглыбляць раскол грамадства. А менавіта гэтым праз паказальныя суда над сваімі палітычнымі апанентамі якраз і
займаецца ўлада.
Я прапаную іншае. Улада адмаўляецца ад рэпрэсій — мы адмаўляемся ад неадкладнага патрабавання новых прэзідэнцкіх выбараў. Вызваляюцца ўсе палітычныя зняволеныя — і з удзелам прадстаўнікоў улады і ўсіх апазіцыйных партый, рухаў, аб’яднанняў ствараецца Камітэт нацыянальнага выратавання. Самастойна ўлада выправіць сітуацыю няздольная. Яна рухне разам з абвалам эканомікі, але нельга дапусціць, каб пад яе абломкамі была пахаваная незалежная Беларусь.
Напрыканцы прэзентацыі яе ўдзельнікам Уладзімер Някляеў падараваў сваю новую кнігу з дарчымі надпісамі.