Нашчадак Ягайлы жыве ў Рызе

Ён «сочыць за лёсам колішніх народаў Кароны» і «калі што, гатовы дапамагчы». А мы гатовыя паслухаць аўгусцейшую, як ён сцвярджае, асобу. Мы размаўлялі ў Вільні, у гатэлі «Плаза». Мой суразмоўца — меркаваны нашчадак Ягайлы, на сёння паспаліты грамадзянін Латвіі — тлумачыць гістарычныя калізіі і сучасную стратэгію свайго жыцця.



33235e3d066bad95b6eea457826f7507.JPG

Ён «сочыць за лёсам колішніх народаў Кароны» і «калі што, гатовы дапамагчы». А мы гатовыя паслухаць аўгусцейшую, як ён сцвярджае, асобу. Мы размаўлялі ў Вільні, у гатэлі «Плаза». Мой суразмоўца — меркаваны нашчадак Ягайлы, на сёння паспаліты грамадзянін Латвіі — тлумачыць гістарычныя калізіі і сучасную стратэгію свайго жыцця.
— Завуць мяне Марыс. Маё пашпартнае прозвішча цяпер іншае, але гістарычна я насамрэч Ягелон, нашчадак Ягайлы. Цікаўлюся ўсімі рэгіёнамі, якія колісь утваралі Рэч Паспалітую, як жыве народ у той краіне, у іншай… Так бы мовіць, не губляю каранёў, адчування… Не маю за мэту атрымаць з гэтага нейкую выгаду, але вось калі змагу чым-небудзь дапамагчы — дык дапамагу.
Марыс кажа, што спадкаемца караля Ягайлы па мацярынскай лініі. Прозвішча караля да свайго пашпартнага «Янсанс» дапісваць не стаў: «зашмат валакіты». Яшчэ адным доказам свайго «аўгусцейшага» паходжання спадар Янсанс лічыць знешняе падабенства з манархамі.
— Да 1800-х гадоў у маёй галіне ўсталёўваліся радзінныя сувязі паміж братамі і сёстрамі ў другім і трэцім калене. У ХІХ стагоддзі наступіў пэўны крызіс, — Марыс мае на ўвазе адыход ад дынастычных шлюбаў. — Калі я пастаўлю побач фатаграфіі свайго бацькі, бацькавых братоў і фатаграфію Ота Габсбурга — вельмі падобныя.
Ягелон з Рыгі выступае за базавыя каштоўнасці — сям’ю, зямлю, старажытнабалцкія і старажытнаславянскія традыцыі. Гаспадары на сваёй зямлі не дапусцяць крыміналу, экалагічных катастроф, кажа ён. Што да ролі караля, меркаваны нашчадак Ягайлы супраць перайманняў.
— Не думаю, што трэба каго-небудзь капіяваць. Атрымліваецца, што кароль — гэта ў нейкай меры народны клерк, які падпарадкоўваецца волі народа. Гэта вялікая адказнасць, і гэта «жыццё пад лупай», лічыць нашчадак.
Таму спадар Янсанс-Ягайла, не збыт вагаючыся, кажа пра свой цяперашні сямейны статус: 48-гадовы свабодны бацька трох дзяцей. Ад першага шлюбу — дзве дачкі. Ад другога, цывільнага шлюбу — 12-гадовы сын, з якім ён жыве ва ўласнай кватэры блочнага дома. Каб забяспечыць сына і сябе, даводзіцца працаваць.
— Калісьці быў інжынерам-сувязістам, потым нейкі час працаваў на мытні. Добрыя засталіся ўражанні. Гандлем займаўся. Цяпер абслугоўваю нерухомасць. Сын ходзіць у звычайную школу па суседству з домам. Агульныя хобі — гэта крыху рыбалка і крыху спорт. Лучаць і замежныя мовы, — распавядае Марыс. — Лічу, што ў кожнай дзяржавы павінна быць свая мова. У беларусаў — беларуская, у Літве — літоўская, у Латвіі — латышская, у Польшчы — польская, у Малдове — малдаўская, ва Украіне — украінская. Галоўнае, каб дзяржавы адна адну падтрымлівалі.
Спадар Янсанс-Ягайла быў запрошаным госцем партыі «Tautininku Sajungos» («Звяз літоўскіх народнікаў»). На з’ездзе ў Вільні казаў пра перспектыву латвійска-літоўскай федэрацыі.
— Цяпер гучаць галасы супраць купнай пабудовы трох атамных станцый: Вісагінскай у Літве, Астравецкай у Беларусі ды Балтыйскай у Калінінградскай вобласці. Непакоіць будаўніцтва АЭС ды могільніка радыеактыўных адходаў у Фінляндыі. Ёсць і іншае… Адсочваю сітуацыю, — кажа Марыс Янсанс-Ягайла.