«Наша гісторыя»: сэкс будзе

У кнігарні «Акадэмкніга» прайшла сустрэча з аўтарамі новага часопіса «Наша гісторыя». Падобнага ажыятажу вакол друкаванага выдання не было 25 год.

nn.by

nn.by

Асабіста я апошні раз бачыў чаргу за друкаванымі СМІ напэўна на пачатку 90-ых. Тады на Якуба Коласа працавала кропка, дзе прадавалі скандальнае выданне «Спид-инфо». Тую кропку стала штурмавалі эратаманы, пакуль Мінгарсавет прыблізна ў 95-ым не забараніў продаж згаданага СМІ.
Давялося чакаць амаль 25 год, каб зноў пабачыць падобны ажыятаж. На гэты раз 4 верасня 2018 года салідная чарга стаяла ў краме «Акадэмкніга», каб набыць выданне «Наша гісторыя». Прычым некаторыя трымалі ў руках адразу па 5—7 асобнікаў. «Замовілі сябры з правінцыі», — тлумачылі пакупнікі. Хапала ў чарзе і сведкаў таго, як хутка знікаюць часопісы ў кіёсках. Пазней арганізатары мерапрыемства прызналіся, што баяліся зрыву імпрэзы праз недахоп асобнікаў, наклад якіх склаў каля 6500 экзэмпляраў.  

img_20180904_181055_logo.jpg

Пакуль чарга трывала, на другім баку крамы «Акадэмкніга» пачалася анансаваная аўтограф-сесія. Імпрэзу адкрыла прадстаўніца кнігарні, якая падзяквала рэдакцыі за супрацоўніцтва. Пасля слова далі Андрэю Дынько – галоўнаму рэдактару «Нашай гісторыі». Сп. Дынько распавёў, адкуль узялася ідэя праекта (поспех падобных выданняў на Захадзе), пазнаёміў з рэдакцыйным калектывам, падзяліўся планамі. Так, ужо 22-га верасня выйдзе другі нумар НГ, які будзе прысвечаны Кастусю Каліноўскаму.
 Цікава, што паспяховы start-up не пераканаў частку аўдыторыі. Сярод наведвальнікаў імпрэзы былі тыя, хто прагназаваў хуткую трансфармацыю НГ ў жоўтае выданне. Іншыя, наадварот, віталі нараджэнне праекту як дамбу на шляху навалы «русского мира». З іншага боку, і першых, і другіх памірыла ідэя пра тое, што «Наша гісторыя», магчыма, верне ў Беларусь культуру чытання друкаваных тэкстаў.  

img_20180904_181023_logo.jpg

Аўтограф-сесія вылілся ў сапраўдны хаос, паколькі ўсе журналісты ламануліся наперад да імправізаванай сцэны. Бенефіцыярам вадавароту людскіх патокаў аказалася аўтарка змешчанага ў НГ коміксу для дзяцей. Яна выпадкова заняла месца паміж журналістамі і публікай. Сярод іншага, мастачка прыватна прызналася, што ў наступным нумары НГ з’явіцца супергерой Вітаўт.  
Увогуле, наяўнасць у гістарычным часопісе дзіцячай секцыі — нешта новае. У тым ліку праз тое, што сучасныя гісторыкі актыўна цікавяцца гендарнымі аспектамі гістарычнага працэсу. Як можа сумясціць у адным выданні дзіцячую старонку і, напрыклад, публікацыі пра сэксуальных маньякаў або гомасэксуалістаў?  
Менавіта пра гэта давялося спытаць рэдактара НГ. Сп.Дынко паабяцаў, што новае выданне будзе ў трэндзе сучасных гістарычных даследванняў. Бацькі, па яго словах, знойдуць спосаб, каб іх дзеці не пазнаёміліся з надрукаванымі ў НГ фрывольнымі тэкстамі і ілюстрацыямі..